Ці хопіць сілы на дарогу зноў?
Жывая засталася —
Значыць, хопіць.
Не памыляецца наканаванасць.
* * *
— Не хвалюйся, ён не прыйдзе,
I няма чаго чакаць.
Усміхніся — i па крыўдзе,
Бо на што тут наракаць?!
Хто табе ён?
Хто яму ты?
Што вас звязвае? —
Званкі,
Здань
аквечанай мінуты,
Прывід
сябравай рукі!
Смешна прывідаў чакаць!
...Ах, сябе не ашукаць,
Хоць i кепікі цяперка,
Пасміханне ды зарок!..
Бо хацелася ж цяпельца,
Каб ачалавечыць змрок...
ЯК СНЕННЕ
Шэра i золка.
Вось мы i падсочаны
Вокам разлукі,
Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся
Нашыя рукі.
Не гавару табе:
«Усё будзе добра».
Добра не будзе.
Можа, тады хіба толькі, як з памяці
Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць
Хлебная луста.
...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га...
Ціха i пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці
Нешта адзначыць: ...лівень святла...
звонкі голас шчаслівы...
Сненне, няйначай.
* * *
Я не хачу, каб гэты дзень, што сёння,
Як беспардонны кватарант, пакой мой
Заняў нахабна,—
Не хачу, каб ён
Звёў на нішто мяне, каб растаптаў
Стовокаю сваёю паражнечай,
Што так з усіх куткоў мяне высочвае!
Ратуй мяне, мой учарашні дзень!
Ты даў прытулак гэтакай вялікай
Журбоце,
Гэткай паўнамоцнай радасці,
Што мне, тады спазнаўшай прорву й неба
Любові гораснай,— адзіна там
I ўтульна мне, паўсюдна беспрытульнай
З вясёлкай тою, з валунамі тымі...
Не адступайся, дзень мой учарашні.
Я i сама змагу цябе адпрэчыць.
Бо адзінота — шчэ не паражнеча.
ПАСЛЯ ШТОРМУ
Глыбокае ранне, глыбокая ціша.
I толькі заілена ўсхліпваюць хвалі.
«Мінулася бура,— зняможана пішуць.
Прайшла.
Прашалела.
Зноў ранне. Зноў ціша.
На беразе гэтым
Зашмулена-бурым
Вось-вось людзі з'явяцца —
Выпладні буры.
Па ёд.
Па бурштын.
Па абломкі —
Хто ўчора
Блакітны свой паруснік
Даверыў мору».
МОСТ
Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі.
Не заўважыла змроку:
Мне твой воблік свяціў цеплавокі.
Кажуць, ноч была ветранай дужа.
Не запомніла слоты:
Атуляла ад ветру пяшчота.
Кажуць, снег нават падаў уночы.
Калі гэта i праўда —
Растапіла яго наша радасць.
Я не згасну былінкай бязраднай,
Хоць i сцюжа навокал,
Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі.
Не хачу ўжо нічога, нічога,
Hi лістоў, ні прыездаў —
Быццам мостам, звязала нас бездань...
* * *
А немагчымага няма.
Ты толькі прывідна далека.
Я ж i адна — неадзінокая,
Бо немагчымага няма.
I пэўна знаюць халады,
I пэўна знае шчыры вечар,
Як можа ўспалыхнуць сустрэча
З абвугленай немагаты.
Ёсць пажыццёвая турма —
Ёсць пажыццёвае імкненне
Да жыццядарнага збавення,—
I немагчымага няма.
* * *
«Будзе лета, як звон, пустое».
Гэты голас даўно знаю.
Не затоім крыўду на тое,
Што адбыцца й не магло з намі.
Светлячок выпадковы блісне —
I да ўздрыгу вусцішна стане:
Абяцаўся свет быць вялізным —
Звёўся да чакання світання.
Абяцаўся свет быць вадою —
Звёўся да ненатольнай смагі.
Глухне сад лебядою.
З дзічкі зыркае расамаха.
* * *
Павечны мой!
Не мучся, не пакутуй.
Hi ў чым, ні ў чым няма тваёй віны.
Не лёдам,
Сонцам наша плынь пракута:
Усе каменьчыкі на дне відны...