Цікава, што бізнес гэты ніколі не затухаў, нягледзячы ні на якія палітычныя расклады. Усім хочацца свае прыродныя рэсурсы пакінуць нечапанымі, а карыстацца чужымі.
Дзейнічала кампанія дзе афіцыйна, дзе неафіцыйна, дзе па-беламу, дзе па-чорнаму; у адным месцы яе філіялы ўзнікалі, у другім цярпелі крах, штат супрацоўнікаў бесперапынна абнаўляўся: хто на павышэнне, хто на паніжэнне, хто проста знікаў і неўзабаве аб'яўляўся ў Лондане або ў месцах не надта аддаленых,— і толькі для акцыянера і адначасова супрацоўніка кампаніі Леаніда Літава ўсё было як з гусі вада. Ён як звязаў свой лёс з лесам адразу пасля ВНУ ў роднай Вятцы, калі яму было 23 гады і калі кампанія яшчэ называлася «Кіраў-Лес», так і заставаўся нязменным. Якія б вакол ні адбываліся катаклізмы, яны абміналі яго бокам. Ляснуў «Кіраў-Лес» — Літаў выплыў чамусьці ў Таліне, у кампаніі «Еўраэкспалес». Там усё паўтарылася, і ён, як грыб з-пад зямлі, вырас у Калінінградзе, потым у Беластоку, а затым яго пачало кідаць па ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, як тэнісны мячык.
І куды б яго ні закідвала, перш наперш ён пачынаў ужывацца ў мясцовы побыт.
«Мой абавязак, калі хочаце, доўг,— заяўляў ён,— прыняць культуру і вучыць мову краіны, якая мяне прытуліла».
Праўда, намеры так і заставаліся намерамі. Пры ўсім жаданні зрабіць гэта проста фізічна было немагчыма — хаця б таму, што ён нідзе не затрымліваўся больш за два гады. Зрэшты, ён мала з-за гэтага перажываў. Энергічны, хуткі на пад'ём, ён лёгка зрываўся з аднаго месца і пералятаў на другое. Камунікабельны, таварыскі, хутка сыходзіўся з новымі людзьмі; акрамя ўсяго меў надта шчодры на любоў характар, быў жанаты чатыры разы, яшчэ тры засталося да «Сіняй Барады», як ён сам жартаваў. Праўда, зараз жа бажыўся, што сваёй Ірмы, апошняй жонкі, дачкі дзвінскага латгальца і латышкі, ён ні на кога не прамяняе. Сышліся яны, калі лёс закінуў яго ў Венцпілс (дзе зноў казаў Леанід Літаў: «мой абвязак прыняць культуру краіны, якая мяне прытуліла»), у кампанію «Балтлес». А калі там усё паўтарылася, зноў пачаліся цёмныя справы, Літаў — замест Лондана ці гасціннай балтыйскай турмы — апынуўся разам з жонкаю і з малымі дзецьмі ў ліпені месяцы 2013 года ў Крыме, супрацоўнікам кампаніі «Укркрымбудлес».
Няцяжка было здагадацца, што нехта аберагае яго, вядзе па жыцці. Але ніхто, у тым ліку і ніводная з жонак, не ведалі, хто менавіта. Сам Літаў трымаў на гэты конт магільнае маўчанне. Сяброў у яго не было, а знаёмым ён ні п'яны, ні цвярозы ні разу не прагаварыўся. Можа, яму хацелася, каб думалі, што яму проста шанцуе, што ён сам дабіваецца ўсяго ўласным талентам і розумам. На асабліва дакучлівыя роспыты знаёмых: «ну прызнайся, які ў цябе блат?» — ён адказваў жартам:
«У мяне не блат, а сястла».
І казаў няпраўду, бо быў менавіта брат. Праўда, зводны — адна маці, розныя бацькі, таму і прозвішчы мелі розныя. Брат быў на тры гады маладзейшы за Літава, але кар'еру іх нельга было і параўноўваць. Літаў пасля сваіх пературбацый хоць і выходзіў сухім з вады, заставаўся цэлы, але і ўгару не йшоў, а як бы закансерваваўся, застыў на месцы звычайнага аўдытара. А гэты зводны малодшы брат даўно сядзеў у Маскве, насіў на лацкане трыкалор РФ і меў такую ўладу, што Літаву і не снілася. Калі Літаў аднойчы нясмела спытаў, ці ёсць у яго свае яхты, самалёты і верталёты, ён толькі іранічна гмыкнуў: верталёты і яхты, якая драбяза.
Чамусьці так склалася, што яшчэ з дзяцінства старэйшы Літаў заўсёды ва ўсім падпарадкоўваўся малодшаму, прывык выконваць яго волю, і ўжо тым больш пазней, калі брат імкліва пайшоў угару.
Адносіны паміж імі былі дзіўныя. Літаў амаль нічога не ведаў пра яго асабістае жыццё. Брат быў жанаты, але Літаў у вочы не бачыў яго жонкі. Брат ніколі не запрашаў яго да сябе ў Маскву і сам ні разу не прыехаў да Літава на яго часовыя стаянкі. Звычайна яны трымалі сувязь па тэлефоне ці па скайпе. І калі брат абзываўся, Літаў імгненна настройваў сябе на патрэбную хвалю: залішняй вінаватасці, перабольшанай пакорлівасці, празмернай павагі. Малодшы не прамінаў ніводнага выпадку, каб не нагадаць старэйшаму, што той ад яго ва ўсім залежыць.
— Зайздрошчу я табе,— казаў ён.— Хай бы мяне хто засланіў такой спінаю. Што б ты рабіў без мяне? — а заканчваў заўсёды аднолькава, як падводзіў рысу: — Пасада і вышнія эшалоны ўлады прывучылі мяне не верыць людзям. Не трэба, каб ведалі, што мы радня. Пачнуць цікавіцца табою, выйдуць на мяне, а мае магчымасці не бязмежныя. Усе толькі і чакаюць, каб наляцець і разарваць. Ад іх не схаваешся, яны нічога не даруюць!