Выбрать главу

— Вы многа ведаеце.

— Многа, але не ўсё. Пра некаторыя рэчы я магу толькі здагадвацца. Напрыклад, чаму вы не ажаніліся з Міхайлоўскай, якая да гэтага часу кахае вас — бо, як пафасна вы пішаце, літаратура, творчая незалежнасць для вас важней за ўсё на свеце. Магу здагадвацца, адкуль абыякавасць Лены да Каралёва, не спагнанне з яго аліментаў — бо вы, сапраўдны бацька, памагалі ёй матэрыяльна. Здагадваюся, што вы, і ніхто іншы, ездзіў з дачкой у Прыбалтыку, калі ёй было трынаццаць, гэта вы выслухоўвалі яе замежныя прыгоды і фантазіі (уся ў бацьку!) — у вас ёсць цыжл вершаў «Вентспілскія рыбакі», «Аб чым маўчыш, Яніс Яўнсудрабінь»... Здагадваюся таксама,— Грыневіч кінуў хуткі позірк, Рак механічна сцягнуў на грудзях сарочку, з-пад якой курчавіліся валасы,— што гэта вы, а ніякі не сябар, вярталіся з Лю полем з возера ў мястэчка...

— Ад вас нічога не схавает.

— Парадокс у тым, што і Міхайлоўская, і Лю, і ўсе, хто прымаў у гэтым удзел, уключаючы Асаўца, і цяпер у шчаслівым няведанні адносна вас. Яны шчыра вераць, што вы добры маг, чарадзей, які паможа адтукаць сапраўднага злачышцу. Я не жорсткі, і прызнаюся: самая непрыемная мая місія будзе аб'явіць ім, хто вы на самой справе.

Рак падняў галаву. Ноткі, ці, лепш сказаць, рэшткі гонару прарэзаліся ў яго голасе:

— І ў чым тады ваша заслуга? Калі я сам сабе выкапаў яму сваёй аповесцю? Вы толькі вывудзілі ўсё гатовае. Гэтак любы б змог.

— Нашто ж вы пісалі? — лагічна заўважыў Грыневіч.— Не трэба было пісаць.

— Менавіта! — ухапіўся Рак за саламіну.— Калі чалавек вінаваты, хіба ён так будзе падстаўляцца? Ён зашпіліцца на ўсе гузікі, залезе ў ракавіну і ніхто за кіламетр да яго не наблізіцца!

— Не абавязкова. Злодзей часта гучней за ўсіх крычыць «лаві злодзея».

Калі ён разумны і хітры, ён, наадварот, пастараецца скарыстацца магчымасцю самому прыняць удзел у расследаванні, каб ведаць, на якой яно стадыі, звядзе ўсё да балбатні, несур'ёзнасці, буфанады — каб заблытаць сляды.

— Толькі не я. Я напісаў бы інакш, знайшоў бы іншую тэму...

— Самаўпэўненасць вас і пагубіла. Вы не сумняваліся ў сваёй сіле, пісалі, будучы ўпэўненым, што ніхто не разблытае, што як бы супраць вас ні гулялі, вы ўсё адно пераможаце.

Рак ламаў у пальцах адну за адной запалкі.

— Што вы мне параіце? — спытаў ён ціха.

— Тое, што і заўсёды раіцца ў такіх выпадках — прызнанне. Яно ў вас у прынцыпе ёсць, застаецца аформіць яго афіцыйна. I тады вам усе прэферэнцы: супрацоўніцтва са следствам, даўнасць тэрміну, афект, той важнейшы факт, што без вас не раскрылася б (пра аповесць я згодны прамаўчаць). Тым больш які вы забойца — так, няшчасны выпадак, неабходная абарона. Можа, я старамодны, але я нават у наш час веру, што злачынства і талент несумяшчальныя; я проста ўпэўнены, што вы рана ці позна самі прызналіся б, і без мяне.

— А другі варыянт?

— Ваша ўпартасць і маўчанне. Тады я вымушаны буду даць гэтай гісторы самую шырокую агалоску. Вы не ўлічылі, што я — не з дзяржаўных органаў, мне зусім неабавязкова трымаць дэталі следства ў тайне. А значыць, я магу выкласці ўсё ў адкрыты доступ, ды намякнуць, хто падазраваны, ды са сваімі каментарамі... I калі пойдзе грамадскі розгалас, калі вашай гісторыяй зацікавіцца сапраўднае афіцыйнае следства, калі на маім месцы апынецца і, закасаўшы рукавы, возьмецца за справу тупы выканаўца — вам не пазайздросціш. Вы, канечне, наўрад ці ведаеце, што генетычная экспертыза чалавечых парэшткаў ніколі не дае стопрацэнтовай гаранты. А гэта значыць, што пры жаданні практычна любое цела, знойдзенае пад любым крыжам, можна павесіць на любога чалавека, і да­казаць нешта пасля такой аповесці будзе ой як нялёгка. Але нават калі дакажацца, вашае жыццё за гэты час ператворыцца ў пекла. Я ўжо маўчу пра рэпутацыю, кар'еру, добрае імя! Усё будзе выпэцкана, паламана, знішчана.

— Нашто вам гэта?

— Дзіўнае пытанне! Спытайце ў доктара Шнэйдара, нашто ён выразае ракавыя пухліны. Бо я сумленны ча­лавек, афіцэр, грамадзянін. Бо гэта мой доўг. Бо злачынца павінен сядзець у турме, а не атрымліваць асалоду ад жыцця. Бо я абсалютна не згодзен з вашай тырадай пра несумленнага следчага і несправядлівы суд, я лічу, што ўсё роўна наадварот — следчыя ў нас сумленныя, а суд незалежны і непадкупны.

— Што ж... Я не чакаў, што вы справіцеся. Я вас недаацаніў. Аддаю вам належнае. Вы годны супернік...

Рак падняўся.

— Не падыходзьце! — усклікнуў Грыневіч, апусціў руку ў заплечнік і назад не выцягнуў.— Не трэба набліжацца! Дарэчы, ледзь не забыў — можа, вы хочаце мяне заваліць, як няшчаснага Каралёва, і вывезці на маёй машыне да якога-небудзь крыжа ці проста скінуць у раку? Адразу папярэджваю — я супраць. Дзясятак чалавек у гэты момант ведаюць, дзе я і з кім.