Выбрать главу

— Вось госць жаданы, даўно, даўно чаканы! Я ў цябе, дарагая, украду яго на гадзінку.— Літаў падхапіў Рака пад руку.— Скажыце, вы ўжо чыталі новы нашумелы раман...

Так, трымаючы пад руку, ён павёў Рака дарожкай, на якую звісалі белыя і барвовыя ружы, да ганка. !рма ішла следам. Падняліся па прыступках у дом, знаёмы Раку па расказах Самусенкі. Пакуль праходзілі па вялікай доўгай гасцёўні, Рак краем вока паспяваў ухапіць карціны на сце­нах; многа было мэблі: крэслы, пуфы, атаманкі, але ўсё размешчана так, каб не замінала свабодна рухацца. Насустрач ім з-за часопіснага століка, заваленага ілюстраванымі альбомамі, падняліся каржакаваты мажны мужчына з вяночкам сівых валасоў вакол лысіны, і поўная, невялічкага росту бялявая кабета: кучаравыя светлыя валасы, вочы сінія, вусны тонкія — немка не немка, а можа, полька.

— Пазнаёмцеся, Хрысціян Андрэевіч Шнэйдар, амаль наш сямейны доктар, лечыць маіх малых, працуе ў ваенным шпіталі. У дзевяностыя паехаў на гістарычную радзіму, у Германію, але хутка вярнуўся, незадаволены тамашняй сістэмай навучання. Жонка яго, Ванда Вацлаваўна, пашпартыстка...

— Аддзел рэгістрацы віз,— весела дакончыла за Літава кабета. І ў яе незабудкава-сініх вачах, і на дабрадушным, але ўважлівым твары доктара Рак прачытаў тую самую, што і ў Ірмы, цікавасць да сябе — не цікавасць людзей, якія пабачылі жывога паэта (каго цяпер здзівіш паэтам?),— яны разглядалі яго, як нейкую рэдкую заморскую жывёлінку ў заапарку. Літаў тым часам дастаў з шафы прадаўгаватую вузкую кардонную скрыначку, падобную на стары школь­ны пенал, і працягнуў Раку. Той запытальна падняў вочы.

— А вы адчыніце. Маленькі сувенір, для паўнаты калекцы.

У скрыначцы, шчыльна адзін да аднаго прыціснутыя, стаялі вертыкальна сем жэтонаў на метро. Рак высыпаў іх на далонь.

— Дзе вы дасталі?

— Даў абвесткі на «Куфры» і на «Ау».

— Навошта, гэта ж грошы, літнія вам клопаты,— прамармытаў Рак, запіхваючы падарунак ў кішэню.

— Якая драбяза. Прашу за мною.

Ірма засталася з гасцямі, а Літаў з Ракам прайшлі навылет гасцёўню і выйшлі на тэрасу з другога боку. З-за пагорка, на якім стаяў дом, касыя промні сонца асвятлялі роўна палавіну двара і сада. Рак зноў падзівіўся, як дакладна стары ўсё апісваў: пагорак, дом, балкон, дворыж. Ад дома ўніз разбягаліся дарожкі, высыпаныя аранжавым гравіем. На падстрыжаным ідэальна газоне каля сажалкі ў ценю вербаў бялелі столікі, каля якіх завіхаліся некалькі чалавек.

— Мы вырашылі арганізаваць наша маленькае свята на свежым паветры,— казаў, азіраючыся на госця, Літаў.— Думаю, так будзе зручна: барбекю, ды і проста прайсціся па садзе.

Спусціліся па драўляных, у зямлі, прыступках; калі праходзілі берагам сажалкі, Рак заўважыў на паверхні некалькі чырвоных і жоўтых галаватых дэкаратыўных рыбін.

— ...Не паверыце, але форма стала мае важнае значэнне,— штохвілінна азіраючыся, не сціхаў Літаў. Ён хваляваўся, цяпер Рак бачыў гэта.— Каб застолле атрымалася прыемнай падзеяй, а не простай вячэрай, лепш адмовіцца ад ідэі прамавугольнага стала... лепшы стол не прамавугольны, які надта афіцыйна-строгі, і не круглы, нязручны для бяседы, а авальнай формы... Яшчэ папрашу звярнуць увагу на абслугу: для маленькіх кампаній трэба адзін кухар, адзін афіцыянт-адэпт — паводле правілаў невялікага раўта...

Спусціліся яшчэ ніжэй, у сад, паказаўся бункер, таксама знаёмы Раку з апісанняў Самусенкі. Не даходзячы, аднак, да яго, звярнулі да невялікай альтанкі ў зацішным кутку двара. Перад ёй была пляцоўка для барбекю з грылем, каменны агмень з паглыбленнем для вогнішча, стаялі дзве скураныя, пульхныя, бы надзьмутыя паветрам, канапкі.

— Прашу, сядайце — зручная мяккая мэбля памагае расслабіцца і дае цудоўны адпачынак,— не сціхаў Літаў.— Нават у прахалодны вечар тут цёпла ад жывога агню, а дах над галавой не толькі аб'яднае сяброў, але і ўратуе ад непагадзі і спёкі. Не ведаю, як вы, а я дыж вельмі люблю гэтае месца!

Слухаючы яго балбатню, Рак спачатку адчуваў нейкае неўразуменне, потым здзіўленне, потым неспакой — як бы ён нешта забыў і ніяк не можа ўспомніць, і хочацца аглядаць сябе, лапаць па кішэнях, шукаць непарадак у адзенні. Апамятаўся ён, калі Літаў асцярожна крануў яго калена, патрабуючы ўвагі.