Выбрать главу

Альгерд Бахарэвіч

Жлобін, meine Liebe

Ёсць на Беларусі такія гарады, адны назвы якіх здольныя выклікаць самы сапраўдны страх.

Напрыклад, Жло…

Можна не працягваць. Бо ўжо страшна. Там, дзе “жло”, наогул цяжка чакаць нечага добрага. Так працуе падсвядомасць, так цябе навучылі – баяцца словаў, якія пачынаюцца з нявіннага, насякомага “ж”, цалкам сабе высакароднага “л” і нейтральнага “о”. Чужая музыка замінае пачуць сваю, чужая музыка не выключаецца:

Жло-о-обін.

Сам ты жлобін. Шторазу ў дзяцінстве, бачачы гэтае слова, ты адчуваў да жыхароў Жлобіна спачуванне. Здавалася, што жыць у Жлобіне – вырак, прысуд. Што гэта на ўсё жыццё. Бедныя жлобінцы і жлобінкі (якіх у самім Жлобіне чамусьці завуць жлабінчанкамі) – як ім там, напэўна, цяжка, амаль гэтаксама, як сталічнаму дзіцю цяжка ўявіць, што нехта можа жыць не ў Мінску. Жалобны Жлобін, жудасны Жлобін. У Адама Глобуса ёсць апавяданне пад назвай “Прымусь сябе жыць у Лагойску” – але Лагойск ніколі не выклікаў такога ірацыянальнага жаху, у ягонай назве чуецца нешта лагоднае і лянівае. А паспрабуй быць лагодным у Жлобіне…

Паспрабуй наогул там быць. Жыць і хацець чагосьці.

Жлобін перастаў для мяне быць дэманічным у адначассе. У той момант, калі я ўпершыню ўявіў сабе маладую жанчыну, якая ідзе па ягоных восеньскіх вогкіх вуліцах – маладую прыгожую жанчыну з такімі выразнымі скуламі, быццам на твары яе заўжды ляжыць цень няяснай трывогі, жанчыну ў шыракаполым мужчынскім капелюшы і чорным даўгім паліто, з вачыма, у якіх заўжды лістапад. Яна не хацела тут жыць. Але яна жыла тут і пры гэтым заставалася сабой – яна была неаспрэчнай і моцнай, яна існавала насуперак Жлобіну, і дзякуючы ёй існаваў ён сам. Напаўняўся людзьмі і вуліцамі.

Жанчына з’ехала адсюль, а Жлобін застаўся. З таго моманту, як я ўявіў сабе гэтую жанчыну, мне больш ужо не чуецца ў ягонай назве нейкае там “жло”. Цяпер Жлобін гучыць ужо не пагрозліва, а, хутчэй маркотна – як енк таварнага вагона, што коціцца некуды па рэйках, пусты і безнадзейны. Калі б яна не з’ехала, я б ніколі з ёй не пазнаёміўся. Калі б яна засталася, я б ніколі не пабачыў Жлобін жыўцом.

Нам са Жлобінам, лічы, пашанцавала. А на нечы слых і Мінск гучыць злавесна. Гэтым уражлівым істотам так і карціць назваць Мінскам штосьці нядобрае. Блэк-метал-банду, напрыклад, або кніжку вершаў. А жлобінцы глядзяць сабе галівудскія фільмы і ні пра што такое не здагадваюцца.

Некалі горад меў іншае мяно – Злобін. Паводле адной з версій, так гэтае месца назвалі плытнікі, бо надта ўжо злыя былі тут дняпроўскія парогі. Злобныя – як тыя жлобінскія гопнікі. Калі так, дык дняпроўскія плытнікі былі не абы-якія паэты. Паспрабуй быць паэтам у Жлобіне. У Мінску кожны дурань здолее, а ты ў Жлобіне паспрабуй.

Ёсць і іншыя версіі – напрыклад, такая: на тэрыторыі, дзе пазней паўстаў нязлобны Жлобін, хаваліся беглыя сяляне і арыштанты. Сядзелі ў лесе і пужалі грыбнікоў і паляўнічых. Як пабачаць якога грыбніка, дык выскокваюць і давай яму пысы курчыць. Таму і назвалі гэтае месца Злобным. Проста нейкая беларуская Аўстралія.

Яшчэ ў шасцідзясятых ніхто не мог прымусіць сябе жыць у Жлобіне, апрача яго жыхароў. Жыхары скідвалі нечыстоты ў рэчку Чорначку, бо цэнтральнай каналізацыі не было, а заасфальтаваная была толькі адна вуліца – галоўная, Першамайская. Напэўна, прыкладна гэтаксама Жлобін выглядаў, калі ў ім у 1905 нарадзіўся пісьменнік  Гірш Добін. Пан Добін паспеў пасядзець у сталінскай турме, пабыць у выгнанні, ацалець у мінскім гета, паваяваць у яўрэйскім партызанскім атрадзе, выпусціць кучу кніжак на ідыш і эміграваць у Ізраіль.

Але Гірш Добін – не галоўная жлобінская славутасць.

Першая галоўная славутасць у старым добрым Жлобіне – блэк-металургічны завод. Бээмзэ, калі на настаяшчай беларускай мове. Калі едзеш па Жлобіне, заўсёды думаеш, што палова горада тут – блэк-металургі. Суворыя людзі, якім не да жартаў. І праўда, чаго ў Жлобіне зусім не адчуваецца, дык гэта гуллівасці ці хаця б нейкай самаіроніі. Самы файны жлобінскі жарт: мясцовы начны клуб “ЖLONDON“ (уваход з каларадскімі стужачкамі – вольны).

Жлобін увесь час заняты – але не сабой.

Праўда, быў час, калі Жлобін праславіўся акурат сваімі лёгкімі норавамі.

Нядаўна ў букіністычным аддзеле кнігарні на мінскай Карл-Маркс-штрасэ ў вочы кінуўся нумар часопіса “Беларусь” за 1988 год. Адкрыццю БМЗ, пабудаванага аўстрыйцамі, у ім прысвечана ажно некалькі старонак. Узводзіць красу і сілу беларускай металургіі прыехала некалькі тысяч аўстрыякаў, для якіх быў арганізаваны цэлы гарадок. Неўзабаве ў замежных рабочых і інжынераў узніклі праблемы з міліцыяй. Бо пачынаецца ўсё з любві – нават такая няпростая з’ява, як будоўля завода, сведчыць карэспандэнт. З прадажнай любві: