— Ну-у, — Марцін падняў на брата вочы і той убачыў там і спагаду, і ўдзячнасць, і непаразуменне. Яшчэ ён убачыў там страх, які змейкай віўся па яго пачуццях, скоўваў іх, халадзіў, не дазваляў выплеснуцца вонкі, і Самуіл зразумеў — недарэмна бацька прыйшоў да яго ўчора ноччу праз гразь, дождж.
— Паглядзець можна? — Самуіл паказаў вачыма на бяросту і працягнуў руку.
Бяроста ўяўляла сабой або таямнічае пасланне, або частку карты: вострым прад-
метам, — «пэўна, нажом» — адзначыў Самуіл, — на ёй былі надрапаны вялікі і некалькі маленькіх крыжоў, побач з якімі драпежна вілася вузкая лінія.
— Нейкі падлетак цешыўся, — услых выказаў думку Самуіл і перадаў бяросту брату. — Што ў ёй цікавага?
— А я думаю, што гэта карта месца, дзе схаваны скарб, і той жабрак ведаў пра яго і ішоў забраць. — Марцін паднёс сваю цурку бліжэй і сеў побач з братам. — Я думаю, што вялікі крыж — гэта царква і, магчыма Спаса-Праабражэнская...
— Магчыма, — ахвотна пагадзіўся Самуіл і ўжо па-новаму паглядзеў на кавалак бярозавай кары. — А маленькія крыжыкі што азначаюць?
— Могілкі. Там непадалёку змяшчаюцца закінутыя могілкі, якія ў народзе называюць Перуновымі.
— Быў я некалі на іх. А лінія?
— Мухавец, — коратка адказаў Марцін і, узбуджаны думкамі, падхапіўся з месца. — Ты ведаеш, што на гэтых могілках схаваны скарб, мы здагадваемся даўно. Маем нават сведкаў, якія могуць гэта пацвердзіць і якія на ўласныя вочы бачылі.
— Як нехта там закопваў золата.
— Ды не, — крыху сумеўся малодшы. — Яны бачылі валтузню вакол гэтых могілак.
— Цікава. І што гэта за валтузня?
— А смяяцца, як татка, не будзеш? — Марцін паглядзеў у вочы брата і, не ўбачыўшы там смяшынак, падняў з зямлі адну з паперак і пачаў расказваць:
— Летам 1546 года, на Купалле, у Сёмкі Букаты спыніўся нейкі чалавек. Днём ён адсыпаўся, а вечарам сабраў свае пажыткі, разлічыўся за прытулак і папрасіў Сёмку, каб той перавёз яго на той бераг Мухаўца. Сёмка яго перавёз і, крыху пачакаўшы ў чароце, прасачыў за незнаёмцам. Ён бачыў, як той нейкі час стаяў на каленках і маліўся, а з заходам сонца накіраваўся да Перуновых могілак. Куды ён потым падзеўся, Буката не ведае, бо спалохаўся нячыстай сілы і вярнуўся дахаты.
— Чаму ж ён наступным днём не схадзіў на тыя могілкі і не паспрабаваў сам знайсці той скарб?
— Наступныя некалькі дзён, як расказваў Сёмка, былі навальнічнымі.
— Якія яшчэ гісторыі ты ведаеш? Што яшчэ памятаюць людзі?
— Юрка Гацько расказваў, што гадоў трыццаць таму па Замухавеччы хадзілі чуткі, быццам на закінутых могілках за Спаса-Праабражэнскай царквой па начах гараць агеньчыкі. Г ацько бажыцца, што ўвачавідкі бачыў гэтыя агеньчыкі, а яго старэйшы брат Нічыпар, які лячыў свойскую жывёлу і крыху знаўся з нячыстай сілай, дык і наогул паспрабаваў знайсці той скарб і выкапаць яго з зямлі. Толькі не ўдалася яго задума — напала на яго ля самых могілак цэлая зграя ваўкоў, ледзьве адбіўся ад іх заступам.
— І шмат у цябе такіх сведчанняў?
— Няшмат, але яшчэ ёсць, — Марцін нахіліўся і падняў з зямлі астатнія паперкі.
— Ты і сапраўды верыш, што на гэтых могілках схаваны скарб? — Не ведаючы, што гаварыць, запытаўся Самуіл. — Мне тата расказваў, як ён сам некалі шукаў золата.
— І мне расказваў. Той скарб быў нячысты, загавораны.
— А твой?
— І наш загавораны, — без ценю сполаху адказаў Марцін. — Але мы вывучылі і загаворы, і малітвы, каб адкапаць яго. Вось толькі дзе дакладна яго шукаць — мы не ведаем, — хлопец у адчаі ўдарыў нагой цурку.
— А бяроста?
— Што ў ёй карыснага? Царква? — пра яе мы і так ведаем. Могілкі на беразе рэчкі? Чым можа быць карысны гэты кавалак кары? Хіба толькі яго ўкінуць у полымя?
— Не спяшайся, нават смецце паліць трэба з толкам, — Самуіл зноў узяў у рукі бяросту, нейкі час уважліва разглядаў малюнак, думаў. Потым загадкава ўсміхнуўся і паклікаў да сябе брата:
— Глядзі сюды, — тыцнуў ён пальцам на два маленькія крыжыкі, што туліліся да самай лініі на карце. — Бачыш адрозненне?
— Крайні крыху карацейшы за суседні, — няўпэўнена адказаў Марцін.
— На ўсіх крыжах ніжняя папярочка нахілена справа налева, а на гэтым — злева направа. Значыць, калі там і ёсць скарб, то ён схаваны пад самым крайнім крыжом. Як табе мая здагадка, Марціне?
— Чым складаней задача, тым прасцей яе рашэнне, — Марцін задумаўся, пачухаў патыліцу. Потым з удзячнасцю абхапіў далонь брата. — І як гэта мы самі не здагадаліся? А сёння ж апошні вечар, калі можна ісці па скарб!
— Пачакай, — замахаў вольнай рукой Самуіл. — Сёння вечарам трэба ісці ў царкву, а не на могілкі. Ты тут нешта блытаеш, брат.
— Нічога я не блытаю. Гэты скарб загавораны, таму ён тры разы на год мяняе месца — ачышчаецца, і адбываецца гэта на Каляды, Вялікдзень і Купалле. Менавіта ноччу перад гэтымі святамі скарбы выходзяць з-пад зямлі і свецяцца ў цемры рознакаляровымі агеньчыкамі. Менавіта ў такую ноч скарб лягчэй за ўсё знайсці і выкапаць.— Будзе ж яшчэ лета.
— Да лета дажыць трэба, — зусім не задумваючыся над словамі, весела адказаў Марцін. Потым, падкінуўшы ў полымя некалькі сырых паленцаў, зноў прысеў ля Самуіла.
— Чуў я недзе казку, — голас Марціна гучаў бадзёра, узрушана. — Казка невялічкая, просценькая, аднак сэнс у ёй схаваны вялікі, павучальны. Хочаш, раскажу?
— Расказвай.
— Аднойчы, седзячы ў карчме і сёрбаючы нішчымную капусту, жабрак пачуў гутарку двух шляхціцаў, што нейкая ўдава нядаўна памерлага млынара ўжо з месяц прадае млын за адзін пенязь таму, хто першым захоча яго купіць, аднак пакупнікоў пакуль не знаходзілася. Шляхціцы ад душы пасмяяліся з жарту, дапілі мёд, адпачылі і з’ехалі, а жабрак, заціснуўшы ў кулаку ўсё сваё багацце ў адзін пенязь і не зважаючы на непагадзь, пайшоў да млынаркі. І сапраўды — млынарка прыняла яго, як лепшага сябра, а на наступны дзень перапісала на яго імя млын і ўсе гаспадарчыя пабудовы. «Чаму ты так зрабіла?» — запытаўся ў яе былы жабрак пасля таго, як яны зацвердзілі купчую. «Мой муж завяшчаў, каб пасля яго смерці я прадала гэты млын, а атрыманыя грошы аддала б яго палюбоўніцы. Вось я і выконваю завяшчанне мужа».
— Смешная казка, — усміхнуўся куткамі вуснаў Самуіл. — Аднак, што ў ёй павучальнага?
— Павучальнае ў ёй тое, што лёс дае кожнаму з нас шанец, каб разбагацець. Толькі адны ў яго не вераць і смяюцца, а другія — дзейнічаюць.
— Дык ты лічыш, што гэты скарб твой шанец разбагацець? — Самуіл пастукаў пальцам па пругкаму баку бяросты.
— Лічу, — не адводзячы позірку і гледзячы прама ў зрэнкі брата, адказаў Марцін.
— А мяне з сабой возьмеш на могілкі?
— Вазьму, калі не спознішся і прыйдзеш сюды адвячоркам, — усміхнуўся ў адказ хлопец.
4
Яшчэ да заходу сонца Самуіл зноў крочыў у двор бацькі. Астылае за дзень, яно ўжо амаль цалкам схавалася за вострымі грабянямі далёкага лесу, але яго прамяні ўпарта прабіваліся праз галіны дрэў, развітваючыся з зямлёй і кідаючы доўгія, няроўныя цені на дарогу. Адчувалася дыханне вечаровай свежасці. Ішоў Самуіл не спяшаючыся, быццам сумняваючыся ў правільнасці свайго рашэння. На душы было цяжка, часам сціскала сэрца. «Старэю ці што?»
Марцін сустрэў яго на панадворку, упіхнуў у рукі невялікі клунак і са словамі: «Хутчэй, братка, хутчэй!» зноў выштурхнуў на вуліцу.
— Бацька не адпусціў бы, — патлумачыў спешку Марцін. — Ён і так цэлы дзень на мяне касавурыцца.
— Ёсць за што, бо нядобрую справу вы задумалі. Адкуль у цябе такая прага да спажывы? Няўжо табе не хапае бацькавых грошай?