Шульга весела зарагатаў.
- Між іншым, нічога пошлага ў гэтым няма, - сказаў ён. - Усё натуральна. Не трэба, Міхась, выдумляць рознае сентыментальнае глупства, начэпліваць на свае пачуцці непатрэбнае бліскучае рыззё. Усё гэта куды больш проста і груба. Як сказаў паэт: «По главной сути жизнь проста: ее уста... его уста...»
- Ты б хоць не паганіў чужых вершаў! Бо ўсё, да чаго ты дакранаешся, - выходзіць пошлым і пахабным.
Алесь запярэчыў і пачаў быў развіваць сваю тэорыю «свабоднага пачуцця» далей, але Верас спыніў яго і сказаў, каб ён вымятаўся з пакоя.
- Ладна, гузікі, - нехаця ўстаў з ложка Шульга, - хіба з вамі пагаворыш, кніжныя вы душы. Чао!
І ён, напяваючы сваё нязменнае «О дайте, дайте мне свободу, я свой позор сумею искупить», паплёўся ў калідор.
Што ён за чалавек, гэты Шульга? Здаецца, і не благі, разумны хлопец, а вось заўсёды з яго прэ нейкая пошласць, вечна ў яго гэта расхрыстанасць, крыўлянне, як у якога закаранелага блатнюгі. Мікола кажа, што ўсё гэта ў яго наноснае, напускное, што ён не думае так, як гаворыць, што, відаць, ён перажыў нейкую душэўную драму і цяпер хавае свае пакуты за знешняю грубасцю і цынізмам.
* * *
Міхась Заранок атрымаў ліст ад сваёй каханай. З фотаздымкам, на адваротным баку якога напісана:
«Любаму Міхасю ад Валянціны. Хай заўжды з табой будзе маё каханне».
Хлопец аж ззяе ад шчасця.
Зайздрошчу яму і думаю пра сваё. Калі ж ужо ў мяне будзе ўсё, як у людзей? Каб проста і ясна.
* * *
Шчасце...
Колькі мы гаворым аб гэтым, пішам, спрачаемся, часам нават з кулакамі даказваем яго існаванне, але ніхто, бадай, так і не можа канкрэтна сказаць, што ж гэта такое - шчасце?
* * *
Усю ноч, да саменькай раніцы снілася яна.
Доўга ляжаў і думаў: што ж усё-такі ў нас з ёю выйдзе?
Згадвалася мінулае.
...У тую зіму стаялі моцныя маразы. Класы выстуджваліся ўжо з раніцы, і мы, здубянелыя за доўгі ўрок, на перапынку імчаліся хутчэй у калідор - пагрэцца ля грубак.
Асабліва нам, хлопцам, падабалася адпіхваць ад грубак дзяўчат, якія кожны раз паспявалі заняць месца першымі і пасля адчайна бараніліся, пішчалі і білі нас па чым папала, але не моцна, бо, відаць, гэта вайна падабалася і ім самім.
Аднойчы, у час такой дураслівай валтузні ў маіх руках апынулася новенькая - Надзя Апанасенка з восьмага «Б». Яна вучылася ў нашай школе нядаўна, з восені, калі бацька яе прыехаў да нас працаваць старшынёй калгаса. Але я ведаў, што многія нашы хлопцы маюць на яе вока і што Грыша Ярашэвіч, з дзесятага, ходзіць за ёю літаральна па пятах.
Баронячыся, Надзя ўперлася мне далонямі ў грудзі і пырснула смехам. На нейкае імгненне мы сустрэліся позіркамі, я ўбачыў яе прыжмурана-вясёлыя вочы, якія глядзелі на мяне гарэзліва, з нейкім выклікам, і, перш чым што падумаць, адчуў, як у грудзях маіх няроўна тарганулася сэрца і, здаецца, замерла, стаілася на імгненне...
Дадому я ішоў тою ж дарогаю, якою хадзіў заўсёды. Тою, і ўжо нейкай зусім іншаю, непазнавальна дзіўнаю і прыгожаю. Заінелыя дрэвы здаваліся мне прыбранымі ў чароўныя, іскрыстыя каралі. Снег пад нагамі гаварыў, адзываўся звонкай і радаснай музыкай. І нават сам дзень, будзённы марозны дзень, здаваўся мне незвычайна ясным, ласкавым, святочным.
Дома сядзець не хацелася, і я, укінуўшы партфель у хату, пашыбаваў з хлопцамі на сажалку, гуляць у хакей. Увогуле я ігрок неважнецкі, але гэты раз мне ўдавалася ўсё: і складаныя абводкі, і нечаканыя імклівыя атакі, і адчайныя выратавальныя кідкі пад чужую клюшку. Ніколі я яшчэ не гуляў з такім імпэтам, з такою прагаю і ахвотай. Урэшце ўмудрыўся нават забіць шайбу. Ах, як мне хацелася, каб у гэтыя хвіліны яна бачыла мяне...
Надзя-Надзейка... З гэтага дня я не мог дачакацца раніцы, каб хутчэй убачыць яе. Усе перапынкі навылёт я тырчэў у калідоры, пільнуючы, калі нарэшце выйдзе яна, тая, што стала раптам самай прыгожай, самай прывабнай з усіх дзяўчат. І яна выходзіла. Толькі я ўжо не мог, як раней, проста і блізка падысці да яе. Саромеўся. І быў шчаслівы, калі хоць здалёк яна кідала на мяне позірк...
Я яшчэ цьмяна разумеў, што адбываецца са мною, але ўсёй сваёй істотай адчуваў: у маё жыццё ўрываецца нешта зусім новае, нязнанае, агромністае і непадуладнае.
Мне ішоў тады пятнаццаты год. І гэта быў амаль пачатак майго кахання.
Сустракаліся мы не часта, а калі яна паступіла вучыцца ў педінстытут, сталі бачыцца яшчэ радзей. Аднак нават і гэтыя рэдкія спатканні канчаліся не раз прыкрымі, крыўднымі сваркамі.
Так было і ў апошні вечар.
Выклік з універсітэта я атрымаў недзе за тыдзень да пачатку заняткаў. Некаторыя са студэнтаў ужо збіраліся ад'язджаць. Перад расставаннем трэба было сустрэцца з Надзяй. Але як? У хату да яе ісці я не асмельваўся. Заставалася адно - паслаць пісьмо. І я напісаў ёй, што атрымаў выклік, дні праз два паеду ў Менск, што вельмі хачу яе бачыць і каб яна прыйшла... Вечарам... У дзевяць гадзін... Да старых ліп.