* * *
Быў днямі ў Вільні. От сабе сабраліся з Валодзем Баравым і махнулі. Абхадзілі за дзень усе памятныя гістарычныя і культурныя мясціны. Пабывалі ў колішняй беларускай гімназіі, наведалі месца, дзе быў павешаны Кастусь Каліноўскі, пастаялі ля доміка, дзе жыў Янка Купала...
Кінулася ў вочы, што ў Вільні вельмі багата касцёлаў, цэркваў. У многія мы заходзілі - адчынены.
Асабліва ўразіла набажэнства ў касцёле Пятра і Паўла. Высачэзная, доўгая зала. Спрэс - скульптуры, разьба па дрэве, карціны. Кажуць, што аздабленне гэтай залы заняло адзінаццаць гадоў. Працавалі лепшыя італьянскія скульптары, мастакі. Грошай не шкадавалі.
Затое ж - касцёл! Усё тут прадумана і зроблена, каб здзівіць, зачараваць чалавека, абудзіць, распаліць яго фантазію, узяць у палон яго душу і розум. Я ўжо нашто чалавек бязбожны, а як загучаў арган ды заспяваў хор - мурашкі па спіне пабеглі, падступіла нешта даўкае да горла.
Сціхла, недзе на самым кульмінацыйным моманце абарвалася музыка. На амбон узышоў ксёндз і пачаў сваю пропаведзь. Я не ведаю, што ён гаварыў (бо ксёндз выступаў па-польску), але адчуваю, што гаварыў ён здорава, па ўсіх законах высокага прамоўніцкага майстэрства. Парафіяне сядзелі стаіўшы дыханне, аж елі вачыма ксяндза. І можна не сумнявацца, што кожнае яго слова глыбока западала ў раскрыта-чуйныя душы.
От гэта называецца ўлада над чалавекам! Царкоўнікі выдатна разумелі, што гэтая ўлада даецца нялёгка, таму і не шкадавалі ні часу, ні сродкаў. Таму была рэлігія такою жывучай, такою ўплывовай...
* * *
Учора ў тралейбусе, назбіраўшы ў кішэнях медзякоў, я працягнуў іх дзяўчыне, якая стаяла побач спінаю да мяне.
- Перадайце, калі ла...
Дзяўчына павярнула галаву, і я, не дагаварыўшы, так і застыў з адкрытым ротам і працягнутаю рукою.
На мяне глядзела Надзя!
Прайшла, відаць, добрая хвіліна, пакуль я нарэшце расшалопаў, што перада мною не сама Надзя, а дзяўчына, вельмі падобная да яе. Падабенства было надзвычайнае! Гэткія ж каштанавыя валасы, крышку кірпаты нос і нават усмешка такая ж - стрыманая, іранічна-смяшлівая.
Увесь час, пакуль мы ехалі, я не зводзіў вачэй з дзяўчыны. А сэрца - дурное! - аж заходзілася ад хвалявання ў грудзях. Нават калі ўжо выйшаў з тралейбуса, я доўга яшчэ не мог супакоіцца.
* * *
Ваня Ліпскі прыслаў мне ліст:
«Калі ты яшчэ кахаеш Надзю, то ты - дурань. Гэта я гавару табе як сябру.
На першамайскія святы яна была дома. Хадзіў з ёю два вечары Іван Пятровіч, і яна з ім цалавалася. Бачыў гэта на ўласныя вочы».
Няўжо гэта праўда? Няўжо такое магло быць?.. А мо яна таму і тэлефанавала, каб дазнацца, ці ведаю я пра гэта? Не магу паверыць, не магу...
Паслаў ёй ліст. Кароткі, з'едлівы, злы.
* * *
Прачытаў у газеце: вучоныя сцвярджаюць, што ў прыродзе няма абсалютна чыстых колераў. Нават чорная фарба не зусім чорная, белая - не стопрацэнтна белая. Кожная з іх мае нейкія прымесі. А колькі ў прыродзе розных адценняў!
Так, відаць, і сярод людзей. Вось - Ігар Касцевіч. Добры, разумны хлопец. Настойлівы, клапатлівы, гаспадарлівы. Але сказаць так - значыць сказаць толькі пра адну (хай сабе і галоўную) грань сутнасці чалавека, узяць толькі адну фарбу ў яго характары. А тут - розныя колеры, складаныя адценні. Востры прыродны розум Ігара зводзіцца іншы раз да прыхаванай хітрасці, тонкага разліку, і пачуццё ўласнага гонару пераходзіць часам у высакамернасць, добрая сялянская гаспадарлівасць, беражлівасць заканчваюцца нярэдка элементарнай скупасцю. Так, Ігар Касцевіч часта (і нават ахвотна) памагае сваім аднакурснікам. Але толькі тым, хто слабейшы за яго, над кім ён адчувае сваю перавагу. Да моцных у яго нядобрая зайздрасць.
Я ведаю, колькі папахадзіў Касцевіч у дэканат і колькі давялося яму папсаваць нерваў, пакуль ён выбіў нарэшце Толіку Крывецкаму стыпендыю. І ў той жа час я не магу забыць выпадак, калі той жа Касцевіч бесцырымонна адпіхнуў ад разеткі таго ж Крывецкага, які галіўся электрабрытваю, і ўключыў прас: Ігару, бачыце, трэба было папрасаваць свае штаны, лішнюю хвіліну ён пачакаць не мог.
Што гэта - дробязь ці нешта больш істотнае? Складанасць характару ці суіснаванне ў чалавечай душы дабра і зла? А можа, сапраўды, яно ёсць, гэтае суіснаванне? Можа, я па сваёй маладосці суджу чалавека занадта жорстка і прамалінейна? Можа, трэба адносіцца да розных чалавечых слабасцей больш цярпіма, разумець іх?