Мікола Верас хацеў паваксаваць туфлі, але ваксы не аказалася. Ён стаў бурчаць.
- Н-народ! Ніхто не здагадаецца купіць! Усе чакаюць, каб хто іншы, н-на гатовенькае!..
Бугаёў падняў галаву з ложка:
- Я не чакаю, таварыш Верас. Калі мне трэба, я дам грыўню, і мне так надраяць чаравікі, што будзь здароў!
Мікола яшчэ больш узлаваўся.
- «Н-надраяць, надраяць»! Ты і п-прывык, каб за цябе ўсё драілі, каб за табой прыбіралі, як за панам якім. Была б мая воля, я з цябе гэтыя перажыткі ўмомант выгнаў бы.
Кандрат агрызнуўся:
- Сам ты перажытак! Што я - не маю права, каб мне, за мае ўласныя грошы, пачысцілі чаравікі?
- А ты ш-што, зломак? Ці мо рукі адсохнуць? - гарачыўся Мікола. - Проста агідна! Ідзеш па праспекту, а з будкі высоўваецца такая здаравенная чырвоная морда, і ў руках - шчотка, а позірк - лісліва-ўмольны, як міласці просіць. Ну дык у гэтага філасофія простая - за лёгкім рублём гоніцца. А ты? Няўжо не сорамна падстаўляць некаму нагу, каб ён чысціў твой заляпаны чаравік? Ды гэта ж прыніжае чалавечую годнасць!
- Ты, Верас, не загінай! - спакойна, нават ляніва запярэчыў Бугаёў. - Калі ісці па тваёй логіцы, то гэтак можна адмовіцца і ад паслуг цырульніка, і ад паслуг краўца і іншых.
- Гэта зусім розныя рэчы! - перабіў яго Верас. - Адно, калі ты сапраўды нечага не ўмееш, не можаш рабіць і звяртаешся да спецыяліста. І зусім іншае - калі табе ваксуюць чаравікі, надзяваюць паліто, кідаюцца адчыняць дзверцы аўтамашыны. Гэта ўжо, браце, не паслуга, а элементарнае лакейства. Лакейства, якое трэба рашуча выкараняць з нашага грамадства, дзе ўсе павінны быць роўнымі.
- Ага, роўнымі! - абазваўся са свайго ложка Алесь Шульга. - Ты унь ва ўніверсітэт кожны дзень пехатою чэшаш або душышся ў перапоўненым аўтобусе, а Святлана Карэліна пад самы ганак падкочвае на татавым персанальным аўтамабільчыку.
- Дарэчы, з такімі фактамі таксама трэба рашуча змагацца. Інакш грош нам цана як журналістам.
Пры гэтых словах Алесь ажно ўскочыў з ложка і стаў супраць Вераса, натапыраны ўвесь, пачырванелы:
- А ты хоць раз калі спрабаваў змагацца? Спрабаваў?!
- Не спрабаваў. Не было выпадку.
- Дык то-та ж! Прыгожа гаварыць мы ўсе ўмеем! А ты вось паспрабуй. Так апячэшся - дзесятаму закажаш. Я унь з дробнаю сошкаю, з калгасным брыгадзірам, павёў вайну і то ніяк не магу адкараскацца. З яго хоць бы валасінка ўпала, а мяне цярэбяць.
- Ну і дурань! Хіба так ваююць?
- Знаеш што?! - Алесь цяжка скрыгатнуў зубамі і гатовы быў вось-вось кінуцца ў бойку.
Валодзя Баравы стаў паміж разгарачаных не на жарт хлопцаў і пачаў разводзіць іх у бакі:
- Ну, ну, пеўні! Няўжо нельга пагаварыць спакойна?
- З ім п-пагаворыш!
- А я тваю дэмагогію і слухаць не хачу!
- Ды сціхніце вы! - прыкрыкнуў Валодзя.
Хлопцы насуплена, неахвотна разышліся, але яшчэ доўга - кожны са свайго месца - перакідваліся, даймалі адзін аднаго колкімі рэплікамі.
* * *
Мабыць, сход наш так і закончыўся б вяла, нудна, як пачаў яго Кастусь Беленькі, і не пакінуў бы ніякага знаку, калі б не Ніна Аляксандраўна, наш куратар. Яна ўвесь час сядзела ззаду і моўчкі слухала, як мы пераліваем з пустога ў парожняе. Размовы па сутнасці ніякай не было. Беленькі гаварыў нешта блытанае, неакрэсленае. За ім выступіў Ігар Касцевіч. Ён яшчэ раз напомніў нам пра дысцыпліну, пра тое, што лекцыі праводзяцца не для выкладчыкаў, а для нас. Потым колькі слоў сказаў Фіма Слуцкі. Больш ніхто выступаць не хацеў. Усе сядзелі панурыўшы галовы і чакалі, здаецца, аднаго: каб хутчэй канчалі сход.
Тут і папрасіла слова Ніна Аляксандраўна. Яна падышла да стала, акінула нас уважлівым, як бы нават здзіўленым, позіркам і сказала:
- Не разумею... Не разумею, што робіцца з вашаю групаю? Чаму вы ўсе сталі такія? Пасіўныя! Абыякавыя! - у голасе гучалі непадробны боль і абурэнне. - Узяць хоць бы сённяшні сход. Няўжо вам няма аб чым пагаварыць? Усё ў вас цудоўна, бездакорна? Нікога нішто не цікавіць? Не хвалюе?
Мы сцішыліся. І, мусіць, не аднаму мне было ніякавата. А Ніна Аляксандраўна дакарала:
- Сумна жывяце вы, нецікава! І што самае прыкрае, не ведаю, можа, я і памыляюся, але ў мяне такое ўражанне, што жывяце вы неяк адасоблена адзін ад аднаго, няма ў групе сапраўднай дружбы, агульных клопатаў, агульных інтарэсаў. А без гэтага - паверце мне, сама не так даўно была студэнткаю, - без гэтага вы шмат траціце. Вельмі шмат! Так, студэнцкія гады - самыя яркія, самыя шчаслівыя, але каб яны сталі такімі, трэба актыўна, цікава жыць.
Ніна Аляксандраўна хвіліну памаўчала і ўжо больш спакойна стала расказваць нам пра тое, як некалі яны сваім курсам наладжвалі розныя дыспуты, вечары адпачынку, разам хадзілі ў тэатры, музеі, ездзілі за горад.