Выбрать главу

— А я не хачу жыць за бацькавай спінай, хачу свабоды, хачу мець свае лаўкі не толькі ў Берасці, але і ў Кобрыне, і ў Пінску, і ў Гародні. Хачу жыць, Самуіл, зараз, а не потым... А людзі хутка забудуцца, адкуль у мяне ўзяліся грошы, памяць людская — кароткая!

— Яно, магчыма, і так, аднак памяць і душа — гэта не адно і тое ж. Душа больш памятлівая. Розумам ты забудзеш зладзейства, а душой — не, будзеш памятаць усё жыццё, будзеш пакутаваць і гэтыя пакуты выпаляць у тваім сэрцы ўсё чалавечае: і дабрыню, і пяшчоту, і спагаду. Заўваж, багатыя людзі больш няшчасныя, іх ніхто не любіць. Іх баяцца, часам паважаюць, але не любяць. А добрага любяць заўжды. Зразумей: немагчыма чалавеку жыць без душы! Без золата — можна, без душы — не!

Марцін маўчаў, пэўна пераварваў пачутае і, каб змяніць тэму размовы, Самуіл пацікавіўся:

— Што ў клунку?

— У якім клунку? — не адразу зразумеў Марцін. Вочы яго, бы ў вар’ята, гарэлі ад нервовага ўзбуджэння, аднак, калі сэнс пытання ўсё ж прабіўся да яго свядомасці, яны прытухлі. — Там крыж, ладан ды тры грамнічныя свечкі.

— Усё ж такі баіцеся нячысцікаў?

— Нячысцікі — гэта драбяза, не вартая ўвагі. Загавораныя скарбы ахоўваюць здані ці нават бесы. Аднак мы ведаем усе патрэбныя малітвы, таму нікога не баімся.

— А калі прачытаеш не тую малітву ці наогул не прачытаеш яе, то што тады чакае скарбашукальніка?

— Смерць!

— Смерць? — у Самуіла раптоўна ўзмакрэў лоб. Ён непрыкметна выцер яго рукавом кафтана і пацікавіўся:

— І ты ведаеш такія прыклады?

— Ды мноства. Шавец Клім Рэпа з Цаглянай вуліцы расказваў, што яго сусед, каваль Грышка Удот, збіраючы на балоце крыцу, знайшоў багаты скарб золата і самацветных камянёў. Дастаючы яго, ён пачуў голас, што спачатку можа ўзяць толькі грошы, палову якіх абавязаны раздаць бедным. Аднак Удот усё золата прапіў, а калі пайшоў на балота, каб забраць каменне, спатыкнуўся аб корч і ўтапіўся ў багне.

— Вясёлая гісторыя, — уздыхнуў Самуіл. — Праўду кажуць людзі, што нячэснае багацце не суцяшае сквапнасць, а толькі распальвае яе.

Марцін не адказаў.

Сонца ўжо схавалася за лесам і адразу прастору напоўніла цяжкая, сырая цемра. Яна пранікала ўсюды, ліпла да рук і твару, непрыемным халадком веяла па спіне, разам з дыханнем пранікала ўнутр, і Самуілу ў нейкі момант падалося, што ён не дойдзе да могілак, што цемра раней выстудзіць яго вантробы, страхам замарозіць сэрца.

— Далёка яшчэ ісці? — каб толькі не маўчаць, запытаўся ён у брата.

— Ужо прыйшлі, — Марцін спыніўся, нягучна свіснуў і, калі з недалёкіх кустоў у адказ прагучаў гэткі ж прыцішаны свіст, гукнуў: — Гэта я, хлопцы.

І адразу з кустоў на дарогу выйшлі два чалавекі. Адзін з іх быў даволі высокі і, як падалося Самуілу, магутнага целаскладу. Другі быў маленькі і ў цемры нагадваў падлетка.

— Ты каго прывёў, Марцін? — прабасіў высокі юнак. — Мы ж дамаўляліся, што ніхто не павінен ведаць пра нашу тайну.

— Не хвалюйся, Грышка. Гэта мой старэйшы брат Самуіл, пра якога я вам расказваў.

— Які служыць лаўнікам пана Ласкевіча?

— Ён, — Марцін павітаўся з сябрамі і, кіўнуўшы на невысокага хлопца, які круціў на далоні нож з адмысловай ручкай, прадставіў:

— А гэта Юрка, брат Яні.

Пасля знаёмства Грышка, на правах старэйшага, пацікавіўся ў Самуіла:

— Ты замовы ведаеш? — і ўбачыўшы, як той у непаразуменні паціснуў плячыма, параіў: — Тады маўчы, а яшчэ лепш — не хадзі з намі, застанься тут ці ідзі ў царкву на «усяночную».

— Я пайду з вамі, — рашуча адказаў Самуіл, — і як прадстаўнік магістрата, хачу папярэдзіць вас, што раскопваць магілы...

— Хочаш ісці з намі — ідзі, але маўчы і не лезь са сваім статутам у чужы манастыр.

Самуіл зноў паціснуў плячыма і прамаўчаў. Спрачацца, лаяцца з незнаёмым яму чалавекам, ды яшчэ ноччу, — было не ў яго правілах, таму ён вырашыў быць назіральнікам, і толькі ў выпадку небяспекі або папярэдзіць юнакоў, або ратаваць іх.

Тым часам скарбашукальнікі ўзялі ў рукі крыжы, запалілі свечкі і, павярнуўшыся тварамі на захад, пачалі чытаць заклінанні. «Дапамажы, Божа, мне, рабу Твайму Юрыю, прыстаўнікоў злосных сіл ад скарба адагнаць, а золата і срэбра, схаваныя ў зямлі, узяць на справы добрыя, богаўгодныя, сіротам малым на суцяшэнне, храмаў божых на пабудову, а мне, Юрыю Кацуры, на чэсны гандаль купецкі», — даносіўся да Самуіла шэпт бліжэйшага да яго хлопца.

Потым пайшла малітва: «Святая Тройца, злітуйся над намі. Гасподзь, ачысці душы нашы. Уладыка, прабач за беззаконне наша. Святы, наведай і пазбаў нас немачы нашай. Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, зараз і прысна, і на векі вякоў. Амінь».

Потым — зноў заклінанне: «Падымуся я позна вечарам, пайду разам з мілым месяцам па палях, па пагорках, па лясах, па раўнінах. Знайду камень вялікі, ...» — далей Самуіл ужо не слухаў, стаміўся. «Дзіцячыя забавы!» — вырашыў ён і пашкадаваў, што сам напрасіўся на гэту начную прагулку.

Прачытаўшы ўсе малітвы і заклінанні, юнакі задулі свечкі і, не звяртаючы ўвагі на Самуіла, ланцужком накіраваліся ў бок Перуновых могілак.

Некалі, гады два таму, па справах магістрата Самуіл быў на гэтых могілках і ўжо тады яны былі недагледжанымі, зарослымі быльнёгам і кустоўем. Ён ведаў, што хавалі тут самагубцаў, бандытаў ці незнаёмцаў. Іх магілы ніхто не агароджваў, а часта нават і крыжа не ставілі. Пакладуць у лепшым выпадку на пагорак амшэлы камень — і дзякуй Богу.

Успамінаючы той паход на Перуновы могілкі, Самуіл усёй сваёй істотай адчуваў, што любы жывы чалавек з’яўляецца быццам працягам свайго памерлага родзіча, а могілкі — гэта тое адзінае духоўнае звяно, якое злучае жывога і нябожчыка, і непакоіць памерлага — што разарваць тое звяно, знішчыць духоўную сувязь, вырачы жывога на зямную адзіноту, на забыццё пасля смерці. «Ці варта ўсё гэта таго золата, якое, магчыма, недзе там і схавана?» — раз за разам пытаўся ён у сябе і раз за разам адказваў: «Не!» — «А можа, пакуль не позна, паспрабаваць растлумачыць гэтым юнакам дурноту іх задумы? Але ж не зразумеюць, выставяць баязліўцам, дурнем ці слабаком». І Самуіл пакорліва крочыў за цёмнымі ценямі ў сырую цемру.

Ля могілак цені спыніліся. Перашэптваючыся, зноў запалілі свечкі і, чытаючы нейкія малітвы, пацягнуліся да крайняй магілы.

Навокал панавала нежывая цішыня. Яна ўціскала ў зямлю. Яна аглушала. Асцярожна, імкнучыся нічым не парушыць яе крохкасці, Самуіл абышоў вакол магільнага пагорка, уважліва агледзеў крыж, які Грышка з Юркам ужо выцягнулі з зямлі і прытулілі да бліжэйшага дрэва. Гэта быў звычайны, струхнелы ад часу і пакрыты зялёным імхом, крыж. «І што ў табе адметнага?» — думкі Самуіла блыталіся, не маглі засяродзіцца на нечым адным, у гэты час самым важным. Ён яшчэ раз ахінуў позіркам зарослы пустазеллем пагорак, гнілы крыж, абышоў хлопцаў, якія з заплюшчанымі вачыма чыталі малітву, спыніўся ў некалькіх кроках за іх спінамі. «Прыдзі і ўсяліся ў мяне, і ачысці думкі мае і памкненні ад рознай брыдоты, і выратуй, Божа, душу маю. Святы Божа! Святы Бессмяротны! Памілуй мяне. Амінь». І раптам, з апошнім «амінь» Самуіл убачыў, як выцягнуты з зямлі крыж успыхнуў жоўта-вогненным кастром. Языкі полымя ўзвіліся вышэй дрэў, і ў іх зменлівай жаўцізне яскрава праступіла постаць высачэзнага чалавека з раскінутымі рукамі. Постаць павольна павярнулася да людзей і Самуіл з жахам адчуў, як гарачыня кастра апаліла яго ногі, як яна павольна пачала падымацца вышэй, вышэй. А вогненны чалавек бы вялізнымі крыламі правёў сваімі рукамі па тварах Юркі і Грышкі, вышчарыўся чорным бяззубым ротам і, адарваўшыся ад крыжа, імкліва схаваўся за чорнай завесаю ночы. З ім знікла і гарачка ў нагах Самуіла.