— Усё ж я патрабую тлумачэння,— прымірэнча сказаў ён.— Які сэнс у гэтым?
— Сэнс у тым, што мяне мала цікавяць сямейныя праблемы бяскрыўднага графамана Літава, у якога, дарэчы, з гэтым усё ў парадку — ён без памяці закаханы ў сваю Ірму, у сваіх дзяцей; не цікавяць ні яго браты — як сапраўдныя, так і выдуманыя, ні самотны інтэлігент Самусенка, ні Лю з сябрам, які, дарэчы, сціплы, ціхі, у акулярах студэнтзавочнік, не цікавіць Асавец з яго нібыта праблемамі наконт будучай падчаркі... Усё гэта пусканне пылу ў вочы, дымавая завеса.
— Тады што вас цікавіць?
— Больш рэальны выпадак,— Грыневіч вытрымаў паўзу. — Першы муж нашай агульнай знаёмай Лены Міхайлоўскай, Каралёў Віктар.
— Вы хочаце сказаць...
— Хачу сказаць, што ёсць падазрэнне, а пасля вашай аповесці — можна яе так называць? — ужо і ўпэўненасць, што Каралёў не знік, не з'ехаў, ён загінуў. I не ад няшчаснага выпадку, а гвалтоўнай смерцю.
— Пры чым тут я?
— Вы унікум, творчы чалавек. Я вырашыў заінтрыгаваць вас, зацікавіць, паспрабаваць стварыць вакол вас атмасферу тайнаў, інтрыг, загадак, крыміналу, разыграць заблытаную сітуацыю, у якой часцей мільгалі б словы: злачынства, знікненне, забойства, каб прымусіць вас прыняць у гэтым удзел, вобразна кажучы, увесці вас у транс — ведаеце, вось як медыумаў уводзяць... I спадзявацца на вашу творчую інтуіцыю, на тое, што вы — не, не напішаце, пра гэта і марыць нельга было, а хаця б зацікавіцеся і, магчыма, інтуіцыяй выведзеце на падказку. Што і адбылося.
— Чаму вы не звярнуліся да мяне адразу?
— У тым і рэч! Не можна было адразу. Трэба было, каб вы самі не ведалі. Зададзенасць магла б сапсаваць вам нос, збіць чуццё...
— I потым, тут яўная несуразмернасць. Ці варта скура вырабу? Вы разыгралі цэлы спекталь, уцягнулі масу людзей... Навошта такія складанасці? Каб прыкурыць цыгарэту, вы падпалілі АЗС!
— Гэта так здаецца. Насамрэч было зусім няцяжка. Я ўсяго толькі папрасіў Літава праз Самусенку выйсці на вас, Лену Міхайлоўскую — пазваніць вам, !рму Айгараўну — разыграць увечары драматычную сцэнку, а потым даў наказ сабрацца ўсім на раўце і расказаць кожнаму па гісторы. Самае цяжкае было ўгаварыць Лю прыехаць да вас на ноч, але я так расхваліў вас, так доказна растлумачыў, што вы — каштоўны медыум, які паможа ў важнейшай справе, што яна перш зацікавілася, а потым і згадзілася; плюс у яе быў свой інтарэс — яна спадзявалася, што вы сапраўды паможаце ёй з творчым конкурсам. Вось і ўсё. А вы ўжо самі нафантазіравалі, разгарнулі цэлае палатно... I зрабілі гэта на ўзроўні,— хутка дадаў Грыневіч.— Так дасканала апісалі падзеі, рэчы, людзей!
Кнопка пад назвай «самалюбства» надзейна працавала.
— Ну што ж,— і на гэты раз астыў Рак.— Мне, канечне, не зусім прыемна, што мяне выкарысталі ў нейкіх сваіх мэтах, без майго ж дазволу... Але ўсё ж з ватага боку гэта творчы падыход, а я нічога ў свеце так высока не стаўлю, як творчасць. У гэтым я ваш аднадумца. Дзеля справы чаму б не паслужыць. Але мне ўсё адно здаецца, што вы дарэмна трацілі час. У чым вынік? Дзе плён?
— Тут.— Грыневіч паказаў на ноўтбук.— Тут ёсць і ахвяра, і злачынца. Калі я ехаў да вас, я не ведаў амаль нічога. Цяпер я ведаю амаль усё.
— Вось як. Зрэшты, пачакаце. Давайце адразу высветлім — можа, вы мяне падазраеце?
— Якія падазрэнні! — усклікнуў Грыневіч, нават прыклаў да грудзей рукі.
— Дзякаваць богу. А то было б надта прымітыўна, банальна, заезджана — калі аўтар, пішучы, сам сябе выкрывае. Тым больш у наш час, час фэйкаў, фоташопаў-фотажабаў, калі дастаткова толькі захацець, толькі паказаць пальцам — і самаму святому чалавеку цяжка адмыцца. Я гатовы вас слухаць. Вечар цёплы, лагодны, мяккі. Тут утульна, камароў мала. Я не за рулём, у мяне і правоў няма, затое херас ёсць — крымскі. Ведаеце, можа, гэта не патрыштычна пасля Украіны, але люблю крымскі больш нават за іспанскі.
— Дзе вы дастаеце?
— То сябры прывозяць, а то ёсць крама «Крымскія віны». І так — я ўважліва слухаю. Што ж я такога напісаў? Што менавіта раскрыў, сам аб тым не здагадваючыся?
Частка дзявятая
ЖЭТОН НА МЕТРО
XXV
За вакном сцямнела. Рак пстрыжнуў выжлючальшкам, загарэлася лямпачка пад абшытай вагонкаю столлю. Круг святла падаў на стол, а куток, дзе сядзеў Рак, быў у паўзмроку. Аднекуль узяўся камар і зазвінеў у цішыні, пакуль Рак не прыбіў яго. Грыневіч адпіў адвар зёлак з тэрмашклянкі, асцярожна пакашляў, прачышчаючы горла, і пачаў, то ў ноўтбук, то з-пад ілба на Рака пазіраючы: