Выбрать главу

Рэю быў нанесены ўдар у самае сэрца...

VII

Але менавіта ўкрадзены Жуль Верн зблізіў мяне з Рэем.

Назаўтра я прыйшоў у клас з выглядам пераможцы. Мне вельмі хацелася паглядзець, як будзе трымаць сябе Рэй, будзе ён прасіцца, плакаць ці помсціць. Я гарэў нецярпеннем хутчэй сутыкнуцца са сваім праціўнікам і, вядома, убачыць яго прыніжаным і разбітым...

Рэй не даў поваду для радасці. Ён нікому не сказаў пра кнігу, і толькі па яго пахмурнаму твару можна было здагадацца, што ён усё ведае. Яго знарок зачэплівалі, падкалвалі, але ён маўчаў, як быццам не было ні кнігі, ні палявання за ёй, ні гандлю з ахвочым да пораху яго братам Іванам. Пра такі канец ніхто з нас не думаў.

Так Цягнулася тыдзень, другі, трэці. 3 усімі тымі, хто памагаў выкрадаць Жуля Верна, ён размаўляў, як і раней, і ў яго голасе не чулася ні пагрозы, ні злосці. Гэтая высакароднасць збоку Рэя неяк абяззбройвала.

Усё вырашылася пасля памятнага выпадку. Даведзеныя да шаленства маўчаннем Рэя, мы самі перайшлі ў адкрытае наступленне. Здаўшы апошні экзамен за шосты клас — геаграфію,— мы акружылі свайго праціўніка і на яго вачах пачалі лістаць украдзенага Жуля Верна. Рэй трымаўся мужна. Ён па-ранейшаму маўчаў. Толькі ледзь-ледзь задрыжала яго верхняя губа, і ён адвярнуўся, каб не паказаць сваіх слёз.

Гэтага не вытрымала суполка. Мы моўчкі аддалі Рэю Жуля Верна і, прыгнечаныя, пайшлі прэч...

А потым я цэлае лета хадзіў на торфазавод купацца. Там было безліч глыбокіх кар'ераў, запоўненых бурай, нібы ячменная кава, вадой. Пасля такога купання прыходзілася нанава абмывацца ў рачулцы Змейцы. Хадзіў я на торфазавод, вядома, не дзеля купання. Там жыў Рэй. 3 ім нарэшце мы сышліся.

Каб заваяваць давер Рэя, я першыя дні, пакуль яго не сустрэў, насіў пад пахай Жуля Верна. Гэта была ўжо мая кніжка, у ёй расказвалася пра падарожжа вакол зямлі за восемдзесят дзён, і я разлічваў, што Комін яе не чытаў. Спаткаўшы Рэя, я першы, без ніякіх умоў, даў яму кнігу...

I праляцела тое лета залатым карагодам незабыўных уражанняў. Рэй быў цудоўны хлопец, з адкрытай і шчырай душой. Сваімі захапленнямі і радасцямі ён дзяліўся з кожным, хто ішоў да яго без каменя за пазухай. Нацэленыя Жулем Вернам вандраваць па ўсім свеце, адкрываць неадкрытае, мы пакуль што ажыццяўлялі адысею па блізкіх ваколіцах. Прырода не пакрыўдзіла родныя мясціны. Па лесе валяліся вялізныя валуны, аброслыя сівым мохам. Ляднік прынёс іх сюды, зрэзаўшы з гор Скандынавіі. Вёрст за восем ад мястэчка, каля невялікага чыгуначнага раз'езда, здабывалі вапну. А побач, у лагчынцы, атуленай вербалозам і ракітнікам, біла з зямлі крыніца. Вада яе была незвычайная, з рэзкім і непрыемным пахам. Ад яе выгарала трава навокал. Але па ваду прыязджалі з навакольных сёл і бралі яе бочкамі тыя, хто хварэў на раматус і на іншыя не вядомыя нам хваробы.

На балоце ржавая вада сям-там зацягвалася вясёлкавымі кругамі. Аднекуль сюды прасочвалася нафта. Родная зямля таіла ў сваіх нетрах безліч скарбаў...

Але тым памятным летам нас найбольш узрушылі птушкі. Знаёмы даўганогі бусел, сіваграк, ластаўка былі не толькі нашы, але і афрыканскія. Баючыся холаду, яны на зіму ляцелі да берагоў Ніла.

Рэй выказаў здагадку, што ўсе гэтыя птушкі нашы. Бо калі б было інакш, то навошта б яны прыляталі вясной? У Афрыцы ж цэлы год лета, і птушкам няма ніякай разумнай патрэбы марна траціць сілы на пералёт. Проста іх вабіць родная зямля, дзе некалі таксама круглы год было горача, як у Афрыцы.

Думку, якую выказаў чатырнаццацігадовы Рэй, я ні разу не сустрэў пасля ў кнігах. А яна і сёння здаецца мне справядлівай...

Незабыўны ўспамін тых далёкіх дзён — начлег у лесе. Па грыбы ў чужы незнаёмы бор мы адважыліся ісці ўтрох: Рэй, я і Кірыла. Дзень быў пахмурны, дажджлівы, сонца з самай раніцы схавалася за важкімі шэрымі воблакамі. Мы, вядома, маглі вярнуцца. Але заблудзіцца нам з Рэем, мабыць, проста хацелася. Бо навошта ж тады мы ўзялі з сабой запалкі, хлеба і сала на добрыя два дні? Мы прамоклі да ніткі і, вядома, заблудзіліся. I вось ноч у лесе, вялікі касцёр з яловых лапак і голля, завостраныя ражончыкі, на якіх пражым сала... Над намі кашлатая яловая навісь, а ў прагалах між вяршалін — знаёмыя зоркі: чарпак Вялікай Мядзведзіцы, Палярная, сузор'е Арыён, бясконцы Млечны Шлях...

Ноччу распагодзілася. Арыентуючыся па зорках, мы маглі б знайсці патрэбны кірунак на поўнач і поўдзень, каб выйсці на шлях. Але не хацелася. Мабыць, упершыню ў жыцці мы ў збытку пілі перамешаную са страхам слодыч вялікага пачуцця самастойнасці. Вакол шумеў чужы, таямнічы лес, гігікала нейкая птушка, нешта трашчала ў кустах, а мы сядзелі вакол кастра і смажылі сала...

У поўнач Кірыла не вытрымаў і заплакаў. Ён быў удвая дужэйшы за кожнага з нас, але румзаў, не саромеючыся сваіх слёз. Мы з Рэем яго суцяшалі...

Той год нашага сумеснага навучання ў сёмым класе быў апошні. Дзесяцігодкі ў мястэчку яшчэ не было, і наступным летам усе разляцеліся, хто куды...

VIII

Расказанае — кавалачак дзяцінства далёкіх трыццатых гадоў.

Сёння мне столькі, колькі было майму бацьку, калі я захапляўся Жулем Вернам. I ў мяне ёсць дзеці. Старэйшаму сыну дванаццаць, малодшаму сем. Старэйшы ўступіў у тую паласу жыцця, калі патрэбны незвычайныя прыгоды, вандроўкі і, вядома, Жуль Верн. Малодшы глытае казкі. I яны, наіўныя, думаюць, што ім першым адкрываецца вялікая неразгаданасць свету.

Я закончыў той самы геаграфічны факультэт, на якім гадоў на дванаццаць раней вучыўся Антон Антонавіч. Ведаю цяпер дакладна, што занадта вандраваць яму не прыйшлося. Як і ўсе студэнты, з'ездзіў ён на Урал, Каў-каз, і ўсё. Але Жуль Верн таксама многа не ездзіў. I быў вялікі падарожнік...

Кірыла, дужы мой сусед, працуе настаўнікам, як і я. Шляхі нашы разышліся даўно, і, зрэшты, я мала пра яго ведаю.

У нашым мястэчку цяпер дзесяцігодка. Паблізу здабываюць вапну, і ёсць меркаванне, што ў хуткім часе каля серавадароднай крыніцы пабудуюць лячэбніцу. Але не вапнай і не лячэбніцай славута сёння мястэчка. Славу яму зарабляе Андрэй Камінскі. Ён адзін з тых, хто будаваў і запускаў спадарожнікі Зямлі. Пра гэта ўжо напісана ў газетах...

I нешта новае адбываецца ў нас, чаго, мабыць, не было за ўсю гісторыю. Саўгас, торфазавод і мястэчка спрачаюцца за Андрэя. Прадстаўнікі кожнага з паселішчаў даказваюць адзін аднаму, што Андрэй Камінскі нарадзіўся іменна ў іх. Спрэчкі часта ўзнікаюць і ў школе, куды ходзяць дзеці з усіх гэтых месц. Калі дзеці звяртаюцца да мяне як да суддзі, я заўсёды кажу: Андрэй — местачковец. У саўгасе і на торфазаводзе ён жыў часова. У вачах местачкоўцаў ззяе радасць, саўгасаўцы і торфазаводцы маркоцяцца. I ўсім ім разам хочацца сказаць:

— Ідзі, шукай, чалавек!