Аднаго ён толькі не разумеў — навошта? Якая ў іх мэта? Што можна з яго узяць? Каму ён мог перайсці дарогу — слабы, бяскрыўдны, беларускамоўны паэт?!
XXII
У той жа дзень, пасля абеду, Лю выехала маршруткаю з мястэчка. Ужо ў Мазыры пачаліся прыгоды. Нейкая бабуля даручыла ёй дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку, каб яна прыглядала за імі да Парычаў, дзе іх сустрэнуць. Яна нават крыху заганарылася. У маршрутцы поўна дарослых, а такую справу даручаюць ёй. Значыць, яе абаяльнасць па-ранейшаму выклікае давер. Дзеці памясціліся абое на адно сядзенне побач з ёю і адразу ж прыліплі тварамі да вакна, плюшчылі аб шыбку насы; іх цікавіла сіняе неба, белыя аблокі на ім, зялёныя купкі дрэў уздоўж шашы, жоўтае поле, якое пачалі жаць, і камбайны пакідалі за сабой салому ў вялізных скрутках-цюках; да таго ж яшчэ і кіроўца патрапіўся аматар прыроды — калі дагналі бусла, які спакойна ішоў па ўзбочыне, ён прытыніўся і паехаў марудна побач, каб даць пасажырам магчымасць паглядзець і сфоткаць яго. У Парычах дзяцей забралі маладыя маці з бацькам, дзякавалі ёй, далі груш. На вызваленае месца сеў высокі хлопец з кірпатым носам, з рабаціннем на твары, у чорнай майцы з «Пагоняю». Яна, як і ўсім мужчынам, машышальна ўсміхнулася яму, а ён пачырванеў, калі ногі іх выпадкова судакрануліся. Лю бачыла, як ён збіраецца з духам, хоча і не можа вымучыць тыя некалькі патрэбных для знаёмства слоў. Але не спяшалася яму памагаць. Справа была ў «Пагоні». Яна нічога не мела супраць гэтага гістарычнага сімвалу, але яе заўсёды не тое што насцярожвала, а проста адштурхоўвала любая рэч, якая робіцца ў вузкім коле абраных, амаль падпольна, непазбежна ператвараючыся ў секту. Для таго, каб любіць родную мову, зусім неабавязкова збірацца разам. Яна дастала і ўсунула ў вушы навушнікі. У Бабруйску дзед з палачкай з задняга сядзення папрасіў: «Унучка, купі мне чыпсаў і піва». Яна крыху збянтэжылася і перапытала: «Чыпсаў і піва?» — і адразу ж дзве думкі: першая — ёй не дадуць, а другая — гэты дзед нагадаў ёй мэту яе паездкі. Не паспела яна разабрацца ў гэтым, як хлопец прыйшоў на дапамогу. «Давайце я куплю». Яна выйшла разам з ім.
— Табе без пашпарта могуць не даць,— прыхільна сказаў ён.
— Так, мне не даюць ні піва, ні цыгарэт. А адкуль вы ведаеце?
— Я пра цябе многа чаго ведаю.
— Адкуль?
Ён паказаў смартфон.
— У мяне стаіць FindFace. Можна знайсці любога чалавека па фотцы. Пры той умове, канечне, што ён зарэгістраваны ў сацсетках.
— І гэта законна? А калі чалавек не хоча, каб яго такім чынам знаходзілі? Не думаю, што гэтая праграма доўга праіснуе. Хутчэй за ўсё яе забароняць.
— Ты да каго едзеш? — змяніў ён тэму.
Гэтае простае пытанне паставіла яе ў тупік. Упертыню яна зразумела, у якія ўмовы патрапляе ад самага пачатку свайго дарослага жыцця. Да яе раптам дайшло, што ў свеце няма ніводнага чалавека, якому яна магла б вось так адразу, не схлусіўшы, шчыра сказаць, куды менавіта едзе.
— Вучыцца?
— Не, не вучыцца,— гледзячы праз акуляры яму ў вочы, сказала яна.— Бачыце, тут такая справа. Мая маці сабралася замуж. За майго будучага айчыма. А я блытаюся ў іх пад нагамі. Яны не ведаюць, куды мяне сплавіць. І вось мой сябар, старэйшы, ці то бандыт, ці то кілер, ва Украіне ваяваў, ён прыдумаў такую штуку. У Мінску жыве дзед, у чатырох пакоях, вось я да яго і еду. Потым з сябрам будзем чакаць, калі ён натуральным чынам вызваліць кватэру. А не атрымаецца — ёсць яшчэ адзін, вельмі багаты чалавек, праўда, жанаты, але кажа, што я падобная на яго жонку, дыж вось я яе яму замяню пры выпадку.
Ён нічога не зразумеў.
— Жартую,— сказала яна. — Я еду да знаёмых, сапраўды буду вучыцца на журфаку. Акрамя таго ў мяне ёсць бацька, праўда, жыве асобна, але гэта нічога не значыць, я спадзяюся, што калі-небудзь ён вернецца.
У маршрутцы, калі хлопец панёс дзеду піва, яна хутка глянула ў смартфоне, хто заходзіў на яе старонку, і калі ён вярнуўся, спытала:
— Вы немец?
— Беларускі.
— Не казахстанскі? Не хочаце павучыць мяне нямецкай мове?
І замоўкла. Ён яшчэ паспрабаваў зацікавіць яе расповедамі пра паромы, але ёй стала невыносна сумна з ім, і яна адгарадзілася ад яго навушнікамі. У Мінск прыехалі каля сямі вечара. Нешта не тое пачалося адразу на вакзале. Тэлефон Свянцецкай не адказваў. Яна тралейбусам паехала да іх. Добра, сумка на калёсіках не замінала, была лёгкая і зручная. Пастаяла каля дзвярэй, націскаючы на званок. Нікога не было дома, ці проста не хацелі адчыняць. А калі яна выйшла з пад'езда і пайшла па сцежцы дворыка, коцячы за сабой сумку, і азірнулася, ёй падалося, што ў вакне, побач з вазонамі на падаконніку, тырчаць два жаночыя твары — як тыя дзеці ў маршрутцы, прыліплі насамі да шыбіны. Ёй стала сорамна за іх і адразу за тым — чамусьці весела. Яна ўявіла, як праз год яна пад'едзе да гэтага дома ў машыне Літава, разадзетая мінская лэдзі, і сяброўка сама выбежыць з пад'езда і будзе ўпрошваць, ледзь не на каленях стоячы, каб яна зайшла хоць на хвілінку і тым ашчаслівіла іх. А пакуль прысела на лаўку каля дзіцячай пляцоўкі.