Першыя на шляху населеныя пункты, чыстыя, акуратныя, шматлюдныя - дзеля прыходу савецкіх войск насельніцтва іх, падалося, было ў прыўзнятым, святочным настроі. Людзі віталі нашых салдат, іншы раз кідалі ў машыны кветкі, высыпалі кошыкі яблык. На кароткіх прыпынках мужчыны выносілі з піўных куфлі піва, гаварылі: «Не бойся, не атручана!», і самі выпівалі, каб падцвердзіць, глыток-другі, потым пакідалі на брані машын цэлыя рады поўных кружак. Мы ж баяліся — не столькі атруты, як правакацый, аб чым засцерагалі нашы ўсюдыісныя камандзіры, найбольш палітработнікі, і часцей за ўсё адмаўляліся ад пачастунку. Мова славакаў даволі зразумелая, адносіны хутка ўстанаўліваліся дружалюбныя. Так было ў адной, у другой вёсцы — тут людзі памяталі сваё вызваленне Чырвонай Арміяй у не так даўно мінулай вайне, нейкім чынам мелі, напэўна, зносіны з насельніцтвам суседніх вёсак на савецкім баку, ды і вяскоўцы самі па сабе больш простыя людзі, не такія ідыялагізаваныя. Салдаты паўзнімаліся наверх брані, весела адказвалі на прывітанні, частаваліся яблыкамі. Месцамі завязваліся сяброўскія гутаркі.
Наперадзе, кіламетраў за 80 ад дзяржаўнай мяжы, паказаўся гарадок Трэбішаў — невялікі, накшталт нашага райцэнтра, толькі намнога больш чысты, акуратны. Спачатку ніхто не ўцяміў, што да чаго, калі замест кветак у машыну паляцелі камяні. Салдаты пасур’ёзнелі, зніякавелі, не чакаючы каманды, хуценька адзін за другім спаўзлі пад абарону брані. Адзін камень трапіў у лабавое шкло нашай машыны, не прыкрытае абачліва бранявымі жалюзі, за рулём якой сядзеў радавы Шутаў. Звальнення ў запас у тую восень не было, а тэрмін вайсковай службы тады быў тры гады, і ў змрочнага ад гэтай акалічнасці Шутава ішоў ужо чацвёрты... Настроеныя больш агрэсіўна, чым сяляне, гараджане пагрозліва ўздымалі кулакі, у якіх нярэдка былі камяні, з усіх бакоў несліся абураныя воклічы, сэнс якіх потым мы чыталі на самаробных плакатах, лістоўках: «Акупанты, мы вас не клікалі да сябе!», «Бацька вызваліцель, ты агрэсар!» і іншыя.
...Наступаў вечар. Горад здаваўся вымершым, хоць за кожным крокам нашых салдат, можна было не сумнявацца, з вокнаў сачылі перапалоханыя і абураныя людзі. У другой палове дня намесніку камандзіра ўзвода старшаму сяржанту Бурдукоўскаму, маўкліваму сібіраку з Ангарска, перадалі загад камандзіра роты паставіць каравулы ў банку і ваенкамаце, на пошце, на мосце праз рачулку, што працякала праз горад, у іншых месцах. Мяне з маім сябрам Дольнікавым Бурдукоўскі паслаў ахоўваць воданапорную вежу ў ваколіцы Трэбішава. Дзе яна? Спрабавалі даведацца ў нешматлікіх сустрэчных. «Вунь там, у дзядзіне», - адказвалі нам без ніякай непрыязні. Што такое дзядзіна? Потым даведаліся - гэта па-славацку вёска. Да вечара шукалі, так і не дайшлі да яе.
Вярнуліся ў сваю роту. Ніхто не спытаў, дзе мы бадзяліся - не да таго было ў сумяціцы неспакойнага, трывожнага дня. Ды і каму было пытацца?.. Дзе нашы камандзіры, афіцэры, такія «баявыя», дасціпныя ў мірны час. Камандзіры ўзводаў, той самы суровы і заўсёды злосны, заўсёды незадаволены камандзір роты Фёдараў, які засядзеўся ў старшых лейтэнантах - не «пайшла» служба. Не бачылі мы іх - ці на нарады яны выклікаліся ў вышэйшыя штабы, ці недзе ў тыле адседжваліся... Толькі камандзір першага ўзвода малодшы лейтэнант Іваннікаў, нядаўні старшына звыштэрміновай службы, прыбягаў іншы раз: «Усё ў парадку»? - аддаваў нейкія большай часткай нікому не патрэбныя распараджэнні і зноў знікаў. Салдаты часцей за ўсё былі прадстаўлены самі сабе, дзейнічалі па свайму разумению і сумленню. Нярэдка самі назначалі каравул, ставалі ў яго і змяняліся. Не раз было, што самыя недысцыплінаваныя і адчаянныя паказвалі ўзоры стойкасці і свядомасці, нярэдка - патрыятызму...
Увечары таго дня нас з Дольнікавым пасля таго, як мы не знайшлі воданапорную вежу, Бурдукоўскі накіраваў ахоўваць ваенкамат — каб раптам мясцовыя ўлады не аб’явілі мабілізацыю. Ужо ўпрыцемках заступілі на пост. У ваенкамаце нікога не было, дзверы адчынены - заходзь любы. Навокал цішыня... Цёмна і пуста на ўсёй вуліцы. 3 цемры выскачыў «уазік» маёра Казлоўскага. «Усё ў парадку? Глядзіце пільна. Не спаць!.. Паміраць будзем тут!», - для нечага дадаў ён і ўскочыў у машыну.
Ноч прайшла спакойна, ніхто не з’явіўся, каб абвясціць мабілізацыю... Хоць мы былі змораны раннім пад’ёмам перад выступленнем, бурнымі падзеямі дня, трывогай і перажываннямі, сапраўды, ні Дольнікаў, ні я не звялі, як кажуць, вока за ўсю ноч. А ў Дольнікава ў той дзень быў як раз дзень нараджэння, 20 гадоў. Юбілей сябра мы як змаглі адсвяткавалі ў «падпольных» вайсковых умовах праз некалькі дзён: прыязджала аўталаўка «Ваенторга», і яму ўдалося купіць некалькі флаконаў «Трайнога» адэкалону...