* * *
Ёсць адзінае выйсце — жыць,
Кожнай хвілечкай даражыць.
Той хвілінаю, што — з табою,
Тою вечнасцю, што — без цябе.
I не згледзім, як нас з любоўю
Ненасытны нябыт заграбе.
Не прыходзіцца наракаць.
Журавінкай ірдзее пэўнасць:
Застанецца па нас — напеўным
Лёгкім клёнікам — цень радка.
Над яго жыццяноснай галінкай
Пасвятлее хоць на краплінку
Сэрцу, бедамі спаласаванаму, Неўміручаму —
Закаханаму.
...Як на лета пяе сінічка!..
Дзе шчэ спелае жыта!..
Дзе знічка!..
ВЫСАДКА БЭЗУ
Камсамольцам 9 «А» кл. СШ № 3 г. Белаазёрска
Дзякую за бэзавы настрой,
Дарагія хлопцы i дзяўчаты!
Кіне доля вам сваю пальчатку —
Вы прыміце грозны выклік той!
Хай як хоча сіліцца яна
Вас падмяць, скарыць любой цаною —
Помніце, ў Максіма Багдановіча:
«Піце чару поўную да дна»?!
Трыдзевяць зямель, трыдзевяць рэк,
Безліч пастак i выпрабаванняў,
Можа, будуць вам наканаваны,—
Помніце пра званне: Чалавек!
Во пакуль не мірыцца душа
З асыцеласцю i прыніжэннем —
Чалавек не знае паражэння.
Піце радасць з Зорнага Каўша!
Помніце й найслотнаю парой:
Ваша доля толькі ў вас ва ўладзе.
Хай буяе зорны бэз на градзе!
Дзякую за бэзавы настрой!
ЖЫЦЦЁ —ЯК КАЗКА
Да партрэта Сэнт-Экзюперы
Жыццё, сапраўды, як казка:
Ідзеш ад бяды да бяды.
То сцюжна, то слізка, то гразка,
То моташна да жуды.
Туманам забрана поле.
Ідзеш ад надзей да надзей.
Але не сляпая доля,
Во плуг твой цябе вядзе.
Канчаецца ўсё шчасліва,—
Шчаслівы ў казак канец,—
Заснеш пасяродку нівы,
Спакоены ўрэшце жнец.
* * *
Былі словы — як шолах травы...
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў,
Для гэтага ёсць не адна прычына.
Прыйду i я — цераз маіх паслоў:
Світальны вецер, зорку, аблачыну.
Калі натоміць Вас бяздарны дзень,
Бясконцым здасца доўгі шэры вечар —
Да золкай шыбы лёгка прыпадзе
I Вас аклікне мой світальны вецер.
I Вы тады расчыніце акно,
I мова ветру будзе зразумета:
Утканы ў долі Вашай палатно
Усе калёры залатога лета.
Павольна пройдзе ў Вас над галавой
У час той аблачына, ціха скажа:
Мінецца морак, як мінуцца ёй,
I зноў пагодна будзе ў небе Вашым.
Там вечна зорцы лучнасці цвісці,
Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй,
Што памагае па жыцці ісці,
Што не дае душы прагоркнуць плесняй.
...Вам сёння скажуць шмат харошых слоў.
А свята — нібы пяцьдзесят аерын...
Я аддаю Вам трох маіх паслоў —
На шчасце, i на сілу, i на веру!
* * *
Паверыла: душа заснула,
I ўжо ёй не загаварыць.
...Як ад маланкі — аж хіснула:
Ты!.. мерна крочыў па двары.
Ішоў, i ў вокны углядаўся,
Шукаў, каторае маё,
I прызмерк нема ў ногі слаўся,
I бледнай зоркі вастрыё
У сэрца самае ўпілося!..
I знікла навалач слаты,
I загула, як прорва, просінь,
Куды мяне зноў рынуў ты!
* * *
Што ёсць сэнс? Няўжо адзіна справа,
Што з жыццём так моцна заручыла?
Дык нашто ж уваскрасаюць травы
Там, дзе лугу быць i немагчыма?
Косіць вокам счырвапелым вечар,
Як трывае наша шчасце-мука,
Дзе адна — на ўсё жыццё — сустрэча
I адна — на ўсё жыццё — разлука...
ВЫЗВАЛЕННЕ
Зярнятка радасці маёй,
Карэньчык сонца ў золкай долі!
Яшчэ скавана мітуснёй —
I ўсё-такі я ўжо на волі.
Яшчэ цягну ярмо тугі
I неразважаных сумненняў,
Ды ўяю мне шлях той дарагі,
Дзе ў кроў саб'юся аб каменне.
Хачу сама таго ярма!
Бяда вяшчунна пратрубіла...
Бяда старалася дарма:
З мяне рабыню не зрабіла!