О, жанчыны! Хто толькі не пасылаў вам праклёнаў на гэтай неабдымнай і старажытнай зямлі! Якімі толькі знішчальнымі эпітэтамі не ганьбавалі вас! А вы ўсё роўна праз вякі і эпохі, насуперак усяму, застаяцеся такімі ж чароўнымі і ўладарнымі. І як мільёны гадоў назад, па-ранейшаму абуджаеце ў нашых мужчынскіх сэрцах тое глыбіннае і непазбежнае, што дае нам прырода яшчэ на пачатку жыцця, прымушаеце нас радавацца, пакутаваць, плакаць, дурнець ад шчасця.
* * *
Міхась ледзь не кожны дзень атрымлівае пісьмы ад сваёй каханай. Аб тым, што прыйшоў новы ліст, я беспамылкова пазнаю па Міхасёвым твары - ён тады свеціцца ўвесь, як паліваны збан. Хлопец настолькі адкрыты і непасрэдны, што кожнай сваёй радасцю яму неадкладна хочацца падзяліцца з кім-небудзь.
Не ведаю чаму, але свае пачуцці ён часцей за ўсё давярае мне. Вось і сёння, як толькі я прыйшоў з бібліятэкі, Міхась зноў папрасіў мяне паслухаць, што піша яму яго Валя.
«Родны мой, я думала, што мае пачуцці да цябе - простае захапленне, - голас у Мішы ажно дрыжыць, перарываецца ад хвалявання і радасці. - Я хацела заглушыць іх, забыць пра цябе, але нічога не атрымалася. Я кахаю цябе моцна, па-сапраўднаму. Я навекі твая!..»
Сваім чытаннем Міхась толькі растрывожыў, развярэдзіў маю душу. Такіх пісем ад Надзі я не атрымліваў ніколі. І наўрад ці калі атрымаю. Цяпер вось дык і зусім не піша...
* * *
У гэтым семестры ў нас месяц газетнай практыкі, будзем наведваць - раз у тыдзень - сталічныя шматтыражкі.
Мікола Верас, Алесь Шульга і я трапілі ў «Аўтазаводзец».
Сёння ездзілі туды на агледзіны і знаёмства. Рэдактар - невысокі, рухавы мужчына, - дазнаўшыся, што ўсе мы маем пэўны журналісцкі вопыт, не стаў нам нічога расказваць, а павёў проста паказаць завод.
Я першы раз на вялікім прадпрыемстве. Таму хадзіў па розных, напоўненых несціханым грукатам цэхах усё роўна як дзядзька Антось у Вільні: увесь час задзіраючы галаву, усюды соваючы свой нос. Надта ж уразіў галоўны канвеер. Мо з гадзіну стаялі мы ля яго, глядзелі, як на нашых вачах, быццам грыбы пасля цёплага дажджу, вырасталі аўтамабілі.
Людзі, што ўвішна, засяроджана кіравалі складанымі, вялікімі станкамі, здаліся мне нават трошкі чараўнікамі.
* * *
Я доўга не мог заснуць.
Прад вачыма стаяла яе пісьмо. Тое самае, якое я пакутліва чакаў цэлыя два тыдні. І што ж у ім? Роўныя, акуратныя і такія абыякавыя радкі. «Прабач, не было часу... увесь час лекцыі, практычныя... на выхадныя ездзіла з дзяўчатамі за горад... у мяне ўсё нармальна...»
І гэта пісьмо ад каханай? І гэта пісьмо да любімага чалавека? Не, не і не! Ніколі яна не кахала мяне і не кахае! Колькі разоў, сціснуўшы зубы, моўчкі выплакваў я невыносны, прычынены ёю боль - і дараваў, забываў на ўсё. Толькі б бачыць яе, толькі б быць з ёю побач.
А яна? Чым жа адказала мне яна? Ні разу я не адчуў яе сапраўднай блізкасці да мяне, не спазнаў яе ласкі. За ўсе гады яна ні разу не пацалавала мяне, не сказала «кахаю...». А я, дурань, у апошні вечар растаў як воск, паверыў, што ўсё сапраўды будзе добра.
* * *
Хутка ўжо год, як мы жывём і вучымся разам, а сапраўднай згуртаванасці на курсе няма. Усё нейкія групы, кампаніі.
Вызначылася нават (даўно, яшчэ з восені) свая «эліта» - чалавек пяць, якія з вышыні свайго ўзросту, сякой-такой адукаванасці глядзяць на астатніх трохі скептычна, трохі паблажліва, а болей пагардліва.
Прыкра ўсё гэта. Што ні чалавек - то свой асобны загон, агароджаны высокім і шчыльным плотам. Паспрабуй дазнайся, што там расце - кветкі ці пустазелле...
Не ведаю, як хто, а я такую атмасферу пераношу хваравіта.
Калі мы ўжо разгародзімся? Калі сярод нас завітае дух сапраўднай шчырасці? Мне здаецца, што для гэтага нам не хапае нейкай адной агульнай і вялікай справы, якая б захапіла і аб'яднала нас.
* * *
Зноў ездзілі ў нашу шматтыражку.
Рэдактара, Якава Майсеевіча Карпіловіча - вечна занятага, вечна нечым заклапочанага, мы засталі ў друкарні. Убачыўшы нас, ён прывітальна заківаў галавою, але тут жа спахапіўся, успомніўшы, відаць, нешта недаробленае.
- Адну хвіліну, - сказаў ён ужо на бягу і памчаўся ў лінатыпную.
Кажуць, ён неблагі чалавек і талковы рэдактар. Яго запрашалі нават на работу ў рэспубліканскія газеты, але ён адмовіўся. Без памяці любіць сваю шматтыражку і аддае ёй усё, што можа. На рабоце - з ранку да вечара. І мо таму да гэтага часу халасцякуе - няма калі выбраць жонку.
Нарэшце Карпіловіч вярнуўся, запытаў скорагаворкаю:
- Якія ў каго намеры? Чым будзеце сёння займацца?
Мы паціснулі плячыма.
- Ну і выдатна, - нібы абрадаваўся ён. - Тады і я ніякіх заданняў даваць не буду. Ідзіце ў цэхі, знаёмцеся з людзьмі, пішыце.