Выбрать главу

— Авары,— паўтарыў, гледзячы перад сабой у сцяну, па якой кідаліся язычкі ад свечак, Самусенка.

— Разбіўся на машыне. Ён не мог гаварыць, але і не маўчаў, і што сама больш мяне ўразіла, гэта гукі, якія ён выдаваў: ён гучна, па-авечы мэкаў і бляяў на ўсё аддзялен­не. Хацелася заціснуць вушы і ўцякаць. І вось калі я ў аперацыйнай калупаўся ў яго галаве, выбіраў з мозга асколкі чэрапа, і ён ляжаў перада мною, такі безаабаронны, рас­пластаны, а ў вушах стаяла яго авечае мэканне, я раптам так пашкадаваў яго, як нікога ў жыцці не шкадаваў.

— І ў вас зусім не ўзнікла думкі?.. Адзін рух скальпе­лем...

— Ну што вы. Помсціць і караць — не наша прэрагатыва, на гэта ёсць вышнія сілы, людзям яны такога не даручаюць. Я іншае хацеў сказаць. Я б арганізоўваў рэгулярныя экскурсіі ў бальніцы, каб людзі разумнелі і цанілі жыццё. Бо людзі часта лічаць сябе няшчаснымі толькі таму, што не ведаюць, якія яны шчаслівыя.

— Дзякую, цудоўна. Гэтую гісторыю можна выкарыстаць. А зараз хто — паэт? Не? Тады чалавек, які больш за нас усіх, разам узятых, у гэтым плавае, прафесіянал... Прашу.

— У нашых мясцінах,— занудным, крыху ў нос голасам пачаў Асавец, не міргаючы вачыма,— гэта каля Ельска,— для тых, хто не ведае, мы з шаноўным Анатолем Фядосавічам Самусенкам, як высветлілася, землякі, вельмі, вельмі прыемна! — гадоў дзесяць назад адбыўся незвычайны выпадак. Многа пра яго пісалі, калі хто не верыць — і цяпер можна адшукаць у інтэрнэце. Бацька з сынам, зацятыя браканьеры, на паляванні забілі лесніка. Не куляй, а жорстка, дзіка — прыкладамі, «затаўклі», як кажуць мясцовыя. І прыдумалі вось што — вывезці ў прыцемках цела на шашу, падалей, і кінуць, нібыта збіла яго машына. Дачакаліся вечара, паклалі цела ў багажнік, павезлі ў бок Нароўлі, ляснымі дарогамі. І тут на выездзе на шашу, на ўзлеску — даішнік з матацыклам...

— Матацыклам,— адгукнуўся зусім прыгнечаны Самусенка.

— Як ён адзін заехаў у лес, чаму спыніў незнаёмую машыну ў прыцемках, сярод дрэў і кустоў — нічым іншым нельга вытлумачыць, як тым, што лёс у яго быў такі. Бацька з сынам пераглянуліся, зноў-такі прыкладамі, як ім падалося, забілі, няшчаснага даішніка, выцягнулі з багажніка цела лесніка, з кабуры даішніка пісталет, сын стрэліў у леснікоў труп, а бацька ўклаў пісталет у нерухомую мёртвую руку даішніка. І пакінулі на ўзлессі бездыханныя целы. Разбірайцеся, як яно было, хто на каго напаў і хто ў каго страляў. Даішніка неўзабаве свае знайшлі, ён выжыў, толькі калі апрытомнеў, нічога не мог сказаць — страціў памяць. У руцэ пісталет, побач труп. Мала хто сумняваўся, што ён забойца. Быта цэлая гісторыя. Разблыталі ўсё з дапамогай балістычнай экспертызы, якая паказала, што стрэл быў у мёртвае цела, да таго ж страляў ляўша — з левай рукі ўваход кулі іншы. Заставалася толькі праверыць усіх леварукіх браканьераў — ці не так? Я гэтым хачу сказаць,— закончыў Асавец,— што забіць кожны можа, а вось дзе схаваць цела? Вялікая зямля, а не схаваеш.

— Ну, вы пад усё падводзіце філасофскую аснову,— сказаў Літаў.

Тут усе, акрамя Рака, захваляваліся, ажывіліся, пачалі даваць уяўным забойцам парады, як трэба было б лепш зрабіць. «Прытяць блізка...» — «Так, спіхнуць у раку, і хай бы несла ва Украіну, а там шукайце. Ідэальна атрымалася б».

— Хто далей? Можа, нарэшце, наш шаноўны паэт?

Рак адчуў, як сціскаецца нешта ў грудзях, не хапае паветра, хоць не быто на ім гальштука, збіваецца дыханне, кружыцца галава. «Што гэта?! Дзе я?! Што ім трэба?!» — стукала ў яго скронях. «Нашто яны сабраліся тут? Чаму яны так пазіраюць на мяне?!»

— Мая чарга,— заявіла Ірма.— Пра ідэальнае забойства.

— Лепш не трэба,— крыва ўсміхнуўся Літаў.— Ты не зможаш. Не думаю, каб было камусьці цікава.

— Цяпер модна ўцякаць у Кіеў і там прасіць палітычнага прытулку. І вось, дапусцім, якогась важнага чыноўніка, дзяржаўнага мужа камусьці кроў з носу закарцела прыбраць. Што робіцца? Напрыжлад, знаходзіцца кілер — чала­век з Беларусі. Ён спакойна пераходзіць украінскую мяжу, на машыне з украінскімі нумарамі за гадзіну заязджае ў Кіеў, у цэнтры горада робіць сваю справу, за гадзіну вяртаецца назад, у другую краіну — шукайце. Тым больш нікому і ў галаву не прыходзіць, што тут звычайныя сямейныя разборкі, бо ўсе разглядаюць палітычныя матывы, шукаюць фанатыка-нацыяналіста... Ды і такія рэчы цяпер хутка забываюцца, сенсацыя толькі да абеду, у лепшым выпадку дні на тры, а далей перабіваецца іншай сенсацыяй.

— Не, тут палітыка,— замармытаў Літаў.— Я рашуча бракую гэта!