Выбрать главу

— Бедны вы,— шчыра шкадавала яна, не бачачы ў гэ­тай гісторы ні пошласці, ні анекдатычнасці, і легкадумна не праводзячы паралеляў з першым мужам.

— Затое мой крах на сямейным фронце і няўдачы на кар'ернай лесвіцы,— жаваў ён мачалку,— зрабілі з мяне філосафа. Мяне сапраўды пацягнула да адзіноты, да лесу, ці не так?

Ён пачаў бываць у яе ў гасцях. Абедаў, вячэраў. З'явіліся баршчы і адпрасаваныя і адбеленыя храбусткія кашулі. Часта затрымліваўся каля кніжнай паліцы, прачытваў адзін-два абзацы; загортваючы кнігу, казаў з уздыхам: «Усё гэта чыстая праўда. Так і ёсць у жыцці».

— Чытаю я, канечне, менш, чым нашая прыўкрасная Лю, але стараюся не адстаць. Мне няма розніцы што чытаць, навуковую літаратуру, вершы, прозу, абы жыццё героя ў кнізе было падобнае на маё. А аўтараў не запамінаю ніколі. Якая розніца, хто аўтар, праўда?

Яна была б зусім шчаслівая, каб не дзве праблемкі. Першая — што фармальна яна замужам. Гэта ўвесь час нявыцягнутай стрэмкай вярэдзіла душу. Яна не ведала, як пра такое сказаць, і ці трэба казаць. Першы муж так выматаў яе, што цяпер яна баялася наступіць на тыя самыя граблі. Яна разумела, што другога разу проста не вытрымае. Але і цягнуць да апошняга, да таго, напрыжлад моманту, калі Асавец зробіць прапанову, было і непрыгожа, і небяспечна. Атрымаецца, што яна проста паставіць каханага чалавека перад фактам. Трэба рабіць гэта раней. І яна адважылася. Стаяла бабіна лета. Цвілі па другім разе каштаны. З сумнай усмешкай, якая азначала: усё магло б быць цудоўна, каб не...— яна расказала пра Каралёва, паказала яго адзінае пісьмо.

— Не забывайце, хто я, дзе я працаваў,— выслухаўшы, не зводзячы з яе вачэй, сказаў Асавец.— Гэта такая драбяза, што і гаварыць не варта. У мяне ёсць знаёмы, акурат па гэтай лініі.— Адразу ж пры ёй дазваніўся, патлумачыў у трубку: — Жанчына хоча замуж за прыстойнага чала­века, а пячатка ў пашпарце гэтаму перашкаджае. Той? — той алкаголік знік кудысьці. Так-так, так-так.

Пагаварыўшы, з задаволенай усмешкай (мужчына ўзяўся за справу — мужчына выканаў) расклаў усё па пунк­тах. Першае — падаць у суд заяву аб разводзе, месцам пражывання адказчыка назваць свой адрас, туды ж суд будзе слаць павесткі, «распітацеся за яго ў павестках, а суд вынесе вердыкт у адсутнасць адказчыжа».

— І ніякіх сведкаў, толькі вы і суддзя. Затым ідзеце ў ЗАГС і атрымліваеце пасведчанне аб разводзе.

— І ўсё? — спытала яна, не верачы, як за пяць хвілін можна вырашыць тое, што здавалася ёй невырашальным, на што яна не магла адважыцца трынаццаць гадоў.— А калі ён вернецца?

— Ён вернецца не да роднай жонкі, а да чужой. Ці не так?

Аднак для перастрахоўкі, каб нішто не нашкодзіла іх будучаму шчасцю, яшчэ параіўся з сябрам-юрыстам, мала таго, нават прывёз яго сюды, у мястэчка, і той, сумленны, уедлівы чалавек, грунтоўна ўваходзіў у курс справы, доўга, падрабязна распытваў Лену, калупаўся ў дакументах, усё ўдакладняючы, і нарэшце даў цвёрдую гарантыю, што непрыемных сюрпрызаў не будзе ні ў якім выпадку. Заставалася яшчэ праблемка: што рабіць з Лю? Дачка чамусьці адразу незалюбіла Асаўца. Як толькі ён заяўляўся, яна моўчкі апраналася і выходзіла. Акрамя таго Лю, сама таго не жадаючы, з'яўлялася перашкодай да афіцыйнага заключэння шлюбу. Пакуль яна тут, ні Лена да Асаўца не магла перайсці, ні Асавец да яе.

— Я ведаю, чым такое сумеснае жыццё канчаецца,— сказаў ён з уласцівай яму праматою, калі ў чарговы раз прыйшоў у госці.— Я прытрымліваюся той думкі, што не павінна дзяўчынка-падлетак жыць разам з дарослым мужчынам.

Лена сядзела за сталом, ён стаяў каля кніжных паліц. Дзверы ў даччын пакой былі расчынены; відзён быў за­сланы пледам край канапы з кінутымі на яе джынсамі, каля канапы стаялі, міла касалапячы (насы разам, пяты асобна), красоўкі, побач валялася на падлозе чамусьці толькі адна беленькая шкарпэтачка.

— !ншы прыхаваў бы, гэта факт. Але я не з такіх. У мяне прынцыпы. Калі яна такая, як вынікае з вашых слоў, з такімі звычкамі, схільнасцямі, паводзінамі (раней Лена неасцярожна расказала яму пра ельскага сябра і двухтыднёвыя прыгоды дачкі) — дык што, калі, дапусцім, яна ў мяне закахаецца? Я сябе ведаю, я не паддамся спакусе (казаў усё роўна наадварот, чым Літаву). А вось за яе... Калі яна пачне са мной фліртаваць — мне давядзецца раска­зачь вам. Вы наўрад ці адчуеце да яе прыхільнасць. Дык навошта выпрабоўваць лёс?

Яго шчырасць абяззбройвала. Лена, у думках з ім цал­кам згаджаючыся, усё ж паспрабавала абараніць дачку, пачала пераконваць, што то быў пераломны ўзрост, які яна даўно перарасла.