Рак усё гэткім жа непрыязным тонам адказаў, што ён ведае практычна кожнага са сваіх чытачоў, можа пералічыць іх ледзь не па імёнах, напярод адгадвае іх рэакцыю — «Вось і атрымліваецца, што пішаш як бы на заказ».
— Гэта ў вас прамаўляе сціпласць. Нават у цяперашнія часы, нават сярэднім пісьменнікам быць так ганарова, так прыемна! Гэта доля абраных. Я ўжо не кажу, што кожны пісьменнік, вялікім ці малым ён сябе лічыць, не ведае сваіх магчымасцей і аднойчы, сам аб тым не здагадваючыся, можа такое напісаць!..
XX
Вербы сваімі вузкімі, як у аліўкавых дрэў, частымі лісткамі давалі прыемны цень. Лісткі ледзь варушыліся, і на зямлі, на траве, на стале, на тварах гасцей гулялі плямкі святла. Побач з вялікім агульным сталом прыткнуўся яшчэ адзін, меншы, з мяснымі закускамі і гароднінай, каб кожны мог бачыць і заказваць, што яму падабаецца. Гаспадар з гаспадыняй селі пасярэдзіне tete a tete, справа ад !рмы — Рак, леваруч — доктар Шнэйдар з жонкаю, затым Асавец; паміж Ракам і Літавым — дзед Самусенка. Цэнтральнае месца стала займаў сервіз з шкла, срэбра і парцаляны, аформлены кветкамі, садавіной і ярка-зялёнай свежай лістотай.
«Сюрту дэ табль»,— шапнуў Раку Самусенка, які, пабываўшы ў Парыжы, лічыў сябе спецыялістам у французскім этыкеце.
Абрус і сурвэткі былі снежнай белаты (заўсёды баішся, каб што не капнула, не пралілося). Стаячыя сурвэткі нагадвалі востраверхую тыяру Папы Рымскага. Шкло і крышталь блітчэлі; кожная дэталь на стале — з густам, нічога грувасткага, няўклюднага, што перашкаджала б гасцям бачыць адно аднаго ці замінала б вачам або бяседзе. Празрыстыя сподачкі з жэле, з сырам, шкляныя талерачкі з саленнямі, вазачкі з салатаю былі расстаўлены ў паўторнай чарговасці. Перад кожным — талерка, відэлец, нож, лыжка; чатыры фужэры рознага калібру і пяты — для вады; сальнічка з лыжачкай і талерка з французскай булкай.
На першае быў суп, не наварысты, каб не перабіць апетыт перад іншымі стравамі. Афіцыянт-адэпт у белых пальчатках з накінутай на руку сурвэткай падыходзіў па чарзе да кожнага і пачціва схіляўся, аб нечым пытаючы. Рак заўважыў (нібы выконваючы дадзенае Ірме слова нічога не прапускаць), якія чыстыя і мяккія ў яго туфлі. Калі ён дабраўся да Рака і ціха спытаў, якому віну, беламу ці чырвонаму, ён аддае перавагу, Рак папрасіў чырвонае, потым белае, а затым, асмялеўшы, сказаў: херас. Віно было пасля супу. Затым на талерцы з паловай варанага яйка і растопленым маслам падалі нарэзаную рыбу, за ёй — закускі ў выглядзе мясных і грыбных паштэтаў; кактэйль-салат з крэветкамі, свежай зелянінай і цытрусавымі, вяндліна з сырам, аліўкамі і арэхамі, канапкі з сёмгаю, салата з ананасамі, валаваны з чырвонай ікрой, рулецікі з цукіні і рызотаю, следам — смажанае мяса, гарнір для якога падавалі асобна на вялікім сподзе, каб госць змог выбраць колькі захоча. Пад стук нажоў і відэльцаў Рак сядзеў, не могучы ап'янець і расслабіцца нават пасля моцнага херасу. Побач Самусенка еў многа і ў ахвоту, да віна не дакранаўся, а піў залацістае віскі маленькімі, 1/3 drink, глыткамі. Заняты сваімі назіраннямі, Рак не адразу ўцяміў, што Літаў ужо нешта кажа, а ўсе, хоць і працягваюць адначасова выпіваць і закусваць, слухаюць.
— .. .Што такое феномен сацыяльных сетак? — гаварыў Літаў. Вочы ў яго і праўда свяціліся нейкім маніякальным бляскам.— Гэта магчымасць рэалізаваць творчы патэнцыял, закладзены ў кожным ад нараджэння. Паглядзіце, колькі з'явілася ў адначас паэтаў, празаікаў, рэжысёраў, блогераў —яны ж адначасова гледачы, і чытачы, і слухачы; значыць, была такая цяга да творчасці і раней, проста не было магчымасці рэалізавацца. Адзін на тысячу, можа, прабіваўся. А цяпер плаціну прарвала, і аказалася, што кожны ў той ці іншай ступені творчы чалавек, асабліва ў нас у Беларусі...
У доктара Шнэйдара піскнуў мабільнік, і Літава аж перасмыкнула — яшчэ перад тым, як сесці за стол, ён мякка, але настойліва папрасіў адключыць гук у тэлефонах.
— Сябры мае. Я планаваў сабраць вас на прэзентацыю сваёй гістарычнай кнігі. Але, калі быць да канца шчырым, як мне тут некаторыя сказалі, яна не такая геніяльная, як мне здавалася. Я астыў да яе. Рэальнае кіно! Вось за чым будучыня. Дзеля гэтага я вас шукаў, падбіраў і нарэшце сабраў. Коратка для тых, хто не ведае... Зрэшты, каб не чытаць лекцый за нашым утульным сталом, папрашу раздаць тэкст.
Адэпт-афіцыянт імкліва і нячутна пранёсся і перад кожным паклаў аркушык паперы. Рак узяў свой і прачытаў: «Рэальнае кіно (РК) — абсалютная адсутнасць сцэнарыя. Сцэнарый і рэальнасць несумяшчальныя. Прычым РК не копія рэальнасці. Да пачатку здымкаў выбіраецца толькі месца...
...ніякіх маральных абмежаванняў для аўтара ў працэсе здымак. Акрамя юрыдычных. Для аб'ектаў і герояў дапускаюцца ўсе, што толькі існуюць, тэхналагічныя метады: звычайная камера, кінаназіранне, прыхаваныя здымкі і інш. Этычныя пытанні вырашаюцца не на здымках, а ў працэсе мантажу фільма...