Ой, мылі, ой, мылі крылмі вокны чорныя
вораны,
А ты i тады ўжо маўчала, амаль як цяпер...
Што плавіла ты ў гэтай моўчы аддаленай
горане?
Мо бачыла зорку дзявоцтва, што ўпала ў аер?
Усё нешта складвала, згортвала,— ні на
хвілінку
Не ведалі рукі спачыну i ў злічаны час...
Ты ж, мамачка, з кожнаю птушачкай, з
кожнай зялінкай
Умела гукнуцца,— чаму ж не азвешся да нас?!
Цябе ў маладосці, было, каралеваю звалі.
Знімі чорны смутак з сівога свайго караля!..
Ты ж, мамачка, гэтак любіла i кветкі, i далі.
Паглянь, як — ажно да рыдання — красуе
зямля!..
Навошта ўсё гэта?.. Куды гэта?.. Лапкі
яліны...
Вянкі... Каснікі... Дамавіна...
Каму — дамавіна?..
Вясковая чорная вуліца...
Людзі...
Літанні...
Магіла... Аркестр... Пахаванне...
Чыё пахаванне?..
Потым цётка бярэ жменьку жвіру сырога
з пагорка.
Просіць маму з дзяцей сваіх зняць смутак
цяжкі i горкі...
А потым — сталы, на сталах — каша, боб
i капуста...
Памінанне...
Кароткія пацеры...
Няўцямна i пуста...
«Ой, ляцела зязюленька
Цераз круту гору.
Пасеяла пшанічэньку,
Выжала палову.
Ой, навошта ж мне палова,
Як зерня не маю?
Ой, нашто ж мне жыць на свеце,
Як мамы не маю?..»
*
Стала горкай цямніцай былая святліца...
I сніцца:
Апраметная цемра над хатай, над садам
— Нібы сонца на свеце зусім не было...
Злавесныя бліскаўкі за даляглядам
Толькі болей згушчаюць чарноцця сіло.
Я — пад нейкім скляпеннем. Я моўчкі блукаю
Паміж ложкаў, насілак, між хворых, калек.
Я маўкліва шукаю.
Я маму шукаю.
Пасярэдзіне залы — стол.
На гэтым стале
Спісы. Доўгія спісы ўсіх тых, хто
загінуў;
Хто без вестак прапаў;
Хто застаўся жывы.
З краю — шчэ адзін спіс пад засохлай галінай:
«ЭРЭТЭК»...
«ЭРЭТЭК»...
Ён не йдзе з галавы,
Дзіўны спіс «ЭРЭТЭК»...
Я не знаю, што значыць
Гэта слова.
Не ведаю.
Толькі мяне
Аж калоціць усю ад бязгучнага плачу:
Гэты спіс шыфраваны спісу мёртвых страшней!..
I не моўчкі,
а з крыкам ужо, з кулакамі
Я кідаюся на
нейкі цень, на
абрыс
Нейкай здані, якая i маму —
i МАМУ! -
Хоча ўнесці ў той спіс...
Там адзначаны,
хто падлягае знішчэнню,—
Хто жывы,
ды ўжо гэта не мае значэння...
А мяне адпраўляюць у іншую залу.
Я іду, маладая, прыгожая.
Мне
Тая здань з нейкай дзіўнай усмешкай
сказала,
Што маму маю не кране...
Маладую, прыгожую, у паняверцы
Зноў мяне невымоўны мой смутак вядзе
З заміраннем зняможаным ціхага сэрца
Углядацца ў абліччы
i твары людзей.
Ix тут безліч — такіх маладых
i прыгожых! —
Гаманкі i гуллівы —
Жахлівы засеў:
Бо ўжо ведама, ведама мне,
о мой божа,
Гэта — мёртвыя ўсе!..
I сама ўжо —
I гэта таксама я знаю —
I сама я хаджу сярод ix
Нежывая...
У сляпым, у раптоўным пякельным кастры
Спапялелі ўжо ўсе,
i радня, i сябры...
У жывых толькі недзе мой брат i сястра:
Як ім выжыць, як жыць пасля ГЭТАКІХ
страт?!
Дзеці ў ранах, у язвах, у страшнай каросце...
ШТО
пра нас дзеці думаюць там,
Пра дарослых?..
...Я расплюшчваю вочы.
На змятай падушцы
Грае сонечны зайчык.
За сцяной галасы.
Мне нядобра. Калоціцца сэрца. Мне душна.
Вокны песціць лагодай высокая сінь.
Пад нагамі — зямля.
Дол — адзіны навек.
A ў гарачыя скроні —
«Э-РЭ-ТЭК!..»
«Э-РЭ-ТЭК!..»
*
«Упіўся козак, упіўся,
З дарожанькі збіўся,
Вараному коню
На грыўку схіліўся,
Ой, бяжы ж ты, коню,
У чыстае поле.
Ой, там сіраціна
Пшанічэньку поле.
Пшанічэпьку поле,
Куколь вырывае,
Вараному коню
Пад ногі кідае...»
Памажы мне, песня, акрыяць...
Там, за летаў лёткай чарадою,
Можа, ўбачу маму маладою,
Бацьку маладым убачу я:
Быстрага русявага хлапца
З яснымі блакітнымі вачыма,
Гнуткую чарнявую дзяўчыну —
У касе галінка чабраца...
На пясках спануранай зямлі
Што было ў ix? Беднасць ды сіроцтва.
Што было? Юнацтва ды дзявоцтва.
Ды надзеі з марамі былі.
Не пазнаю кута, дзе ўзрасла,
Але ў шолаху лістоты ўчую
Бацькаву i матчыну вясну я,
Галасы журлівага святла...
...Цені перадсвітання
Так глыбока ў траве заляглі...
«Гэта ж песня — каханне.
А жыццю трэба хлеба, зямлі...»
Поўнік — вехцем саломы,
Растрывожана пахне аер...
«Я змагу, я ж не ўломак!
Ты толькі чакай, ты — павер!..»
Залатой прыпарошай
Сыпле й сыпле жаўронак на ўсход.