— Жэтончык на мінскае метро? — падказаў Рак.
— Ну, жэтона пры ім дакладна не будзе. Вось гэтага,— сказаў Грыневіч, выцягваючы з кішэні жэтон за шаўковую нітку,— з выявай плошчы Якуба Коласа на рэверсе. Прашу прабачэння, што ўзяў без дазволу... З жэтона ўсё і пачалося. Ён мяне і вывеў. Вы сказалі Літаву, што гэта калекцыйны жэтон, такіх толькі восем і выпускаліся яны толькі адзін раз, да дваццацігоддзя мінскага метро, і адразу ж — што трымаеце яго як памяць пра дзяўчыну. Але ў аповесці вы сустракаліся з Міхайлоўскай у двухтысячным годзе, а дваццацігоддзе метро было ў дзве тысячы чацвёртым! Акурат у год знікнення Каралёва! Так у мяне адкрыліся вочы. Я зразумеў, што ён быў у Мінску, быў у вас, і шукаць яго сляды трэба тут. Тое, што ніякі вы не калекцыянер, даказвае і тое, што вы пасля раўта нават не забралі — пакінулі на стале падораныя вам сем жэтонаў. Значыць, вам важны толькі гэты адзін. Які дастаўся вам, калі вы абчышчалі кішэні Каралёва.
Рак хацеў усміхацца, але дрыготкія вусны выдавалі яго.
— Нашто б я трымаў такую небяспечную ўліку... Я б даўно пазбавіўся ад яе...
— У крыміналістыцы ёсць тэрмін — сентыментальнасць злачынцы. Пакінуць сабе якуюсьці рэч, своеасаблівы амулет, які б вярэдзіў памяць і адначова надаваў змрочнага гонару: ах, які я спрытны, хітры, разумны! — здзейсніў злачынства, падчысціў сляды, а вось напамін пра яго — перад усіхнімі вачамі!
XXVI
Раптам шчоўкнула нешта, трэснула, настаў змрок, толькі бляклае святло з двара ды ад манітора ноўтбука.
— Што такое?— усклікнуў, усхапіўшыся Грыневіч.— Што гэта?!
— Лямпачка перагарэла.
— Не падыходзьце!
— Тады самі ўключыце настольную.
Грыневіч уключыў — і ўсё памянялася. Калі гарэла вялікае святло, ён, блізарука прыгорблены за столікам перад ноўтбукам, здаваўся меншым, а Рак у кутку ў крэсле — большым; цяпер, калі ўключылася настольная лямпа, Грыневіч як бы падрос, а Рак наадварот — скурчыўся і паменшаў. Ён яўна пачынаў здавацца. Чырвоны твар, пот, беганне вачамі. У дрыготкіх пальцах ён нервова круціў карабок запалак. Ад яго бравады нічога не засталося.
— Вы так і не спыталі,— сказаў Грыневіч,— як я мог, падазраючы вас, дапусціць да вас Лю?
— Дыж цяпер пытаю,— сіпла азваўся Рак.
— Па-першае, я быў усю ноч побач. Потым — трывожная кнопка, аўтадазвон, усё такое... Ад чаго мне цяпер сорамна.
— Чаму? — з цікавасцю падняў галаву Рак.
— Вядома, я і раней здагадваўся, што вы з Міхайлоўскай не проста выпадковыя знаёмыя. Акрамя таго падазрона было, што Лю так лёгка згадзілася. Усе сумненні зніклі, як толькі я пачаў чытаць аповесць. Я разумею ваша жаданне вывесці сябе гэткім мачо, суперменам... Але пры ўсёй павазе да вашых мінулых заслуг, не ў крыўду сказана,— каб так, у першы ж вечар, на лавачцы... Я не ўпэўнены, што гэтая рамантычная лавачка ўвогуле існавала. Як не магу паверыць, што ў вас не было кватэры, а нават калі і не было, дыж у Мінску з вашымі сябрамі не праблема яе знайсці. Вы былі знаёмыя з Міхайлоўскай раней. I хутчэй за ўсё яна ездзіла ў Мінск ні на якія курсы, а да вас.
— I што з таго?
— А тое, што пад вершам «Чаромхавы чад» указана не дата вашай нібыта першай і апошняй сустрэчы, як вы запэўніваеце ў аповесці, а дата напісання верша! Які напісаны пазней, значна пазней за цвіценне чаромхі — скажам, месяцаў на дзевяць пазней. Як вы ні блыталіся ў аповесці з гадамі Лю, не цяжка падлічыць, што ёй не сямнаццаць, а васямнаццаць, а калі яшчэ мець на ўвазе, што яна Віктараўна, а вы з Каралёвым цёзкі... Няма ніякага сумнення — вы, і ніхто больш, бацька Лю!
— Гэта сакрэт Полішынеля,— Рак паспрабаваў вымучыць з сябе нейкае падабенства ўсмешкі.— Я асабліва і не хаваў...
— Як не хавалі? — строга падняў на яго вочы Грыневіч.— А тэлефонны званок у самым пачатку? Праўда, далей вы далі маху: калі Лю падслухоўвае кавалачак тэлефоннай размовы ў шостай частцы, там крыху іншыя словы, чым у вашай перадачы напачатку, там праскоквае: «не атрымаецца — нічога страшнага». Думаю, Міхайлоўская званіла вам з мэтай папярэдзіць, сказаць, што вамі зацікавіліся, ну і акрамя таго сапраўды папрасіць дапамогі пры здачы творчага конкурсу, бо рэдактарская справа — ваша прамая спецыяльнасць.
— Я думаў, гэта само сабой зразумела...
— Тады зусім іншая карціна, тады ўсё выцягваецца ў лагічны ланцуг, тады зразумела, з-за чаго былі паміж Міхайлоўскай і Каралёвым праблемы, скандалы, сваркі і рэўнасць; зразумела таксама, што менавіта магла сказаць Лена ў запале Каралёву. Калі ён даведаўся, што дачка не яго, ды даведаўся, чыя яна — больш яго нічога не трымала, і ён выправіўся на разборкі з шчаслівым супернікам.