Цягнуць, узваліўшы на плечы,
Уласную ношку
Пакут i надзей чалавечых,
I ўласнай дарожкай
Стварыць хоць бы пробліск
на выйсце
Знямогламу духам,
Каб ён,
Як пупышка — да лісця,
Быў прагны да руху.
Каб ён,
Нібы завязь — да плода,
Між горкага голля
Выспельваў людзям пагоду.
Такая ў нас доля.
* * *
I прыйдзе ноч, i ноч міне,
I дзень павекі разамкне
I аглядзіцца навакола.
Ці будзе рады й мне?
Ён — грук матораў, шоргат шын,
Ён — самалётны рык вышынь,—
Што для яго пялёстак кволы
Ссамотненай душы?
Па бровы ўкутаму ў браню,
Пялёстак той, як парахню,
Бязлітасна пусціць на вецер
Было б так легка дню,—
Калі б у непрыманні зла
Душа змагарна не ўрасла
У заўтрае надзей бяссмерцем.
* * *
Цікуеш за маімі песнямі,
Кажнюсенькую ловіш ноту,
Бо часта будні твае скрэслены
Рукой няшчаднай адзіноты,
Бо хочаш ты
Маёй пяшчоты.
Якія ж ісціны адкрыліся,
Што не хапае ўжо адвагі
Паўстаць
Супроць сваёй бяскрыласці,
Супроць уяўнай раўнавагі
Паміж натоленасцю —
Смагай?
Якою праўдаю апоена
Сама я на мяжы чужання,
Што знерухомелі абое мы
Тут, у паўкроку да світання,
Што ў золку Бачыцца змярканне?
* * *
Пытается, чаго маўчу.
Я не хачу
Парушыць гэтую магчымасць
Паслухаць,
Што там, за вачыма,
За небам позірку твайго.
Загавару — i не пачую,
Што
Птушка часу нам вяшчуе.
* * *
Усе мы, усе мы ў хадзьбе
Да небакраю.
Калі й чакаю чаго —
ад сябе
Чакаю.
Табе не па сіле крок
Маёю сцяжынай.
Мы нават у снах сяброў
Чужыя.
ВЫЙСЦЕ
Пераклікаюцца званкі,
Як спозненыя жаўрукі!..
Не будзем сумныя. Не варт.
Перавядзем усё на жарт!
Хто як пераглядаўся з кім —
Пасмеймася,
бо позірк — дым!
Што сказана каму было —
Не дайма веры,
слова — тло!
А жаль... Ператаўчэм свой жаль...
Перавядзем усё на жарт!
* * *
Пагаворым на розных мовах
(Разумеючы кожны нюанс),
Інстынктыўна творачы ўмовы,
Каб мацней не збліжала нас.
Пад крылом усвядомленай сілы,
Што пануем усё ж над сабой,
Бесклапотна прамовіцца: «Мілы»
I ў сур'ёз не ўзвядзецца табой.
Прывітальным тваім: «Дарагая»
Толькі песня святлее мая,
Вечаровая песня над гаем
Непрыкаянага салаўя...
ПЛАТА
Колькі важыць святло? —
З адказу на гэта
Прырода не робіць сакрэту:
Хоць бы столькі,
Колькі важыць пялёстак вішнёвага цвету.
A колькі ж каштуе святло? —
Белы свет
Знае плату адну за яго спаконвеку:
Жыццё чалавека.
ШЧАСЦЮ
Я ўжо не веру ў незвычайнасць.
Жбан воду носіць да пары.
Занадта доўга ты маўчала,
Каб мне пра цуд мой гаварыць.
Твайго аддару не баюся,
Кладзіся ценем на ілбе.
Ужо ў табе зашмат спакусы,
Каб я паверыла ў цябе.
HE СПАЗНІСЯ
Толькі мо ў казцы ёсць лёс — нібы кошык,
Поўны адно медуніц ды суніц.
Бойся спазніцца са словам харошым:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
A ліха не спіць...
Ах,
запіваць бы сухую скарынку Наканаванага —
з чыстых крыніц!
Бойся спазнідца з харошым учынкам:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
A ліха не спіць...