Выбрать главу
Памажы мне, песня, акрыяць... Там, за летаў лёткай чарадою, Можа, ўбачу маму маладою, Бацьку маладым убачу я: Быстрага русявага хлапца З яснымі блакітнымі вачыма, Гнуткую чарнявую дзяўчыну — У касе галінка чабраца...
На пясках спануранай зямлі Што было ў ix? Беднасць ды сіроцтва. Што было? Юнацтва ды дзявоцтва. Ды надзеі з марамі былі.
Не пазнаю кута, дзе ўзрасла, Але ў шолаху лістоты ўчую Бацькаву i матчыну вясну я, Галасы журлівага святла...
...Цені перадсвітання Так глыбока ў траве заляглі...
«Гэта ж песня — каханне. А жыццю трэба хлеба, зямлі...»
Поўнік — вехцем саломы, Растрывожана пахне аер...
«Я змагу, я ж не ўломак! Ты толькі чакай, ты — павер!..»
Залатой прыпарошай Сыпле й сыпле жаўронак на ўсход.
«Зараблю-такі грошай! Ці ж збагося казённых работ?!
А не выйдзе... Што ж, любая, Не ўпікну я ні словам нідзе, Як хтось іншы да шлюбу, Шчаслівейшы, цябе павядзе...»
Як пяшчотна вішанька цвіла!.. Мама, мама! Недарэчна, мусіць, I пытацца, ці ў сваім замустве Сапраўды шчаслівай ты была.
На тваім вясельным ручніку І сягоння галубы туркочуць, Што бярэцца сонцам свет сірочы, Як каханне падае руку.
I казалі, бачачы цябе
У рабоце i ў гулянні, людзі: — От каго ўжо доля шчыра любіць, Трэба ўдасца ж гэткай харашбе! I ў руках яе — усё гарыць, A i з твару — ходь вады напіся, I каму ўжо, як не Мацяшысе, I спяваць, як птушцы на зары: Падрастаюць дзеткі, i мужык Працавіты, добры ды талковы...
Мама, мама! Дзе яна, падкова Шчасця-долі, на якой мяжы? Мук жыццё адважвала спаўна. Ты ж спявала, хоць душа балела. Не магла інакш ты. Не хацела, Каб пакута ўсім была відна.
Мацяркам бо вечна што пячэ? Каб адно былі ў здароўі дзеці, Каб адно было спакойна ў свеце,— Большага чаго жадаць яшчэ? Леты-зімы — вір ам-мітульгою... Hi таго здароўя, ні спакою...
Што чакае за крутой гарой — Выявіцца толькі на вяршыні. Птушка лёсу ўсё кругі вяршыла З паднябесся да зямлі сырой...
Як жыццё любіла, мама, ты, Як яму ты радавацца ўмела! Ты для ўсіх, як зорачка, гарэла Між будзёншчыны i гаркаты.
Успаміну светлы каласок: Ты вяртаешся таропка з поля, Малачай ды лебяда ў прыполе, A ў руцэ — рамонкі для дачок...
Пад замкамі для цябе была Азбука i мудрасць кніжных ісцін. Поўнілася ты, як сокам лісцік, Мудрасцю саўдзелу i цяпла.
Што вы з бацькам тут ні зажылі!.. Але вечна помнілі пра тое, Што павага — самае святое, Бо людзей з нас лепіць на зямлі.
Праз усё, што наканоўваў час, Праз надзей змярканні i дасвецці, Праз крывавы пот i боль па дзецях Вас вяла, трымала любасць вас.
Гэткіх душ не пакалечыць быт!.. І ў мяне ад вас перакананне, Што адзіна праца i каханне У жыцці апірышча i шчыт.
Хоць з гадамі ў голасе тваім Большала зажурынкі, матуля,— Голас твой — i суд мой, i атулле, Лепшае ўва мне згукана ім.
* А ты ж i не ведаеш, ма, што з табой адбылося, Не ведаеш нават, Што ўсё, з чым зжывалася ты, чым жыла, ад цябе адцялося...
Што раптам пайшлі ад цябе ўсе дарогі твае i сцяжыны, Пакінулі ўсе — Па пяклівай расе, па іржэўніку, па ажавінні. Што ўраз адступіліся i ад каленак тваіх, i ад рук тваіх грады, Адпрэчыўся кветнік, I нават над ранішнім полымем печы твая ўжо не ўлада. Не ўлада, не ўлада твая ўжо ані над дзяжою, aнi над дайнічкай, Навек, незваротна Пайшлі ад цябе ўжо i смага твая, i крынічка. Сышлі i піліпаўкі ўсе твае, мама, i спасы, А ты ж i не знаеш, Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе ўжо. Hi свету, ні часу...
A ў тым, незамглёна далёкім, пад вернай аховай Любові i смутку Нявыказна велічна, ціха ў дуброве перадвечаровай. Разгалыя кроны варожаць змярканню ў задуме ўрачыстай.