- Танцуем развітальны вальс! - абвясціў нехта з хлопцаў.
- Ну, ідзі, Мікалаевіч, скруці хоць апошні, а то мы тут, старыя цецерукі, галаву табе адурылі...
Я выбраўся з пракуранага мужчынскага гурту і рашуча накіраваўся да Надзі. Яна, відаць, чакала гэтага, бо адразу ж павярнулася да мяне, ступіла насустрач...
З клуба мы выйшлі разам. Не згаворваючыся пайшлі гасцінцам да рэчкі. За вёскаю павярнулі на сцежку, па якой не раз, бывала, хадзілі яшчэ школьнікамі.
Надзя была непрывычна вясёлая, расказвала пра сесію, жартавала, смяялася. Але мне карцела сваё, і я запытаў:
- Надзя... Чаму ты мне не пісала?
- А я пісала, - яна загадкава ўсміхнулася. - Але... але не адсылала.
- Чаму ж?
Замест адказу яна сарвала на абочыне нейкую мятлінку і, паказытаўшы мне вуха, адбегла па сцежцы наперад. Але я жарт не прыняў, мне хацелася пагаварыць з ёй сур'ёзна.
Яна пачакала, пакуль я падыду, сказала:
- А я ўжо думала, ты не прыедзеш... І наогул... не захочаш больш бачыць мяне...
Вёска засталася далёка ззаду - у цемені яна азначалася доўгім ланцужком электрычных агнёў. Злева ад нас быў шырокі поплаў, справа - жытнёвы палетак. Над намі - высокае, зорнае неба. Стаяла цёплая, чуйная ноч, адна з тых, якія бываюць на пачатку касавіцы. Пахла травамі, жытам, якое шапацела побач. Недзе непадалёку, у кустах, бруілася нябачная Вісліца. Аж боязна было азывацца, парушаць гэтую незвычайную суцішнасць і суладнасць, што панавалі навокал.
- Хораша, праўда? - шэптам сказаў я і абняў Надзю. Яна падатліва прыгарнулася да мяне. Я адчуў яе цяпло.
- Надзейка-а!..
Гарачая хваля нязнанай раней пяшчоты выплыла недзе з глыбіні маёй душы і захлынула мяне ўсяго.
- Родная мая-а... Любая-а...
Яна закінула галаву, заплюшчыла вочы. Яе вусны былі блізка-блізка. Імгненне - і я прагна прыпаў да іх, трапяткіх, даверлівых, - і калыхнулася, паплыла з-пад ног зямля, аглухла звонкая, чароўна-шчаслівая ноч.
* * *
Ішоў раніцаю поплавам. Тым самым, на якім некалі прайшло ўсё маё дзяцінства.
І хоць многае за год змянілася, праз самую сярэдзіну поплаву пракапалі шырокую канаву, дый самога поплаву, можна сказаць, няма - яго зааралі, засеялі жытам. І ўсё ж... Звонка сакаталі, як і тады, у маленстве, конікі ў бульбе. Гэтак жа пахла травою, бульбоўнікам і яшчэ нечым знаёма родным. Гэтак жа за ракою ў ранішнім тумане пераклікаліся касцы.
І Божа мой, як адразу, што пчолы, зараіліся ў маёй душы ўспаміны, растрывожылі-ўсхвалявалі сэрца. І было невыказна прыемна, радасна і трошкі журботна-балюча ад таго, што тая чароўная, шчаслівая пара ўжо не вернецца, не паўторыцца больш ніколі-ніколі.
І думалася яшчэ: як добра, што ёсць на гэтай зямлі мой ціхі, мой родны куток, дзе можна вось гэтак у святой сцішанасці пастаяць, стрымліваючы на вачах слёзы, падумаць пра сваё мінулае і пра сваё заўтрашняе.
* * *
Слухаў сёння - не ўпершыню, канечне, але неяк зусім па-новаму, - як спявалі на досвітку пеўні.
Першым азваўся недзе зусім недалёка, мусіць, на суседавым двары, хрыплы, моцны голас:
- Ку-кар-рэ-ку-у!
Нейкае імгненне было ціха-ціха, а потым пеўні заспявалі адразу па ўсёй вёсцы - адзін, другі, трэці... Іх галасы чуліся то побач, зычна, то прыцішана, а то і зусім глуха, толькі даносілася апошняе «ку-у...». Спяванне гэта было таксама рознае: ад чыстага, аж здаецца, крыштальнага «ку-ка-рэку» да хрыплага, неразборлівага.
Усё гэта ішло некалькі хвілін - такімі хвалямі, пералівамі, і здавалася, што от зараз спявае ўся зямля. І мо ўпершыню з такой зачараванасцю і нейкім нават здзіўленнем слухаў я гэтую адвечную і - дзякуй Богу! - жывую яшчэ песню зямлі, песню жыцця.
* * *
Кожны раз, калі я прыязджаю дадому, мае аднавяскоўцы вітаюцца са мною і кажуць:
- А ты, браце, пахудзеў. Ой, пахудзеў...
Я смяюся. Бо калі б я і праўда з кожным разам гэтак худзеў, то даўно б ад мяне засталіся адны косці ды скура.
Але я разумею, што хочуць сказаць гэтым людзі, маўляў, нялёгка табе там, браце, навука, яна ёсць навука... І ў гэтым «пахудзеў» - прыхаваная павага і да мяне, і да таго невядомага, таямнічага «ніверсітэта».
* * *
О, святая наіўнасць!
Пасля таго як я ўпершыню пацалаваў Надзю, мне думалася, больш таго - верылася, што цяпер-то ў нас з ёю будзе ўсё як у казцы.
Учарашні вечар развеяў мае спадзяванні ўшчэнт.
...На сустрэчу яна прыйшла халодная, чужая. Калі я паспрабаваў абняць, яе рукі завучана ўперліся мне ў грудзі. Потым - не ведаю для чаго - яна пачала гаварыць, як ёй сумна тут, у вёсцы, і як яна рада, што едзе сягоння з мамаю ў госці, некуды ажно на Гомельшчыну, на цэлых два тыдні.