Выбрать главу

— Чакайце!..

— Не трэба мяне праводзіць, я ведаю дарогу. Да сустрэчы, спадзяюся, да хуткай.

— Ды паслухайце, упарты вы чалавек!..

Але гэты дзівак не стаў нават слухаць: ці то быў настолькі ўпэўнены ў непарушнасці сваёй версіі, ці сапраўды проста спалохаўся — уночы, адзін на адзін з забойцам; заспяшаўся, замітусіўся і, нягледзячы на хворую нагу, так хутка выскачыў з кватэры, што нават дзверы за ім не стукнулі,— знік, растаў у паветры, як і не было яго. Рак не паспеў нічога сказаць. А ў яго на канец быта падрыхтавана цэлая прамова, у якой ён збіраўся і прызнацца, і пакаяцца. Калі паўгода назад яму патэлефанавала Лю і папярэдзіла, што ім пачалі цікавіцца, ён уразіўся, як гэта супала з яго намерам паспрабаваць свае сілы ў прозе.

«Уяўляеш: гэты мамін новы, гэты Асавец, здагадваецца, што маці не забота цябе, кахае па-ранейшаму, і месца не знаходзіць ад рэўнасці. Мала ёй быто аднаго такога.

Ён яшчэ горшы за бяспутнага Каралёва. Як яна будзе з ім жыць? Ён яе даканае сваім занудствам, падазронасцю, упіканнямі — кшталту ашчаслівіў яе. А яшчэ, здаецца, ён усур'ёз забраў сабе ў галаву, што шалапутны Каралёў не з'ехаў, а з ім здарылася няшчасце, яго забілі; ды яшчэ падключыў свайго сябра з Мінска, такога ж, як сам, які ўсё вынюхвае, выпытвае — як на допыце або на дэтэктары хлусні. Са мной таксама паспрабаваў, але ты ж ведаеш, на мне дзе сядзеш, там і злезеш. Ён цябе падазрае, гэта проста дзіка! Ён бачыў падпісаную табой кніжку, у якой ляжала пісьмо. Вакол гэтай кніжкі ўсё і круціцца. Так што будзь асцярожны».

«Цяпер разумею,— усміхнуўся ён,— чаму ўсе так вакол мяне забегалі, пачалі абходжваць, апрацоўваць з усіх бакоў. Дарэчы, а дзе бяспутны Каралёў?»

«Якая розніца? Маці ён не піша, а мне было пару вестак, апошняя па і-мэйле, на Новы год. Хваліўся, што ваяваў на баку ДНР, потым на баку ЗСУ, цяпер жыве ў Мадрыдзе, кветкамі гандлюе, возіць з Эквадора на самалёце. А — яшчэ падзяліўся радасцю, што збылася яго мара: нарэшце памяняў рускі канчатак прозвішча на ўкраінскі. Нібы мне гэта так важна ведаць!»

«I ты не сказала ім пра пісьмо?»

«Я яго адразу ж выдаліла».

«I маці не ведае?»

«Нашто мне яе лішні раз расстройваць. Дык што, паможаш? Прыдумай што-небудзь, ты ж пісьменнік. Ты можаш паставіць на месца гэтага надзьмутага зануду, каб ён прыцішэў? Каб маці пабачыла яго сапраўднае аблічча?»

«Трэба падумаць»,— сказаў ён.

Тым жа вечарам ён пакалупаўся ў камп'ютары, шукаючы, што важнага адбывалася ў Мінску за апошнія 10 — 15 гадоў; прапусціў палітыку, усе гэтыя нейкія некуды выбары, нейкія рэферэндумы пра нейкае пажыццёвае кіраванне — усё было да моташнасці нецікавае, а самае галоўнае — да імгнення часовае. Зацікавіла яго толькі такая інфармацыя: «На заўвагу калекцыянерам! У продаж паступілі сто тысяч юбілейных жэтонаў... ад звычайных адрозніваюцца выявай адной з васьмі станцый метро, уведзеных у эксплуатацыю ў 1984 годзе... каштуюць юбілейныя жэтоны столькі ж, колькі звычайныя...» Вось гэта было ўжо нешта. Жэтон на метро мог аказацца больш даўгавечным за любую ўладу. Ужо разумеючы, што знайшоў, што хацеў, адчуваючы прыемны сверб творчасці, у той жа вечар даў на «Куфры» абвестку, а ў абед наступнага дня сустрэўся з сухенькім мінскім дзядком-інтэлігентам, канечне ж, з бародкай і ў акулярах, змоўніцкі выгляд якога надаваў гэтай аперацы куплі-продажу звычайнага жэтона амаль крымінальную таямнічасць.

Прыманка была знойдзена. Ён пазваніў Лю і папрасіў прывезці яго падпісаную кнігу і пісьмо Каралёва, пажадана з канвертам.

«Што ты прыдумаў?»

«Адну гісторыю».

«І яна паможа табе даказаць сваю невінаватасць?»

«Наадварот,— усміхнуўшыся, адказаў ён.— Я не збіраюся нічога даказваць і ні ў чым апраўдвацца. Я сам працягну рукі, каб іх звязалі».

«Як гэта?»

«Часта на паляванні звер, ліса ці кабан, не кажучы пра зайца, уцякаючы ад сабакі, з усіх сіл ляціць уперад, каб адарвацца як мага далей, затым рэзка разварочваецца і бяжыць па сваім следзе насустрач сабаку, пасля чаго робіць саскок. Зразумела, сабака ідзе па тым следзе, які мацней пахне, пасля, канечне, вяртаецца і знаходзіць развілку, але час страчаны. Я паспрабую здвоіць след, сам пабягу насустрач».

«Глядзі не пападзіся».

Ён узяў з запасу чысты экзэмпляр зборніка «Чаромхавы чад», зрабіў такі самы, як і на старой кнізе, надпіс — больш-менш почыркам Каралёва, не надта пільнуючыся дакладнасці, і аддаў Лю. Атрымалася, што пісьмо было сапраўднае, а яго ўласная кніга з подпісам — падробка.