Выбрать главу

— Так я і ведаў.

— Ну, а калі б ён быў прафесійны гісторык, ты б узяўся? Ну, не хочаш яму, памажы мне. Мяне разгрузі.

— Вас?

— А я табе калі-небудзь памагу.

Пабачыўшы, што Рак завагаўся, Самусенка паднаціснуў, пачаў угаворваць, нарэшце, як апошні аргумент, хутка, нібы баючыся, каб Рак не перадумаў, напісаў зверху на паперчыне суму.

— За адзін аркуш, чатырнаццатым шрыфтам праз паўтара інтэрвалы, а ў кнізе такіх аркушаў мінімум дзесяць.

Рак не паверыў вачам, па мясцовых мерках сума была проста неверагодная. Гэтым не скончылася; Самусенка дастаў некалькі сініх купюр еўра, паклаў на стол і прыціснуў далонню.

— Лічы гэта як ганарар за тваю геніяльную паэзію.

Ведаў, што сказаць. За апошнія гады, а, калі шчыра, дык і за ўсё жыццё Рак не атрымаў ніводнай нармальнай грашовай прэміі (усе былі, як сам ён іранічна казаў, «безалкагольныя», што значыла — безграшовыя), ніводнага больш-менш прыстойнага ганарару, за які можна было б што-небудзь людскае набыць: машыну, кватэру, ці з'ездзіць у замежнае турнэ, ці нават проста ў адпачынак; ён толькі і быў некалі на возеры Рыца ў Абхазіі, ды яшчэ адзін раз за мяжой, у Мадрыдзе, і то неафіцыйна, не па пісьменніцкай лініі, а па прыватным запрашэнні знаёмага ўкраінца, які там працаваў і жыў.

— Хіба глянуць. Нічога не абяцаю.

Ён, загадзя пераадольваючы непрыязь да гэтага Літава, узяўся за тэкст. Там быў намешаны боб з гарохам і божы дар з яечняю. Усё сабрана са свету па нітцы, дзе садрана з інтэрнэта, дзе са школьнага падручніка, з наіўнымі тлумачэннямі і выкладкамі. Акрамя таго Раку, які кожны радок выношваў тыднямі (каб пасля яго выкрасліць), асабліва непрыемна было, што гэты Літаў нават на сваёй роднай рускай мове кідаецца словамі як папала, направа і налева, нібы венікам мяце. Рак перакладаў, правіў і з сорамам бачыў, што пасля яго рэдактуры атрымліваецца яшчэ горш, чым у арыгінале,— а таму быў нямала здзіўлены, калі пасля першай порцы перакладу Самусенка, які ўзяў на сябе ролю пасярэдніка, аб'явіў, паціраючы рукі, што Літаву страшэнна спадабалася і ён гарыць жаданнем са сваім рэдактарам пазнаёміцца.

— Паглядзіш, які цікавы чалавек. Ну што ты за ламака. Табе трэба ведаць жыццё, быць з народам, бо што ты бачыш, ад чаго ты бярэш творчую энергію — ад разеткі?

Рак як мог аднекваўся, абяцаў і адцягваў, як раптам у канцы вясны гэты Літаў сам да яго заявіўся. Невысокі мацачок, прыкладна аднаго з Ракам веку, у светлым ільняным касцюме, які сядзеў на Літаве як уліты, у моднай, белай без гальштука кашулі, жвавы і пругкі — здавалася, калі пастукаць зверху па лысінцы, ён пачне адскокваць ад падлогі, як мячык. Адразу было відаць, што чалавек глядзіць сябе, займаецца спортам і, у адрозненне ад, напрыклад, баязлівага Рака, які звяртаўся да дактароў у самым крайнім выпадку, гэты карыстаецца лепшымі медыцынскімі паслугамі, якія можа дазволіць сабе багаты. Першае, што Літаў сказаў:

— Прабачце, пакуль не ў дастатковай ступені валодаю моваю,— а наступны за гэтым сказ быў такі: — Як вы лічыце, хто лепшы пісьменнік у Баларусі?

Рак уважліва на яго паглядзеў і прамаўчаў.

— А-а, цяжка! Усе творцы, у каго ні пытаю, не могуць адказаць. Ведаеце, чаму? Кожны ў душы лічыць, што ён лепшы.

Ён засмяяўся, паказаўшы два буйныя пярэднія зубы з шчылінкай паміж імі. Далей гэты Літаў нагаварыў кучу кампліментаў, якіх Рак у жыцці не чуў, прызнаваў сваё дылетанцтва, прыніжаў сябе, а Рака і асабліва Самусенку, якога не было тут, узносіў да нябёс; спытаў чамусьці, як Рак ставіцца да кнігі Маўра «Палескія рабінзоны», на развітанне папрасіў падараваць яму кніжку. Пацягнуўшыся да паліцы, Рак зачапіў жэтон, той упаў на падлогу, закаціўся пад шафу. Літаў падняў; толькі і паспеў заўважыць выяву плошчы Якуба Коласа на аверсе, як Рак хутка забраў жэтон і павесіў назад.

— Цікавая рэч,— крыху сумеўшыся ад такога яго рэзкага руху, сказаў Літаў.

Рак адказаў, што нічога цікавага: некалі ў яго была каханая дзяўчына, я правёў яе, назад хацеў ехаць на метро, купіў жэтон, але пайшоў пешкі, а жэтон пакінуў на памяць. А пасля высветлілася, што гэта незвычайны жэтон, выпушчаны да дваццацігоддзя мінскага метро; такіх усяго восем, па ліку першых васьмі станцый.

— Пакуль у мяне адзін, але я не губляю надзеі сабраць яшчэ сем. Праўда, іх з кожным годам становіцца ўсё менш, сціраюцца, губляюцца, выводзяцца з ужытку, ды і калекцыянеры ў шапку не спяць...

— Дазвольце даць вам параду,— фамільярна перабіў Літаў.— Гэта проста: трэба даць абвестку на «Куфры» ці на «Ау».

— Шкада часу.

— Тады я прашу вашага дазволу самому гэта зрабіць. Будзе вам маленькі прэзент.