Выбрать главу

— Так. Ён вас слухае.

— Гэта... Алена!

— Лена?

— Міхайлоўская!

Ён успомніў імгненна — далёкую вясну, выступленне ў нейкім паліграфічным каледжы, ці тады яшчэ тэхнікуме, цэлую актавую залу студэнтак-завочніц, і сярод іх адна, белая, поўненькая, з блізарукімі добрымі вачамі, не так прыгожая, як абаяльная, на якую ён увесь час любаваўся; ён і сам быў тады малады, адносна, канечне, трыццаць гадоў роўна. Пасля выступлення падпісаў ёй кнігу, пазнаёміліся і пайшлі гуляць па вячэрнім, нагрэтым за дзень горадзе. Яна аказалася смяшлівай, без комплексаў, жартавала, што калі яны пажэняцца, яна возьме падвойнае прозвішча: як прыгожа будзе гучаць — Алена Рак-Міхайлоўская. А яму было не да жартаў. Ён крыху пабойваўся яе, такой маладой, а калі яна прызналася, што замужам («за чалавекам, якога не кахаю»,— хутка дадала яна), і не пражыла з му­жам і года, першая думка была ўвогуле ад яе адвязацца. У той жа час ён разумеў, што надта спрыяльны момант, гэтая сустрэча, і каб пасля не давялося шкадаваць пра нявыкарыстаны шанц. А з іншага боку, яму не было куды яе весці. У трыццаць гадоў ён не меў кватэры, усё абяцалі, маўляў, дом на падыходзе, ды ўсё адкладвалі, і ён пакуль туліўся ў жанатага сябра. Між тым цямнела, загарэліся ліхтары, ён ліхаманкава думаў, як быць, але яна сама праявіла ініцыятыву — проста ўзяла яго за руку і павяла ў парк, дзе было на дзіва нешматлюдна, і там, у глухім кутку, куды не даставала святло ліхтара, яны адшукалі закрытую кустоўем лавачку, засыпаную чаромхавымі пялёсткамі (самога дрэва нідзе не было відаць), на якую прыселі, схаваліся, затаіліся, як школьнікі; як тады пахла чаромхай! якія цёплыя былі ў яе вусны! якое падатлівае, гарачае, маладое цела! — і неяк само сабой адбылося тое, што потым стала адным з самых светлых успамінаў у яго жыцці. Ён напісаў пра гэта верш, «Чаромхавы чад», паставіў у канцы дату, год, дзень, нават прыблізны час; верш неаднойчы перавыдаваўся ў зборніках, і кожны раз, праглядаючы яго, Рак згадваў сімпатычную Міхайлоўскую, усё чакаў, калі яна абзавецца (так яны дамовіліся — яна яго будзе шукаць, а не наадварот), чакаў пісьмаў і званкоў, а іх не было, яна знікла без следу і без знаку.

— Дык вы помніце мяне?

— Яшчэ як помню,— сказаў ён, зірнуўшы на кніжныя паліцы.— Дзе ж ты была столькі часу?

— А вы дзе былі? Як можна... мы правінцыялы ...куды нам... баялася парушыць... вы такі славуты...

— Дзе ты цяпер?

— Усё там! Жыву. Працую! — гучна гаварыла, амаль крычала Міхайлоўская. У трубцы нешта патрэсквала, папісквала.— Замуж вось выходжу!.. Дачка... амаль дарослая... клас!..

З-за кепскай сувязі яму пачулася не «клас», а ў «нас» — «дачка дарослая ў нас». Ён так усхваляваўся, што раптам стала горача вушам; і ўжо тым больш прапусціў пра замужжа. Не кожны дзень і не кожнаму мужчыну ў жыцці даводзіцца чуць падобнае.

— Колькі гадоў?

— Што?

— Колькі ёй гадоў? — закрычаў і ён.

— Сямнаццаць!

Ад хвалявання ў яго адбыўся нейкі збой у памяці. Ён падышоў да кніжнай паліцы (сонца сядала, апошні водбліск яго затрымаўся на шкле расчыненых балконных дзвярэй, і на імгненне Рак, як у люстэрку, убачыў там свой адбітак: падстрыжаная галава з кароткай чупрынкай, твар, знаёмы да кожнай зморшчынкі, кожнай радзімкі, зрэшты, даволі сімпатычны, калі б не вочы: пукатыя, як у рака, заўсёды здзіўленыя, а цяпер яшчэ і ўстрывожаныя). Кніжкі пасыпаліся долу. Ён пацягнуўся да верхняй паліцы, дзе стаялі некалькі новых зборнікаў з «Чаромхавым чадам» і дзе яшчэ вышэй, на самым ражку, вісеў на шаўковай нітцы, прадзетай у дзірачку, звычайны жэтон на метро цёмна-чырвонага колеру, прыціснуў плячом трубку, каб вольнымі былі дзве рукі, выкалупнуў кніжку, адгарнуў старонку з вершам, паглядзеў на дату, дадаў дзевяць. І адразу на душы стала абыякава. Які танны шантаж. Навошта ж так.

— А павінна быць васямнаццаць,— глуха сказаў ён у трубку.

— Чаму?

— Калі, як ты сцвярджаеш, гэта наша дачка...

І прыкусіў язык. Толькі цяпер дайшло, што ён двойчы за хвіліну ўмудрыўся даць маху. Яна зразумела яго.

— Так, — сказала яна ціха.— Усё правільна. Нашай было б васямнаццаць... магло быць.

Ён ветліва-халодным, амаль афіцыйным тонам папрасіў прабачэння за кепскую сувязь і далей слухаў, не перабіваючы. Даведаўся ён, што яна па-ранейшаму працуе ў раёнцы тэхрэдам, была замужам, развялася, муж-раўнівец кінуў яе з малой, дачку гадавала адна, і вось яна вырасла, скончыла школу, ледзь хапіла балаў на журфак, але там яшчэ ўнутраныя экзамены і творчы конкурс у два этапы: сачыненне і «дэманстрацыя навыкаў рэдагавання тэксту», як выказалася Міхайлоўская.

— Ад гэтага будзе залежаць, на бюджэт ці на платнае. Або ўвогуле на філфак. І ну зусім няма каму памагчы!