Выбрать главу

НЕ ПЯРЭЧЫЛА...

Ветрык шустры змоўк, заціх. Спяць кусты прырэчныя. Мне казаў: — Ты лепш за ўсіх,— Не пярэчыла.
Потым вочы называў Спелымі парэчкамі. Потым губы цалаваў,— Не пярэчыла.
Адпіхнуць яго шкада: Слабая парэнчына I сцюдзёная вада,— Не пярэчыла.

ЗАСТОЛЬНАЯ ОДА КАЗЛУ

Казлу, які абгрыз лазу i паказаў гэтым

лепшы метад вырошчвання вінаграду,

у старажытнасці быў пастаўлены помнік.

Выпадку нечаканы гром — Ісці, знайсці лазу I выціснуць з даспелых грон Вясёлую слязу.
Шукай, упартасць, зноў i зноў! Пасмейцеся, багі! Валіла стома смертных з ног, Вадзіла у бакі.
Іскрыстай песні корань сох, Гарчэў палын дарог. I ўзбунтаваўся грозны сок, Заціснуты ў астрог.
Стагнаў, хаця не знаў хвароб, Шалеў у сто залеў. Зняў пробу першы вінароб I першы захмялеў.
Сакрэт святога рамяства Адолеў для вякоў. Хадзіла кругам галава, Спявала ўсё вакол. Падужацца i знаць, i голь Хмель клікаў — хто каго?! Пасля ўжо словам «алкаголь» Абразілі яго.
Майстэрства цяжкія азы, Як i майстры, ў гадах. Імкнула памаладзь лазы Абвіць нябесны дах.
Ты цешыўся, што так расла, Наіўны Дыяніс. Я п'ю за бараду казла, Які лазу абгрыз.
Прыземлены, пачаў расці Буйнейшы вінаград. Хаця казёл аб адкрыцці Здагадваўся наўрад.
Рог не ўцяжарылі вянком, Адказвала спіна — I адкрывальніку кійком Аддзячылі спаўна.
Нашчадак ніву славы жне. Казла не без падстаў На стол узнялі на ражне, Пасля — на п'едэстал. Ім закусілі — паўбяды, Са збродлівых братоў Ляпілі хмарку барады I чаркі капыткоў.
Пазнялі ўсе грахі з казла, І помнік дождж абмыў — Як маршал, толькі без жазла, Ён, бронзавы, застыў.
І валадар сівых дзяржаў, Адтуль, з сівых вякоў, Вакх да сябе у світу ўзяў Рагатых сваякоў.
І прадзедаў маіх наўздзіў Ля роднага сяла Па багне, п'яных, чорт вадзіў Стрыечны брат казла.
Ды крыўдзіцца на лёс адно Увесь казліны род — Па барадзе цякло віно, А не папала ў рот. Чарэпай, шчодры вінадар, Як вока поўны коўш! Застолле смягне — хмель, удар, Дажджом прайдзіся ўздоўж!
Настрою дзіўная шкала: Ртуць чаркі ўверх, то ўніз. Дык зноў — за бараду казла, Які лазу абгрыз?!

ВЯСНОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА

Лёгкая хмурынка, як паром, Праплыла па небе неабсяжным. Свой даклад вясновы робіць гром Голасам кіруючым, паважным.
Пачынае з дасягненняў ён (Выступае год ужо каторы!). З любасцю лагодны, ўзнёслы тон Слухае нябесная кантора.
Раптам загрымеў — i ўшыр, i ўдоўж Прабіраць узяўся абібокаў: Уцірае акуляры дождж, А прагноз маніць — не моргне вокам.
Алілуйшчык слухае: — Эх, брат, Свой бы вопыт перадаў я грому, Як на цэлы дзень рабіць даклад, Не сказаўшы крыўднага нікому.
А перастрахоўшчык спалатнеў: — Можа, й праўда дождж разленаваўс Ды рызыкаваць навошта мне,— I хутчэй страхой застрахаваўся...

ЯК УДАСКАНАЛЬВАЛІ АЛОВАК

— Мы недахопы разбяром Ды люба так, ды міла. I засядала рацбюро, I думала, й дыміла.
Мы рваліся ў прарыў, сябры, Наш тэлефон алёкаў. Ды застаюцца канчары — Агрызкі ад алоўкаў.
Шукаць не будзем мудраца! Як грыфель сэканомім? Мы не паставім да канца Яго ў алоўку новым.