Уменне выкруціцца, выслізнуць, абысці закон у нас хутчэй будзе лічыцца подзвігам, чым злачынствам.
Грыневіч тым часам паспеў прагартаць тэкст да канца і вярнуцца ў пачатак.
— А ведаеце,— сказаў ён задумліва,— вы падказалі мне адну цікавую рэч. Вось не магу зразумець — можа вы растлумачыце? — як, калі, чаму так атрымалася, што ў нас пісьменнікі з самых паважаных у грамадстве людзей ператварыліся ў ледзь не самых пагарджаных? Чаму іх так шпыняе ўласная дзяржава?
Рак паціснуў плячамі.
— Не думаю, каб пісьменнікі надта з-за гэтага перажывалі.
— Не скажыце. Быць запатрабаваным сваёй дзяржавай, сваім народам— што можа быць лепш?
— Нешта не разумею я вас.
— Калі б мая воля, я паставіў бы таленавітых пісьменнікаў на афіцыйную службу дзяржаве. Я б даручаў ім самыя заблытаныя, даўнія, глухія справы, даваў бы ў іх распараджэнні ўсе матэрыялы — і хай бы яны пісалі на аснове гэтага мастацкі твор! І такім чынам, ажыўляючы людзей, абставіны, сітуацыю, праз дэталі выводзілі б на разгадку. Не атрымаецца — нічога страшнага, затое калі атрымаецца!..
— У вашай задумцы ёсць істотны мінус,— заўважыў Рак — Дзе такіх знайсці? Далёка не кожны захоча пісаць на замову.
— А вось я ўпэўнены, што кожны творца аб такім можа толькі марыць. Увесьчасная запатрабаванасць, імгненны плён, практычная аддача; у яго не будзе балець галава пра грошы, перад ім больш не стане пытанне: для каго я пішу? — бо кожнае яго слова будзе разглядацца ўдзячнымі чытачамі пад лупу.
— Ды яшчэ на такія тэмы...
— Добра. Тады як вам такая тэма? Вы ведаеце, колькі людзей знікае штогод у адной толькі Беларусі?
— Паняцця не маю.
— Каля дванаццаці тысяч чалавек! Афіцыйна. Уяўляеце, колькі неафіцыйна?
— I дзе яны дзяюцца?
— Па-рознаму. Часцей за ўсё з'язджаюць у іншы горад парваўшы ўсе кантакты са сваякамі і знаёмымі. Бывае, выкрадаюць у рабства і ўтрымліваюць сілаю, бывае, што робяцца ахвярамі злачынства, бывае, хтосьці проста пайшоў у лес і загінуў там. Нярэдка чалавека, напрыклад, збівае машына, і ён страчвае памяць.
— I што?
— А тое, што на сёння ў Беларусі ў вышуку каля двух з паловай тысяч чалавек. Некаторыя зніклі пяць, дзесяць і нават дваццаць гадоў назад. Хутчэй за ўсё многія з гэтага спісу ўжо нежывыя. Але пакуль цела не знойдзена, справу закрываць нельга, і іх шукаюць. Самымі рознымі спосабамі. У тым ліку пры дапамозе тэлепатаў, парапсіхолагаў, экстрасенсаў. Вам даводзілася бачыць па тэлевізары, як цэлы штат прафесіяналаў, сівыя следчыя ў мундзірах, пакорліва прызнаюцца ва ўласным бяссіллі і аддаюцца на волю стопрацэнтных шарлатанаў? Я дык не магу без сораму глядзець, як розныя прайдзісветы водзяць рукамі над свечкаю ці над люстраным шарам, а ў саміх вочы скошаныя ад страху, што іх вось-вось выкрыюць,— але чаму разумныя людзі цягнуцца да іх, выдатна ведаючы, што гэта нахабы, клікушы і бессаромнікі? Бо яны абяцаюць! I такой драбязы, аказваецца, дастаткова. Цяперашняму чалавеку многа не трэба: добрае слова, падтрымка, абяцанне на хэпіэнд. Асабіста я ўсё жыццё стаўлюся да эзатэрыкі з агідаю, ніколі ні ў якую замагільную, незямную звышсілу катэгарычна не веру — а вось у творчасць веру. Толькі яна бачыцца мне самай вышняй праявай неспазнанага. Дык вось, вяртаючыся да ідэі — я б заказваў пісьменнікам творы, якія давалі б сваякам зніклых надзею! I яны за адно гэта будуць плаціць любыя грошы. Гэта ж залатое дно!
— Дно — так, але ці залатое? — пасміхнуўся Рак.
— Вы мне паверце. Я ўжо бачу, што ў вас атрымалася б. Вы проста чытаеце чужыя думкі, у прыватнасці мае.
Менавіта такімі словамі я і хацеў, каб пачыналася: «У пятніцу ўвечары сямнаццатага ліпеня...»
— Не-не! — усклікнуў Рак.— Калі ласка, не трэба пры мне! Я не змагу... З гадамі так і не прывык... Давайце я выйду, а вы маякніце мне на тэлефон, калі дачытаеце.
— Дзякую за давер.
— Каму ж давяраць, як не вам?
XXIV
Чародка маладых ясеняў, на адных гірлянды сямян, якія аж гнуць галінкі, на другіх — ніводнага. Манчжурскі арэх — перыстыя, як у рабіны, лісткі, толькі разоў у пяць больтыя. Нагрэтая за дзень драўляная нефарбаваная лавачка. Верхавы вецер варушыць лісце бяроз і вербаў. Але асабліва рыпмічны шум у асін. Калі заплюшчыць вочы — ілюзія шуму мора. Лес, дрэвы і ёсць кампенсацыя нам за адсутнасць мора.
Неба вытуклае, як кропля, усярэдзіне сіняя, па баках светлая. Некалі трэба быто даказваць, што зямля круглая, гэта ж так відавочна. Аблокі марудна плывуць па небе, як тьдзшы па блакітнай вадзе. Дзве жаўтлявыя івалгі ў кроне асіны над галавой спяваюць адна адной, ці то спаборнічаюць, якая лепш.