«Цяпер пастаў кніжку з пісьмом на паліцу».
«І ўсё?» — недаверліва спытала яна.
«Усё. Калі гэты Пінкертон сапраўды такі настырны і ўедлівы, як ты расказваеш, калі ён не ведае пра і-мэйл, калі ў ім ёсць сапраўдная творчая жылка — ён заўважыць падабенства почыркаў, супаставіць даты і пападзецца».
«А калі не?»
«Тады ён не варты, каб яму давалі ўвагу».
«Скажы, а на маці ніяк гэта не адаб'ецца, такія махінацы?» — спытала яна.
Ён насупіўся:
«Маці другім разам хай лепш выбірае сваіх мужчын».
«Нічога гэтага не было б, калі б ты жыў з намі. Як можна жыць адной літаратурай? Памяняць родных людзей на асадку, ноўтбук і кавалак сшытай паперы — кнігу?»
«Ну-ну,— яшчэ больш насупіўся ён.— Мы неаднойчы на гэтую тэму гаварылі, яна не абмяркоўваецца».
Вось што прыблізна падрыхтаваў на канец Рак, у гэтым хацеў прызнацца і за гэта збіраўся папрасіць прабачэння, бо мэта ў Грыневіча пры ўсім пры тым была высакародная — устанаўленне справядлівасці, у той час як у яго, Рака, сумніўная — розыгрыш, гульня, падман.
Напісаць аповесць яму было няцяжка. Пікантнасць сітуацы была яшчэ і ў тым, што Грыневіч, сам паляўнічы, папаўся, пабег па тым следзе, які мацней пахне. Шкада яго, канечне, але раз такі гарачы, нецярплівы — хай, будзе навука: не ўсяму ж сказанаму і напісанаму трэба верыць. Ды і не гэта было галоўнае. Справа не ў педантычным, уедлівым, упартым і ўпёртым, але наіўным і па-міліцэйску праставатым Грыневічы, які, плетучы павуцінне, растаўляючы сілкі, сам у іх ублытаўся — зразумела, што з гэтым хутка разбяруцца, як высветляць і тое, што юбілейныя жэтоны выпускаліся не да дваццацігоддзя, а да трыццацігоддзя метро, а не разбяруцца, тым лепш: сваёй няўрымслівай дзейнасцю Грыневіч толькі створыць вакол гісторы ажыятаж, а аповесць атрымае бясплатную рэкламу, прычым скандальную, а значыць, самую надзейную.
Цяпер гэта было няважна. А важна, што ён выканаў абяцанне, дадзенае дачцэ. Яго дэбют, яго першы блін не атрымаўся комам. Яму паверылі. Ён дабіўся свайго (і цяпер з усмешкай падумаў, што ў свеце толькі дзве сапраўдныя непрыемнасці: першая — не дабіцца чаго хацеў, другая — дабіцца чаго хацеў).
Тэма жэтона была выкарыстана. Больш яна яго не цікавіла. Ён развітваўся са сваімі героямі, але ведаў, што нікуды яны ад яго не дзенуцца. Ён ужо адчуваў поўную сваю ўладу над імі. Пішучы, забаўляючыся, гуляючы сам з сабою ў шахматы, ён навучыўся ажыўляць людзей, мог па першым жаданні адпраўляць іх у нябыт і гэтак сама лёгка вяртаць назад. Гэта было так нова, цікава, незвычайна, захапляльна— улада творцы над сваімі героямі! Больш за тое — нешта падказвала яму, што гэта і ёсць адзіная ў свеце сапраўдная ўлада, хаця б таму, што яна самадастатковая, ёй нічога не пагражае: ні выбары, ні рэферэндумы, ні путчы з рэвалюцыямі, яе ніхто ніколі ні пры якіх абставінах не адбярэ, ды і прэтэндаваць на яе наўрад ці будзе.
Спаць не хацелася. Ён згроб са стала жэтон на шнурку, падышоў да акна, шырэй расчыніў створкі. Ноч — цёплая, летняя, ліпеньская ўлілася разам з пахамі і гукамі. Знізу ліхтар падсвечваў ярка-зялёную, аж да салатавай, лістоту дрэваў. Зверху зоры сеялі сваё падманнае святло. Ён размахнуўся, зашпурнуў у цемру жэтон, дачакаўся, пакуль ён прашамаціць у лістоце і ціха шпокне, затым стаяў, поўны адчування гэтай раней няведамай улады, прагна дыхаў, глядзеў угору — і яму здавалася, што дом разам з лоджыяй і з ім плыве, як касмічны карабель, падымаючыся ўсё вышэй, усё далей у гэтае глыбокае, мяккае, высланае зорамі аксамітна-чорнае неба.
2019 г.