Выбрать главу

— Раман Грыневіч, сапраўднае прозвішча. Дык вось вы які. Я вас інакшым уяўляў. А вы проста мацак.— Грыневіч працягваў уважліва яго разглядаць.— Акрамя таго, у вас моцныя нервы і жалезная вытрымка. Патрапіць у такую сітуацыю! Любы на вашым месцы Мінск перавярнуў бы.

— Гэта здаецца, паверце! Каб не званок ад вас... Не перадаць, як я ўдзячны, што вы пазванілі і прыехалі. Я быў у адчаі.

— Не хвалюйцеся. Я ўпэўнены — нічога страшнага пакуль не здарытася.

— Веру. Вы адным выплядам унушаеце супакой. Дарэчы, а вось вас я прыблізна такім і ўяўляў. Нават здагадваўся, што вы накульгваеце.

— Чаму?

— Вы, калі мне пазванілі, спыталі, ці працуе ліфт. З на­гой гэта, выбачаюся, па службе?

— Не, на паляванні. Спатыкнуўся. Аднак — мы так і будзем стаяць каля ліфта?

— Ой, што ж я... ад радасці зусім... праходзьце! Вы мой збавіцель, выратавальнік,— па дарозе ад ліфта да кватэры ўзбуджана казаў Рак.— Проста гара з плеч... А я месца сабе не знаходжу, галава кругам, упершыню з такім сутыкаюся,— усё гаварыў, прапускаючы госця ў кватэру і заходзячы следам.— Сюды, калі ласка... у мяне вялікая лоджыя, у цёплую пару года лішні пакой...

У кватэры, калі прайшлі на і праўда шырокую лоджыю і селі: госць у крэсла, гаспадар — у другое насупраць, перад столікам, на якім была падрыхтаваная закуска: вяндліна, лустачкі белага хлеба, чорная ікра ў сярэбранай вазачцы, белы і жоўты сыр, бутэлька віна і сярод гэтай сервіроўкі даволі нечакана — звычайная вясковая на дзвесці пяцьдзясят грамаў гранёная шклянка.

— У знак падзякі, што прыехалі...

Грыневіч з цікавасцю аглядаўся.

— Гарбата, кава? — спытаў Рак.— Мацнейшае не прапаноўваю, вы за рулём.

Грыневіч дастаў з заплечніка тэрмас.

— У мяне ўсё маё з сабой — зёлкі, адвар.

— Тады, з ватага дазволу,— Рак хутка наліў паўшклянкі віна, выпіў і разваліўся ў крэсле.— Прашу прабачэння,— сказаў ён, выдыхнуўшы,— што так разглядаю вас — ні разу ў жыцці не бачыў жывога прыватнага дэтэктыва.

— Ну, які я прыватны дэтэктыў. Хутчэй — сямейны псіхолаг. У нас у Беларусі і тэрміну такога няма. У сваіх аб'явах мы даем расплывістыя фармулёўкі кшталту: спецыяліст па выяўленні і вывучэнні прычын і ўмоў узнікнення канфліктных сітуацый... Дарэчы, вось дакумент, каб не...

Рак узяў паперчыну з вадзянымі знакамі і з пячаткай унізе, прачытаў: «Пасведчанне дзяржаўнай рэгістрацы на правядзенне расследванняў і забеспячэнне бяспекі, аказанне інфармацыйных паслуг сацыяльнай скіраванасці».

— Сапраўды, сухавата,— сказаў ён, вяртаючы паперу.— А вось мне, як і большасці звычайных людзей, пры слове «дэтэктыў» уяўляецца суб'ект у доўгім плашчы, у капелюшы, цёмных акулярах, з люлькай ці з цыгарэтай у зубах, пісталетам за поясам, з пашпартамі ўсіх краін свету ў кішэні — і абавязкова з якой-небудзь дзіўнай звычкай.

— I цяпер вы расчараваліся? — дагаварыў з усмешкай Грыневіч.— Так, літаратурна-кінематаграфічны вобраз дэтэктыва далёкі ад арыгінала. Часы Мэгрэ, Каломба, Холм­са і Пуаро ў адным флаконе, на жаль, даўно прайшлі.

— Аднак я проста ўпэўнены, што нават і без арэолу кніжнай рамантыкі вашая праца цікавая і захапляльная.

— Я б не сказаў. Звычайная. Усё празаічна.

I Грыневіч цярпліва патлумачыў, што займаюцца яны выяўленнем фактаў здрады мужа жонцы і наадварот, правяраюць алібі, шукаюць украдзеныя аўто, аказваюць садзеянне ў праверцы біяграфічных і пашпартных дадзеных; хто ў пошуках інфармацы маніторыць сацыяльныя сеткі і інтэрнэт, хто пасылае афіцыйныя запыты ў дзяржорганы, а львіная доля працы — «у полі», банальна сачыць за аб'ектам і фіксаваць яго сустрэчы — прычым яны абмежаваныя ў выбары сродкаў, ніякіх там «жучкоў» і маячкоў, ніякіх узломаў сацыяльных сетак і паштовых скрынак. Яны не могуць праслухоўваць тэлефонныя размовы па сотавай сувязі — на гэта трэба адпаведныя санкцы. I права на нашэнне зброі ў іх няма.

— Наша зброя — фотаапарат і дыктафон. Ды і то: здымаць і запісваць можна толькі са згоды «аб'екта».

Рак спытаў, ці праўда, што да іх на працу бяруць толькі былых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. Грыневіч адказаў, што асабіста ён — былы следчы, падпалкоўнік, але з ім у камандзе працуюць і юрысты, і эканамісты, і псіхолагі; так што каб быць добрым дэтэктывам, неабавязкова мець паношаны кіцель у гардэробе, галоўнае быць лёгкім на пад'ём, ведаць законы, хутка арыентавацца ў сітуацы, быць прыемным суразмоўцам і валодаць акторскім талентам.

— Нават так?

Грыневіч ветліва пачакаў, ці будуць яшчэ пытанні, і калі яны не прагучалі, зрабіўся сур'ёзным.