— Я столькі чую пра гэтую аповесць! — нецярпліва ўсклікнуў Рак.— Скажыце нарэшце, што вы там вычыталі?
— Канечне, гэта ўсяго толькі версія, лёгкі эскіз, пункцір... Я магу памыляцца ў дэталях... Але ў цэлым вось што мы маем. Міхайлоўская часта ездзіла ў Мінск. Як вы далікатна заўважылі, яна не была феяю. Дапусцім, у Мінску яна, акрамя вас, яшчэ з кімсьці сустракалася. Пра гэта стала вядома Каралёву. Хутчэй за ўсё ён нават даведаўся, хто яго шчаслівы супернік — назавем яго так — і дзе ён жыве: сама Міхайлоўская ў запале магла сказаць. I вось пасля чарговага скандалу, у пачатку верасня 2004 года, Каралёў, як неаднойчы да гэтага рабіў, купляе білет ва Украіну да Оўруча. Але ў апошні момант раздумвае і перасаджваецца ў дызель, які вязе яго на Калінкавічы, адкуль лёгка патрапіць у Мінск. Я раздабыў і вывучыў тагачасны расклад руху цягнікоў: дызель Славечна — Калінкавічы і пасажырскі цягнік Баранавічы — Жытомір праязджалі мястэчка ў адзін час. Не будзем забываць, Каралёў — чыгуначнік, таму ведаў гэтыя расклады як свае пяць пальцаў. Аднак галоўнае тут, што ў яго кішэні ляжыць білет ва Украіну, а ён як ні ў чым не бывала выходзіць на мінскім вакзале. Дапусцім, з вакзала ён едзе да шчаслівага суперніка і застае яго дома. Каралёў чалавек гарачы, неўтаймаваны, як усе раўніўцы, на ўзводзе, можа і выпіўшы. Адбываецца размова на падвышаных танах, з якой можа высветліцца, што пра яго візіт сюды ніхто не ведае. Пакрысе размова перарастае ў пагрозы, пагрозы — у дзеянне. Цалкам можа быць, што шчаслівы супернік, абараняючыся, не разлічыў сілы, стукнуў ці штурхнуў Каралёва, але, як часта бывае пры такіх няшчасных выпадках, дастаткова чалавеку няўдала ўпасці, каб пацэліць скроняй у край стала ці патыліцай аб падлогу, каб усё закончылася трагічна. Само сабою афект, шок. Разам з тым у такія хвіліны мозг пачынае працаваць як ніколі востра. Ліхаманкава абчышчаюцца кішэні. Там пісьмо, там блакнот, там пашпарт з прапіскаю, а галоўнае — білет! Цяпер было вядома, куды ён накіроўваўся. План саспеў імгненна. Ніхто не ведае, што Каралёў у Мінску. Калі ў яго білет у Оўруч, дыж туды яго і трэба даставіць; чалавек збіраўся ва Украіну — і заехаў ва Украіну, а калі там знік, можа і загінуў, дык і шукайце яго там! Не забудзем, што тады мяжа з Украінай была вельмі ўмоўная. Дапусцім, пад акном машына. Але аднаму, як ні круці, не справіцца, ды яшчэ калі, напрыжлад, шосты паверх. Тут дарэчы падварочваецца сусед які-небудзь наркаман-байкер. Памагае ў ліфце, памагае ў машыне. Вечар, хутчэй за ўсё нават ноч. Шанцавала ім неверагодна. Ніхто іх не спыніў. Даехалі да да Жалоні, а там развілка, а там — крыж пад ручнікамі. Гэта была бліскучая ідэя — схаваць цела на тэрыторы іншай дзяржавы, ды яшчэ ў такім месцы, якое лічыцца сакральным! На другі дзень заставалася пазбавіцца ад машыны — на ёй маглі быць сляды, яшчэ праз тыдзень — ад адзінага сведкі, які вельмі падазрона разбіваецца на байку ад нібыта перадазіроўкі, а яшчэ праз тыдзень з Украіны прыходзіць Міхайлоўскай пісьмо, напісанае падобным да яе мужа почыркам...
На Рака страшна было глядзець. Вочы запаленыя, твар белы ад сашчэпленых моцна зубоў. З-пад расшпіленай да грудзей сарочкі выбіваліся курчавыя валасы.
— Хвілінку,— выціснуў ён. — Хто ж ён, гэты... супернік?
— Як хто?! — аж адкінуўся ў крэсле ад здзіўлення Грыневіч.— Вы! Вы, і ніхто больш.
Рак устаў, хутка падышоў да століка і грукнуў кулаком так, што ноўтбук падскочыў і дзынкнула лыжачка ад кавы аб сподак.
— Я папрашу! — крыкнуў ён здушана, затым вярнуўся назад і зноў сеў у крэсла.— Прабачце, у мяне слабыя нервы... Я не спаў, перажываў, многа думаў. Можа быць я няправільна вас зразумеў ці не дачуў: вы перад гэтым сказалі, што не падазраеце мяне...
— Я не дагаварыў. Гэта калі я ішоў да вас, былі падазрэнні. Цяпер гэта факт, аксіёма, стопрацэнтная ўпэўненасць. Сядзіце, калі ласка! Я не люблю, калі перада мною стаяць.
Гэты выкід энергіі, выпусканне пары, груканне па стале памаглі Раку — нібы нейкі нарыў прарваўся. Ён узяў сябе ў рукі.
— Я з самага пачатку западозрыў, што вы ненармальны, — сказаў ён.— Кідацца такімі абвінавачваннямі мне, заслужанаму, не самаму апошняму... Гэта ўжо, ведаеце, пераходзіць усе... Не падумайце, што я спалохаўся або разгубіўся. Выгнаць вас ці выклікаць міліцыю я паспею. У мяне толькі адно пытанне: нашто вы цягнулі столькі часу? Трэба было адразу мяне арыштоўваць, і ўсё.