Выбрать главу

— Пасля якой прагулкі? — Барталамей з непаразуменнем павярнуўся да сына і ўжо раскрыў рот, каб пра нешта ў яго запытацца, але не паспеў — на панадворак выйшла жонка.

— Ну што ты марозіш дзяцей на вуліцы? — нязлобна ўпікнула яна мужа і адразу падалася да нявесткі: — Хрыстос уваскрос, любая!

— Сапраўды ўваскрос, матулечка! — Насця тройчы абнялася і пацалавалася са свяк роўкай.

Гэтак жа павітаўшыся з сынам, гаспадыня зноў звярнулася да мужа:

— Запрашай гасцей у хату.

Уладкаваліся за сталом, памаліліся, з’елі па кавалачку асвенчанага яйка, выпілі мёду і прыступілі да ежы. Хутка, паспытаўшы розных прысмакаў і выпіўшы яшчэ па кубку мёду, разгаварыліся. Пакуль жонка з нявесткай абмяркоўвалі смак пірагоў, Барталамей з сынам квола гутарылі пра купецкія справы, а калі жанчыны завялі гутарку пра сваё здароўе, гас падар не вытрываў:

— Хадзем на панадворак, падыхаем паветрам, — і першым падняўся з лавы.

На панадворку ён хітнуў Самуілу на кароценькую лаву, што стаяла ля студні: «Сядай». Сам жа ўладкаваўся на шырокай калодзе і адразу ж пацікавіўся:

— Пра якую начную прагулку Марціна ты ў мяне пытаўся? — па ўсім было бачна, што гэтае пытанне не давала Барталамею спакою з моманту прыходу гасцей. — Ён мне нічога пра яе не расказваў.

— Учора вечарам ён з сябрамі быў на Перуновых могілках, — зразумеўшы, што бацька нічога не ведае, а таму проста ад яго не адчэпіцца, Самуіл вырашыў расказаць яму праўду. — Там яны адкапалі скарб.

— Скарб? — у голасе Барталамея прагучаў страх. Ён падняўся з калоды, узад-уперад прайшоўся па панадворку, спыніўся насупраць Самуіла: — А ты адкуль ведаеш?

— Я быў з імі.

— Быў з імі? — Барталамей асуджальна, бы затраўлены воўк, паглядзеў у вочы сына: — Чаму ж не спыніў? Навошта дазволіў непакоіць нябожчыка?

— Я паспрабаваў іх спыніць, аднак яны не захацелі мяне нават слухаць.

— Цяпер я разумею, пра які сюрпрыз перад адыходам казаў мне Марцін.

— І гэта не апошні сюрпрыз, які ён збіраецца паднесці табе з маці на гэтым тыдні, — Самуіл нават абрадаваўся, што гутарка збочыла ад учарашняй вандроўкі на могілкі.

— Што яшчэ ён прыдумаў?

— Будзе прасіць цябе паслаць сватоў да Глеба Кацуры.

— Да Глеба? — вочы Барталамея палыхнулі недаверам. — Дык яго ж дачцэ, пэўна, няма і чатырнаццаці!

— Ужо шаснаццаць.

— Шаснаццаць? А на выгляд зусім дзяўчо — невялічкая, худзенькая, сціплая. Бачыў яе нядаўна, калі быў у Глеба. Але ж. — гаспадар на імгненне задумаўся, быццам вагаючыся, і ўсё ж вырашыў сказаць, — ці ведае Марцін, што на ёй, як і на ўсім роде Глеба, ляжыць пракляцце, страшэннае, смяротнае, крывавае?

— Што за пракляцце?

— Мы з Глебам не такія ўжо і сябры, аднак гадоў сем таму, пасля смерці яго жонкі, ён мне расказваў, што раней яны жылі ў Кобрыне. Жылі добра, даволі заможна, пакуль зімой пяцьсот трыццаць шостага года на іх горад знянацку не напаў маскоўскі загон. Маскавітаў было нямнога, сотні дзве, і асаблівай шкоды гораду яны не нанеслі — крыху парабавалі прадмесце, спалілі некалькі двароў і гэтак жа імкліва зніклі. Але для Глеба і яго сям’і гэта быў ракавы напад. Тым днём ён быў у лаўцы і, пачуўшы пра гвалт у прадмесці, кінуўся да свайго двара. Раз’юшаны да бяспамяцтва, з сякераю ў руках, ён уварваўся ў сваю хату і, заўважыўшы двух рабаўнікоў, адзін з якіх рыўся ў куфры, а другі жорстка збіваў яго жонку, не задумваючыся пусціў у ход зброю. Першы маскавіт памёр адразу і ціха. Другі ж, хаця Глеб і рассек яго амаль напалам, перад сваёй канчынай паспеў сказаць некалькі слоў, і словы гэтыя аказаліся пракляццем.

— Падумаеш, на вайне амаль кожны забіты праклінае свайго забойцу.

— Справа ў тым, сынок, што той другі рабаўнік быў маскоўскім святаром. Глеб пра тое пракляцце нікому не расказваў, а каб схавацца ад яго, пераехаў у наш горад. Аднак недзе гады праз тры пасля пераезду ля Берасця знайшлі забітым яго старэйшага сына. Потым раптоўна памерла яго дачка, за ёй — жонка. Ёсць над чым задумацца мужыку.

— Проста супадзенне, — Самуіл ніяк не хацеў паверыць у праклён маскавіта, не мог пагадзіцца з такой несправядлівасцю — пракляцце рабаўніка забірае жыцці сумленных людзей!

— Глеб расказваў, што пасля кожнай смерці родных да яго ў сне з’яўляўся засечаны ім поп і пахваляўся, нібы гэта ён пазбавіў жыцця яго дзяцей і жонку, і нібы душа яго не супакоіцца, пакуль не звядзе з гэтага свету апошняга з роду Кацураў.

— А ці звяртаўся Глеб.

— Бацюшка наш, пасля смерці Глебавай жонкі, асвяціў яго хату, а потым, між іншым, яшчэ параіў звярнуцца па дапамогу да мясцовай знахаркі Халімоніхі.

— Дапамагло?