Ля могілак цені спыніліся. Перашэптваючыся, зноў запалілі свечкі і, чытаючы нейкія малітвы, пацягнуліся да крайняй магілы.
Навокал панавала нежывая цішыня. Яна ўціскала ў зямлю. Яна аглушала. Асцярожна, імкнучыся нічым не парушыць яе крохкасці, Самуіл абышоў вакол магільнага пагорка, уважліва агледзеў крыж, які Грышка з Юркам ужо выцягнулі з зямлі і прытулілі да бліжэйшага дрэва. Гэта быў звычайны, струхнелы ад часу і пакрыты зялёным імхом, крыж. «І што ў табе адметнага?» — думкі Самуіла блыталіся, не маглі засяродзіцца на нечым адным, у гэты час самым важным. Ён яшчэ раз ахінуў позіркам зарослы пустазеллем пагорак, гнілы крыж, абышоў хлопцаў, якія з заплюшчанымі вачыма чыталі малітву, спыніўся ў некалькіх кроках за іх спінамі. «Прыдзі і ўсяліся ў мяне, і ачысці думкі мае і памкненні ад рознай брыдоты, і выратуй, Божа, душу маю. Святы Божа! Святы Бессмяротны! Памілуй мяне. Амінь». І раптам, з апошнім «амінь» Самуіл убачыў, як выцягнуты з зямлі крыж успыхнуў жоўта-вогненным кастром. Языкі полымя ўзвіліся вышэй дрэў, і ў іх зменлівай жаўцізне яскрава праступіла постаць высачэзнага чалавека з раскінутымі рукамі. Постаць павольна павярнулася да людзей і Самуіл з жахам адчуў, як гарачыня кастра апаліла яго ногі, як яна павольна пачала падымацца вышэй, вышэй. А вогненны чалавек бы вялізнымі крыламі правёў сваімі рукамі па тварах Юркі і Грышкі, вышчарыўся чорным бяззубым ротам і, адарваўшыся ад крыжа, імкліва схаваўся за чорнай завесаю ночы. З ім знікла і гарачка ў нагах Самуіла.
А хлопцы, ні на што не зважаючы, раскопвалі магілу. Юрка і Грышка ўпарыліся, пот буйнымі кроплямі каціўся па іх ілбах, тварах, але яны нічога не заўважалі і толькі секлі заступамі магільны дзёрн. Марцін стаяў побач. У адной руцэ ён трымаў запаленую грамнічную свечку, у другой — крыж. Вусны яго шавяліліся, аднак слоў малітвы было не разабраць, ды да іх ніхто і не прыслухоўваўся.
Самуіл перажагнаўся, паглядзеў на крыж, які, як і раней, стаяў каля дрэва, агледзеў узмакрэлых Грышку і Юрку — нішто не нагадвала пра вогненнага чалавека. «Няўжо мне падалося?» — з палёгкай падумаў ён і зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў да магілы.
— Ёсць! — раптам данёсся ад яе радасны вокліч. — Глядзі, які вялікі. — Юрка падняў над галавой чорную, аблепленую зямлёй карчагу. — Мы багатыя, хлопцы!
— Пачакай, — ахалодзіў імпэт сябра Грышка. — А раптам у ёй проста пясок? Жартаўнікоў жа хапае.
З гэтымі словамі ён забраў у сябра сасуд, паклаў яго на магільны пагорак і лёгенька зверху стукнуў заступам па яго баку. Сасуд раскалоўся на дзве часткі, з якіх на чорную зямлю пасыпаліся залатыя манеты.
— Ого-го-го! — не хаваючы пачуццяў, закрычаў Юрка.
— Заткніся, дурань! — Грышка схапіў сябра за плячо і з усяе сілы трасянуў яго. — Не хапала, каб сюды збеглася палова горада. Лепш падай мне торбу.
Юрка падхапіў торбу, працягнуў яе сябру і яны пачалі павольна, любуючыся бляскам кожнай манеты, парадкаваць знойдзены скарб. Марцін падсвечваў ім свечкай. Усе радаваліся, бы дзеці, і толькі Самуіл маўчаў, ніяк не выказваў сваіх пачуццяў. Ён нават не глядзеў на золата, бо яго ўвагу адцягваў тонкі струменьчык жоўтага дыму, што ішоў з разбітай карчагі.
— Што гэта за жоўты дым? — ціха, амаль шэптам запытаўся ён сам у сябе.
Аднак яго пытанне пачуў Грышка.
— Пра які дым ты кажаш, лаўнік? Гэта чорная зайздрасць да нашага шчасця засцілае табе вочы жоўтым туманам. Так я кажу, хлопцы?
— Ага, — адазваўся адзін Юрка, які нават не разумеў, пра што ідзе гутарка.
«Дарэмна ты спрачаешся з імі, — раптам аднекуль зверху да Самуіла данёсся ціхі шэпт
ветру. Ён нават не пачуў яго, а адчуў усім целам. — Дарэмна разрываеш сваё сэрца ад бяссілля пераканаць іх. Яны самі выбралі свой шлях і без пакаяння адпусцілі душу, якая ахоўвала гэту магілу, таму самі і адкажуць за свае ўчынкі». Разгублены, збіты з толку Самуіл падняў галаву, аднак акрамя халодных зорак у цёмным небе нічога не ўбачыў.
«Хутчэй адсюль, хутчэй з гэтых могілак, у цемру, там выратаванне», — лаўнік паспешліва аддаліўся ад разрытай магілы.