Выбрать главу

— Памаўчы, — Самуілу таксама было не па сабе ад выгляду нябожчыка, аднак ён перамог гідлівасць і, апусціўшыся побач з забітым на кукішкі, уважліва агледзеў яго раздзёртую да крыві шыю і акрываўленую правую руку.

Потым, не кажучы ні слова, падняўся, кінуў позірк на стол, на якім трыма залатымі купкамі ляжалі манеты, на труп Грышкі і запытаўся:

— Хто першым знайшоў нябожчыкаў?

— Тодар Мірун расказваў, што раніцай ён пабачыў Глеба на панадворку і вырашыў зайсці да яго, каб пахрыстосавацца і выпіць з суседам за свята па кубку мёду. І толькі ён адчыніў веснічкі, як з хаты да яго слыху данёсся кароткі жаночы вокліч. Крык пачуў і Глеб і адразу, не марудзячы, кінуўся да хаты. Тодар прыбег ужо за ім. І што ён убачыў? Задушанага Юрку, зарэзанага Грышку і Яню, якая без прытомнасці, з акрываўленым нажом у руках, ляжала недзе тут, дзе зараз стаім мы.

— А дзе нож?

— У мяне, — неахвотна адказаў Фёдар і выцягнуў з-за халявы свайго бота нож з адмысловай ручкай, які мінулым вечарам Самуіл бачыў у руках Юркі.

Самуіл да нажа нават не дакрануўся, хаця адразу ж пазнаў яго.

— Няхай нож будзе пакуль у цябе, — ён нахіліўся і ўважліва агледзеў цёмныя плямы на падлозе. Потым выпрастаўся, яшчэ раз кінуў грэблівы позірк на золата і выйшаў з клеці ў хату. Там ён апусціўся на лаву побач з братам, крыху памаўчаў, ціха запытаўся:

— Ты на самай справе думаеш, што Яня магла забіць Грышку?

— Гэта я яго зарэзаў.

— І чым ты яго зарэзаў? — сумна усміхнуўся Самуіл. — Кулаком? Пальцам?

Марцін не адказаў.

— Добра, — невядома з чым пагадзіўся Самуіл і звярнуўся да Фёдара: — Сядай, Федзя, будзем разважаць разам

Фёдар паставіў на стол падсвечнік, крыху падумаў і з дзелавым сапеннем, па-свойму разумеючы важнасць моманту, уладкаваўся за сталом прама пад абразамі.

— Я думаю, што сварка паміж Юрыем і Грышкам адбылася з-за золата.

— Правільна, — не ўтрымаўся Фёдар, — але з імі была яшчэ і Яня, бо золата раздзелена на тры часткі.

— Не было там Яні! — узвіўся Марцін.

— Хто ж тады быў трэцім? — бы ў адчаі, Фёдар падняў угору рукі. Потым, дурашліва ўсміхнуўшыся, звярнуўся да Марціна: — А, можа, трэцім з імі быў ты, Марцінка?

— Хопіць спрачацца, — павысіў голас Самуіл і пагрозліва паглядзеў на брата: — І ты маўчы, не паказвай іншым сваю дурноту. Я цалкам згодны з табою, Федзя, — ужо спакойным, нават лагодным тонам працягваў Самуіл і такі пачатак размовы бальзамам праліўся на душу Фёдара. — Грышка і Юрка дзялілі знойдзены імі скарб на тры часткі, бо адну з іх збіраліся ахвяраваць Спаса-Праабражэнскай царкве. Аднак Грышка пачаў пудлаваць, надзяліў сабе больш золата і Юрку гэта не спадабалася. Яны пачалі спрачацца, потым схапіліся за грудкі і Грышка, як мацнейшы, паспрабаваў прыдушыць Юрку, але, тут ты,Федзя, зноў маеш рацыю, вяроўка аказалася ільняной і моцна зацягнулася на шыі небаракі. Задыхаючыся, з апошніх сіл, Юрка пырнуў свайго хаўрусніка нажом у жывот. Уласна кажучы, ты, Федзя, правільна апісаў гэта забойства. Малайчына!

— А Янька? Мірун жа сам бачыў яе з акрываўленым нажом у руках!

— Глеб, са слоў Міруна, таптаўся на панадворку і не чуў спрэчкі свайго сына з сябрам.

А Яня — чула. Яна, напэўна, стаяла ля дзвярэй і падслухоўвала, і заскочыла ў пакой толькі тады, калі пачула стук ад падзення на падлогу цела брата. Яна схапіла з падлогі нож, якім Юрка пырнуў Грышку, кінулася да брата, каб перарэзаць вяроўку на яго шыі, але... У яе про­ста не хапіла душэўнай моцы бачыць так блізка выскал гвалтоўнай смерці і яна, згубіўшы прытомнасць, сама павалілася побач з братам. Я правільна агучыў твае думкі, Федзя?

— Ну-у, яно так і было, — Фёдар пачухаў патыліцу. — Вось толькі золата.

— А што золата? — абыякава паціснуў плячыма Самуіл і шырока ўсміхнуўся сябру. —

Золата — гэта ўжо задача Глеба Кацуры, ён няхай і вырашае, куды яго дзяваць. Ты ж сваю справу зрабіў выдатна, следства правёў бліскуча і галоўнае — хутка. Думаю, пан Ласкевіч цябе адзначыць.

Твар Фёдара расплыўся ў самазадаволенай усмешцы.

— Ну што ж, — ён падняўся з лавы і на развітанне працягнуў руку Самуілу. — Тады я распараджуся, каб стражнікі адвезлі цела Грышкі да родных.

— У яго няма родных, — урэшце адазваўся і Марцін. — Ён наогул не мясцовы.

Фёдар падазрона паглядзеў на Марціна, потым перавёў разгублены позірк на Самуіла.

— А няхай стражнікі пахаваюць яго на Перуновых могілках, — знайшоўся Самуіл. —

Месца там ціхае, спакойнае, і лішніх пытанняў ніхто задаваць не будзе.