Кава і лікёр у тонкіх высокіх кілішках падаваліся разам з дэсертам: кандытарская вытечка, марозіва, асвяжальныя сарбеты. Асавец папрасіў дазволу закурыць. Раку таксама нясцерпна хацелася, але ён цярпеў, бо намерыўся кінуць гэтую дрэнь. Ад авальнага стала пад вербамі разам з сабой сюды прынеслі і тэму: злачынствы, забойствы, няшчасныя вытадкі. Загаварылі пра вечнае: ці бываюць сітуацы, пры якіх можна, нават патрэбна пазбавіць чалавека жыцця? І ці можна такое апраўдаць? Гэтая тэма пацягнула за сабой яшчэ адну, таксама як свет старую — ці магчыма ідэальнае забойства? Успомнілі Калоева — яго помсту швейцарскаму дыспетчару. Прыгадалі Троцкага і Кенэдзі. Перабралі ад Джахара Дудаева з Гамсахурдзіяй да беглых алігархаў у асабняках з аховаю ў Англіі. Вырашылі: пры жаданні забіць чалавека заўсёды было лягчэй лёгкага, у любой кропцы зямнога шара і ў любы час сутак, «ці не так?»
— Наша шчасце,— сціпла ўмяшалася Ванда Вацлаваўна,— што людзі калі і жадаюць зла бліжняму, дык часцей за ўсё ў думках. Інакш усе даўно проста перабілі б адно аднаго.
— І ўсё ж, — сказаў Літаў,— ці магчыма ідэальнае злачынства? У дадзеным выпадку ідэальнае забойства?
— Немагчыма,— сказаў Асавец. — Няма ідэальных. Чым больш яно нібыта ідэальнае, тым прасцей яго раскрыць. Правільна?
— Ідэальнае забойства магчыма,— сказаў доктар Шнэйдар, асцярожна лыжачкай зачэрпваючы марозіва з крэманкі, — калі ахвяра сама падстаўляе галаву пад абух. Або калі ўсё падагнана пад як мага больш праўдападобны няшчасны выпадак. Ідэальныя злачынствы таму так і называюцца, што застаюцца тайнай, мы пра іх проста не ведаем.
— Мяне заўсёды цікавіла,— не ўнімаўся Літаў,— ці мог бы чалавек забіць пры поўным алібі, пры абсалютнай гаранты, што нічога яму за гэта не будзе?
Ірма пад сталом дакранулася туфлікам да нагі Рака.
— Поўнае беспакаранне! — гучна паўтарыў падпіты чырванатвары Самусенка.— Калі б надарылася такая магчымасць, не ведаю, асабіста я аднаго-двух прыкончыў бы! Але што потым? Смяротнае пакаранне або пажыццёвае зняволенне.
Ірма, грэбліва крывячы вусны, сказала:
— Фу, зноў забойствы, злачынствы!.. Такое варварства ў наш час. Доктар, хоць вы мяне падтрымайце.
— І рад бы — ды не магу,— развёў рукі Шнэйдар.— Я за смяротнае пакаранне.
— Ну-у. І неарыгінальна, і нечакана ад вас, гуманіста.
— Чаму — у смяротным пакаранні, я лічу, больш гуманізму, чым гнаіць няшчасных да канца жыцця. Іншая справа — выканаўца. Як гэта потым насіць у сабе?
— А між тым сярод нас жывуць людзі, якія прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды...
Перакінуліся ўжо на гэтую таямнічую тэму. Як гэтыя выканаўцы ходзяць, ездзяць разам з людзьмі, як іх дзеці, жонкі? «А вы думаеце, жонкі ў курсе?» — «Упэўнены, што не; думаюць — так, у нейкай установе паперкі перабіраюць, у камп'ютарах пасьянс ракладваюць, у танчыкі рэжуцца, крыптавалютамі цікавяцца і ўвогуле яны вегетарыянцы, любяць класічную музыку, сабак і дзяцей».— «Менавіта! я чуў, яны сентыментальныя, лірычныя, нават умеюць чырванець і плакаць».
— А вы заўважылі,— усклікнуў Літаў, якога надзвычай натхняла гэтая тэма,— заўважылі, што мы ў гэты вось момант ужо калектыўна ствараем наш будучы сцэнарый! Цяпер яго можна толькі падмацаваць крымінальнымі гісторыямі, і мы прыйдзем да таго, аб чым я здагадваўся. Прапаную кожнаму расказаць якую-небудзь сваю гісторыю. Хто першы?
Літаў звяртаўся да ўсіх, але Раку падалося, што найбольш да яго аднаго. Ён сядзеў, не падымаючы галавы, толькі перасыпаў з далоні ў далонь жэтоны (ён і сам не заўважыў, калі дастаў іх з кішэні) з выглядам гульца ў казіно, якому толькі што замест чырвонага, на які былі пастаўлены ўсе грошы, выпала зэро.
— Тады хто? Доктар? Калі ласка.
— Усё маё свядомае, можна сказаць, жыццё,— пачаў Шнэйдар,— я меў заклятага сябра, свайго калегу-доктара. Прозвішча называць не буду, яно даволі вядомае. Гэты чалавек паскудзіў мне чым толькі мог. Са студэнцкіх гадоў — мы разам вучыліся — падстаўляў падножкі, пісаў кляўзы; пазней, калі лёс звёў нас на адной кафедры і мы практыкавалі ў адной бальніцы, калі — усё бывае! — пад маім скальпелем паміраў чалавек, я не ведаў, куды дзецца ад праверак, мяне вымучвалі разборкамі аж да пракуратуры ўключна. Неяк на Новы год мне выпала дзяжурства. І вось у аддзяленне чэрапна-мазгавых траўмаў паступае пасля аварыі...