Выбрать главу

А хлопцы, ні на што не зважаючы, раскопвалі магілу. Юрка і Грышка ўпарыліся, пот буйнымі кроплямі каціўся па іх ілбах, тварах, але яны нічога не заўважалі і толькі секлі заступамі магільны дзёрн. Марцін стаяў побач. У адной руцэ ён трымаў запаленую грамнічную свечку, у другой — крыж. Вусны яго шавяліліся, аднак слоў малітвы было не разабраць, ды да іх ніхто і не прыслухоўваўся.

Самуіл перажагнаўся, паглядзеў на крыж, які, як і раней, стаяў каля дрэва, агледзеў узмакрэлых Грышку і Юрку — нішто не нагадвала пра вогненнага чалавека. «Няўжо мне падалося?» — з палёгкай падумаў ён і зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў да магілы.

— Ёсць! — раптам данёсся ад яе радасны вокліч. — Глядзі, які вялікі. — Юрка падняў над галавой чорную, аблепленую зямлёй карчагу. — Мы багатыя, хлопцы!

— Пачакай, — ахалодзіў імпэт сябра Грышка. — А раптам у ёй проста пясок? Жартаўнікоў жа хапае.

З гэтымі словамі ён забраў у сябра сасуд, паклаў яго на магільны пагорак і лёгенька зверху стукнуў заступам па яго баку. Сасуд раскалоўся на дзве часткі, з якіх на чорную зямлю пасыпаліся залатыя манеты.

— Ого-го-го! — не хаваючы пачуццяў, закрычаў Юрка.

— Заткніся, дурань! — Грышка схапіў сябра за плячо і з усяе сілы трасянуў яго. — Не хапала, каб сюды збеглася палова горада. Лепш падай мне торбу.

Юрка падхапіў торбу, працягнуў яе сябру і яны пачалі павольна, любуючыся бляскам кожнай манеты, парадкаваць знойдзены скарб. Марцін падсвечваў ім свечкай. Усе радаваліся, бы дзеці, і толькі Самуіл маўчаў, ніяк не выказваў сваіх пачуццяў. Ён нават не глядзеў на золата, бо яго ўвагу адцягваў тонкі струменьчык жоўтага дыму, што ішоў з разбітай карчагі.

— Што гэта за жоўты дым? — ціха, амаль шэптам запытаўся ён сам у сябе.

Аднак яго пытанне пачуў Грышка.

— Пра які дым ты кажаш, лаўнік? Гэта чорная зайздрасць да нашага шчасця засцілае табе вочы жоўтым туманам. Так я кажу, хлопцы?

— Ага, — адазваўся адзін Юрка, які нават не разумеў, пра што ідзе гутарка.

«Дарэмна ты спрачаешся з імі, — раптам аднекуль зверху да Самуіла данёсся ціхі шэпт

ветру. Ён нават не пачуў яго, а адчуў усім целам. — Дарэмна разрываеш сваё сэрца ад бяссілля пераканаць іх. Яны самі выбралі свой шлях і без пакаяння адпусцілі душу, якая ахоўвала гэту магілу, таму самі і адкажуць за свае ўчынкі». Разгублены, збіты з толку Самуіл падняў галаву, аднак акрамя халодных зорак у цёмным небе нічога не ўбачыў.

«Хутчэй адсюль, хутчэй з гэтых могілак, у цемру, там выратаванне», — лаўнік паспешліва аддаліўся ад разрытай магілы.

Цемра дыхнула ў твар холадам. Зусім нядаўна ён праклінаў яе, баяўся, парываўся вырвацца з яе абдымкаў, а цяпер з асалодай глытаў яе шырока раскрытым ротам. Толькі тут, за мяжой могілак, ён адчуў, наколькі спалохаўся, якімі мяккімі, непаслухмянымі сталі ногі, наколькі моцна б’ецца сэрца, напаўняючы жывой крывёй жылы. Ён прытуліўся спінай да тоўстай, пасечанай маланкамі і часам, сасны і нават не заўважыў, як побач з’явіўся брат.

— Багаты скарб знайшлі, Самуіл. Вельмі багаты! — голас Марціна звінеў золатам.

— Хадзем адсюль, — быццам не пачуў брата, абыякава прамовіў Самуіл. — Пайшлі да сем’яў.

— Ты ідзі, а мы цябе дагонім, — вочы Марціна, бы ў ваўкалака, свяціліся ў начной цемры чырвонымі вугольчыкамі. — Толькі бацькам нічога не расказвай.

Калі Марцін зноў адбегся да сяброў, Самуіл адштурхнуўся ад дрэва, выйшаў на знаёмую сцяжынку і, не спяшаючыся, пакрочыў да горада. «Ойча наш, каторы ёсць на небе! Свяціся імя Тваё, прыдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амінь», — шапталі яго вусны.

І ўжо ў хаце, стоячы на каленках перад абразом, ён раз за разам у думках вяртаўся да паходу на могілкі, да сваіх размоў з сябрамі Марціна, убачанага і пачутага там, і чым больш ён успамінаў, тым большы цяжар асядаў на яго душу. Самуіл праганяў дурныя думкі, імкнуўся забыцца ў малітве, аднак думкі ўюнамі лезлі ў галаву і які ўжо раз, шукаючы прычыны свайго незадавальнення, ён усё больш думаў, што паспяшаўся сысці, змаладушнічаў, што трэба сёння ж пагутарыць і з Марцінам, і з яго сябрамі.

Замшэлы крыж так і застаўся дагніваць побач з абязвершанай сасной, якую некалі скалечыла сляпая, а таму бязлітасная да чужога жыцця маланка.

5

Раніцай, яшчэ да ўзыходу сонца, Самуіл памыўся крынічнай вадой, у якую жонка, вярнуўшыся з царквы, паклала некалькі залатых манетак і чырвонае асвечанае яйка. Апрануўся ў святочны строй, пабудзіў Васятку і яго, яшчэ соннага і кволага ад сну, таксама прымусіў памыцца. «Каб быў увесь год чыстым, здаровым і чырвоным, бы велікоднае яйка», — прыгаворваў ён, са смехам паліваючы сыну рукі халоднай вадой.

Пакуль мужчыны мыліся, Насця накрыла святочны стол, за які, папярэдне шчыра памаліўшыся Богу, хутка ўселіся сваёй невялікай сям’ёй, каб разгавецца — уволю паласавацца пасля доўгага посту рознымі прысмакамі.

— Ух, — першым стаміўся есці Васятка. Ён важна пахлопаў сябе па тугім жываце і адкінуўся да сцяны. — Ну я і наеўся, на цэлы тыдзень!

— А цяпер пойдзём яшчэ да дзядулі, — усміхнулася задаволеная Насця. — Што ты там будзеш рабіць?

Пачуўшы пытанне маці, сын на імгненне прыціх. Вочы яго акругліліся, вусны скрывіліся і ледзьве не плачучы, ён паскардзіўся:

— А вы ж абяцалі адпусціць мяне валачобнікам!

— Валачобнікам? — вясёлы выраз на твары Насці саступіў месца шчыраму здзіўленню. Яна нават крыху прыўзнялася з лавы: — Ты яшчэ малы хадзіць па дварах.

— Калі мы табе гэта абяцалі? — сур’ёзна запытаў Самуіл.

— Летась.

— Летась? — бацька хмыкнуў у свае рэдкія вусы, задумаўся, згадваючы леташні Вялікдзень. Потым прамовіў: — Калі абяцалі — ідзі. Толькі скажы, з кім ты пойдзеш, дзе будзеце хадзіць і ці ведаеце вы валачобныя песні?

— Хадзіць мы будзем па Кавальскай вуліцы, — радасна падхапіўся з лавы Васятка. — А песні мы ведаем. — І заспяваў:

Пане гаспадару, слаўны мужу,

Хрыстос уваскрос, Сын Божы!

Слаўны мужу над мужамі!

Слава табе, Божа, на ўвесь свет!

А ці спіш, ляжыш, спачываеш...

— Ну хопіць, хопіць, — замахаў рукамі Самуіл. — Пачуўшы твае спевы, гаспадары апошняе аддадуць, каб ты толькі хутчэй сышоў з іх двара.

— Няпраўда, — Насця бліжэй падсела да сына і пагладзіла яго па галаве, — спяваеш ты добра, жаласліва, але ўсё роўна доўга па дварах не хадзіце, а як усіх абыдзеце, то адразу прыходзь да дзядулі. Добра, сынок?

— Добра, — радасна паабяцаў Васятка.

Адпусціўшы сына да валачобнікаў, — купкі дзяцей, што ўжо нецярпліва тапталася на вуліцы ля двара Корчакаў, — пачалі збірацца ў госці і Самуіл з Насцяй, і не паспела яшчэ ранішняе сонца высушыць расу на дарозе, як яны весела і бадзёра, з клункамі ў руках, крочылі да бацькоўскай хаты.

6

Барталамей сустрэў гасцей на панадворку, з кожным пахрыстосаваўся, пацікавіўся, дзе Васілёк і, пачуўшы, што той пайшоў з сябрамі валачобнічаць, шырока засмяяўся:

— Малайчына!

— А дзе Марцін? — у сваю чаргу запытаўся Самуіл. — Можа, яшчэ спіць пасля начной прагулкі?

— Пасля якой прагулкі? — Барталамей з непаразуменнем павярнуўся да сына і ўжо раскрыў рот, каб пра нешта ў яго запытацца, але не паспеў — на панадворак выйшла жонка.