— Клапатлівы ты мой,— здзекліва-іранічна, непадобна на яе ранейты тон, працягнула яна.
— Тым больш у нядзелю такі важны вечар, нам трэба быць гатовымі...
Яна выйшла. Літаў дапіў рэшткі гарбаты з яе кубка. Рукі ў яго падрыгвалі, калі ён набіраў Самусенку.
— Вось і настаў ваш час «ікс». Ідзіце да нашага паэта, запрашайце яго, скажыце, што яго чакае сюрпрыз... Як з'ездзіў? Незвычайна! Якую палескую кветку бачыў! І так падобная на маю Ірму ў маладосці... Чыстая, у вачах — бяздоннасць, вечнасць... Для чаго такія нараджаюцца? Мабыць, каб уратаваць свет...
— Ах, альтруіст мой,— пачулася за яго спінай з той жа іранічнай з'едлівасцю.— Вось так заўсёды, усё для іншых, нічога для сябе.
Ірма стаяла ў дзвярах. Яна паспела пераапрануцца. На ёй была чорная са стразамі сукенка, адно плячо голае, другое закрытае — як рымская тога; туфлікі, падфарбаваныя вусны, завушніцы.
— Я проста рады, што страхі мае не апраўдаліся... Куды ты?
— Ты запрашаеш сяброў на раўт без маёй згоды, у цябе ёсць справы, пра якія я не ведаю — чаму ў мяне не можа быць сваіх спраў? — павярнулася і выйшла.
Хвілін праз сорак яна пад'ехала да дванаццаціпавярховага дома. Вольнага месца не было, давялося заехаць на тратуар левай палавінай машыны. Выйшла, каб бачыць дзверы пад'езда, над якімі лямпачка асвятляла лупатае вока відэакамеры, прымацаванай збоку, пад надпісам сінім па белым: «Вядзецца відэаздымка!» Яна не спяшалася. Дастала з сумачкі цыгарэты, некалькі разоў зацягнулася, кінула акурак у траву на газон. Нарэшце з пад'езда паказалася прыгорбленая постаць Самусенкі. Як толькі ён завярнуў за вугал, дастала тэлефон. Неўзабаве спусціўся Рак, у джынсах, у сланцах на босую нагу і ў кашулі, якую ён сцягваў на грудзях і на хаду зашпільваў, падыходзячы да машыны. Iрма ступіла з паўзмроку яму насустрач.
— Дзякую, што выйшлі. Будзем знаёмы, !рма. Мы ніколі не сустракаліся, але я ведаю вас. Завочна, канечне. Апошнім часам многа чую пра вас, чытала вашыя вершы, акрамя таго ведаю, як вы пералапачваеце рукапісы майго бяздарнага мужа. Ён лічыць мяне недалёкай, якая нават не цікавіцца інтэрнэтам, не разбіраецца ў літаратуры, але гэта не так. У літаратуры і ў камп'ютары я разбіраюся лепш за яго.
— Слухаю вас,— строгім, тым самым рэдакцыйным голасам, якім адказваў па тэлефоне, прамовіў Рак, хаця ўся сярэдзіна ў яго па-здрадніцку трымцела.
— Прабачце, што патурбавала ў позні час. Не магла раней, чакала, пакуль пойдзе ад вас гэты стары. Не верце яму. Мой муж аблытаў яго павуціннем, цалкам падпарадкаваў сваёй волі. Давайце сядзем у машыну.
Рак паслухмяна залез. У салоне пахла парфумай.
— Слухаю вас.
— Я тут зусім адна. Мне няма да каго прытуліцца — чужыя людзі, чужая краіна. Уся надзея толькі на вас. Абяцайце мне памагчы.
— Калі гэта ў маіх сілах.
— Я цярпела, колькі магла, але больш не магу, не магу! Мой муж... Не ведаю, што ён задумаў, але мне страшна. Мяне акружае нейкая нядобрая атмасфера, нада мной згушчаюцца хмары, і ўсяго толькі справа часу, калі адбудзецца непапраўнае.
— Слухаю вас,— заклініла Рака на гэтым слуханні.
— Мой муж — ненармальны, памешаны чалавек, маньяк. Ён не можа доўга быць з адной жанчынай. Я здагадваюся, што ён мяне проста разлюбіў і хоча замяніць іншай, маладзейшай. У мяне ёсць усе падставы так думаць. Я быта ўжо ў падобнай сітуацы, толькі ў іншай ролі. У Латвіі. Там усё пачыналася цюцелька ў цюцельку, як і тут,— і там Літаў кінуўся вучыць мову, чытаў Яна Райніса, «убіраў у сябе,— як ён кажа,— чужую культуру», знаёміўся і ўваходзіў у давер мясцовай эліце, а насамрэч — падшукваў, падбіраў для нечага людзей. Мне было тады васямнаццаць, яго ранейшай жонцы, як і мне цяпер, каля дваццаці пяці. І ён мне казаў: «ах, як ты падобная на маю жонку ў маладосці!» Скончылася тым, што яго жонка знікла пры загадкавых абставінах, а я заняла яе месца.
— Усё гэта настолькі... неверагодна...
— Яшчэ як верагодна. Усё ідзе як пад капірку. Зноў на яго накатвае, як некалі ў Латвіі, зноў ён пасвіствае, задумваецца, шукае для нечага людзей, гаворыць толькі на тэму забойстваў, смяротных пакаранняў, пра нейкі востраў... Ён вам казаў пра востраў? Няма сумнення: ён шукае паўтору, каб здзейсніць тое самае, што ў Латвіі. Я знікну, а маё месца зойме чарговая «Ірма». Перад тым, як ехаць сюды, я выпадкова падслухала яго размову па тэлефоне з вашым сябрам, гэтым старым Самусенкам. Ён ужо знайшоў мне замену, маладую дзяўчыну, і цяпер я павінна паўтарыць лёс ягонай жонкі.