Выбрать главу

— Аднак да справы. Вы сказалі па тэлефоне, што патрапілі ў неверагодную сітуацыю...

— Горш не прыдумаеш! Усе зніклі, хто быў са мной. Раптоўна, у адзін міг, з суботы па сёння. Усе тэлефоны маўчаць. Я проста апынуўся ў нейкай дурной пустаце; адчуваю, што адзін не змагу разабрацца, і калі тэрмінова не падзялюся з кім-небудзь, у мяне проста здадуць нервы, разнясе галаву... Але з кім? не з міліцыяй жа!

— Вам не пазайздросціш. Зрэшты, як і мне. Я ведаю пра гэта яшчэ менш, чым вы. Тыдзень назад да мяне звярнулася Ірма Айгараўна. Быта надта ўстрывожаная, напалоханая, гаварыла загадкамі, блытана; папярэдзіла, што яны з мужам пакуль не грамадзяне Беларусі, яна не можа звярнуцца ў афіцыйныя органы, да таго ж усё ў яе на ўзроўні здагадак, прадчуванняў; сказала, што яе муж за­мешаны ў нейкім палітычным забойстве, ледзь не міжнародным, што яе жыццю пагражае небяспека; расказвала пра нейкага выкладчыка, нейкага доктара, пра нейкі бун­кер, пра тое, што нібыта муж хоча памяняць яе на маладзейшую. Наказала, калі з ёю што здарыцца, мець сувязь толькі з вамі, верыць толькі вам і звязвацца з вамі, і што вы ўсё растлумачыце. Калі яе тэлефон перастаў адказваць, я і набраў вас.

— Мы абодва ведаем няшмат.

— Тут яшчэ такая справа... Я меў неасцярожнасць узяць задатак, даволі значную па тутэйшых мерках суму. Ця­пер справа гонару давесці ўсё да канца. З вашай дапамогай, канечне. Дзве галавы лепш чым адна, удвух мы гэты рэбус разгадаем.

— Я да вашых паслуг. Што вас цікавіць?

— Усё.— Грыневіч дастаў дыжтафон.— Я хачу, каб вы расказалі мне ўсё, што здарылася перад гэтым масавым знікненнем. Як вы выйтлі на Літавых, колькі было лю­дзей, пра што гаварылі... І як мага больш падрабязна.

Тут Рак пасміхнуўся неяк урачыста, задаволены, што можа памагчы чалавеку.

— Можна спрасціць задачу,— сказаў ён.— Хачу прапанаваць вам нешта больш грунтоўнае. Наша будучая гутарка ўжо запісана. Вось тут, у ноўтбуку.

Жалудовыя вочы Грыневіча бліснулі прагнай радасцю.

— Вы жартуеце?

— Ніколькі.

— Неверагодна! Я так і ведаў, што будзе нешта незвычайнае! Як прыемна мець з вамі справу! Цяпер разумею, чаму яна звярнулася менавіта да вас. Можна глянуць?

— Для таго пісалася.

Рак уключыў ноўтбук, адкрыў файл. Грыневіч упіўся вачамі ў манітор.

— Як мне пашанцавала з вамі! Прызнаюся, не чакаў, нават падумаць пра такое не мог!

— Не расчаруйцеся.

Грыневіч хутка гартаў тэкст мышшу.

— Ды многа, ды падрабязна, ды з апісаннямі, дыялогамі... Калі ж вы паспелі?

— А я пачаў рабіць запісы ятчэ зімой, як толькі пачаў хадзіць да мяне Самусенка. А за апошні тадзень проста звёў у адно. Крышку не скончыў...

— Я маю на ўвазе, як вам увогуле гэта прыйшло ў галаву?

— Прадчуванне. Здагадваўся, што рана ці позна знойдзецца чалавек, якога гэта можа зацікавіць. І вось, спадзяюся, мая сціплая спроба паможа...

— Як спроба? — адарваўся ад манітора Грыневіч.— Наколькі я ведаю, вы і без таго творчы чалавек, даволі вядомы паэт.

— Менавіта паэт! Але ў прозе дэбютант. Даўно збіраўся паспрабаваць сілы ў гэтым жанры. Бачыце, мы, паэты, мала запатрабаваны — ну, падумаеш, напісаў пра траўку-кветачкі, у лепшым выпадку гэта можа паўплываць на настрой. А тут такая нагода — жывы рэальны сюжэт! Грэх было не пакарыстацца. Да таго ж веданне, што цябе будуць чытаць не на канапе, не ў метро па рыдэры, не крытыкі, якія па службе чытаць абавязаны, а людзі, якія не прапусцяць ніводнай дэталькі!

— Аднак як вы пісалі?

— З натуры. Амаль усіх герояў я ведаю, бачыў, размаўляў з імі, так што з партрэтамі, характарыстыкамі, рэплікамі праблем не было. Прозвішчы сапраўдныя, выпадкі ўзяты з іх уласных расказаў. Да ўсяго астатняга дапаў інтуіцыяй.

— Дык інтуіцыя і ёсць самае галоўнае! Але ж гэта неверагодна цяжка.

— Не паверыце — лягчэй, чым пратакол. Я спрабаваў пісаць суха, дакументальна — нічога не атрымалася. Давялося ажыўляць герояў у меру сваіх здольнасцей...

Грыневіч адначасова слухаў і чытаў. Колца мышы так і бегала пад яго ўказальным пальцам.

— Гэта што ж, атрымліваецца як бы... дэтэктыў?

— Не думаю. Хаця ў цэлым вы маеце рацыю. У следчага і ў аўтара дэтэктываў адна задача — з дэталяў сабраць агульнае. Але, па-першае, у маім тэксце невядомы не толькі злачынца, а і ахвяра, па-другое — я многа думаў і прыйшоў да высновы, што дэтэктыў — стары добры традыцыйны класічны дэтэктыў, дзе ўсё пабудавана на хітрым злачынстве і непазбежным пакаранні, немагчымы ў нашых цяперашніх варунках. У лепшым выпадку ён будзе ўспрыняты як парадокс, у горшым — як нацягнутасць.

— Патлумачце, калі ласка.

— У нас настолькі малаверагодны — не крыўдуйце! — справядлівы следчы, яшчэ менш — непадкупны незалежны суд, што чытач міжволі будзе на баку злачынцы.