Я быў таксама. І Надзя. І ўсё, можа, абышлося б добра, калі б... Калі б на вечарынку не запрасілі і Зыля. Хто запрасіў - не ведаю, але калі я прыйшоў, ён ужо сядзеў у акружэнні дзяўчат і нешта расказваў ім дужа вясёлае, бо тыя аж за бакі браліся ад рогату.
Настрой мой прыкметна апаў. Нядобрыя прадчуванні заварушыліся ў маёй душы. Але я не падаў выгляду. Разам з усімі піў, спяваў песні. І многа смяяўся. Можа, нават занадта многа, таму што двойчы я злавіў на сабе здзіўлены Надзін позірк.
Прынеслі гармонік. Умомант адсунулі да сцяны сталы, пачаліся танцы.
Я падышоў да Надзі:
- Патанцуем?
Яна пакруціла галавой:
- Давай лепш пасядзім.
Я не чакаў адмовы і так збянтэжыўся, што машынальна сеў побач. Твар мой успыхнуў. Здавалася, што ўсе вакол глядзяць толькі на мяне і пасміхаюцца. Я баяўся ўзняць вочы.
Каб не маўчаць і каб неяк згладзіць гэту няёмкасць, сказаў:
- Душна як... Мо пойдзем на вуліцу?
Яна прапанавала:
- Давай лепш патанцуем.
Але і танец у нас не атрымаўся. Дзіўна рассеяная, яна ніяк не магла патрапіць «у нагу». Я збіваўся з такту таксама, і мы ўвесь час штурхалі адно аднаго, блыталіся.
Нарэшце Надзя выслабанілася з маіх абдымкаў і, запляскаўшы ў далоні, голасна скамандавала:
- У кола! Давайце ўсе ў кола!
Пачалі гульню з пляшкай.
Я неўзаметку выйшаў на вуліцу. З прыемнасцю, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага, халаднаватага паветра. Але на душы не палягчэла.
У гэты момант нехта расчыніў акно і шумная, п'янаватая гамана вырвалася на двор.
- Мікола, круці! - пачуў я Надзін голас. - Што ж ты стаіш? Ну!
Гамана на секунду прыціхла, а потым выбухнула цэлая бура радасных воклічаў, дружных воплескаў.
Я зазірнуў у акно. Мікола і Надзя стаялі пасярэдзіне пакоя і цалаваліся.
У хату я больш не вярнуўся.
* * *
Заўтра - у дарогу.
На душы пуста і глуха. Як пасля пажару. Толькі нейкая тупая абыякавасць. Не хочацца нават ні аб чым думаць.
ВЕРАСЕНЬ
Навучальны год пачаўся горш і не прыдумаеш. Думаў, прыйду ў інтэрнат, а там - шумная сустрэча, музыка, танцы. Усе вясёлыя, расказваюць адзін аднаму пра свае летнія ўражанні.
Аказалася ж...
Яшчэ здалёк я ўбачыў родны інтэрнат, амаль па вокны завалены розным друзам, старымі ложкамі, паламанымі тумбачкамі. Адчыніў дзверы - увесь вестыбюль застаўлены такімі ж ложкамі.
Расстроены, змрочны, падняўся я да сваіх хлопцаў на чацвёрты паверх. Аказваецца, дзе хто з кім будзе жыць - невядома. Ніякіх спісаў пакуль няма. Ноч пераспаў на чужым ложку, накрыўшыся плашчом.
Раніцаю пачаліся новыя нягоды. Не працаваў водаправод. І толькі на першым паверсе, на кухні, з-пад крана тоненькім струменьчыкам бегла вада.
На лекцыях настрой сапсаваўся зусім. Гісторыю партыйна-савецкага друку чытае нехта Дубоўскі. Як пачаў гугнявіць - манатонна, увесь час на адной ноце, ну, здаецца, на сцяну лез бы.
Аўдыторыя сёлета трапілася таксама кепская. Цёмная, глухая. Увесь час аднекуль з падвала чуваць назойлівы (як голас Дубоўскага) гул друкарскай машыны...
* * *
У нашым пакоі змены. Жывём без Міхася Заранка. Міхась такі ажаніўся. І вось цяпер са сваёй Валяй нанялі недзе пакойчык у Зялёным Лузе і жывуць.
Як яны будуць жыць далей? Ён - студэнт, яна пакуль нідзе не працуе, шукае работу. У Мішы ж дома - адна маці, і тая ўжо старэнькая. Хіба, можа, Валіны бацькі што падкінуць. Міша, праўда, кажа, што павучыцца на стацыянары толькі гэты год, а далей перавядзецца на завочнае. Але ўсё роўна і гэты год трэба неяк жыць. Адчайныя людзі! Вось гэта каханне, нішто не спыніла іх імкнення быць разам!
На месцы Заранка ў нас цяпер Толя Крывецкі, або, як мы ўсе завём яго, Змей. Дзіўна, чаму за ім замацавалася гэта мянушка? Няма, мусіць, у цэлым свеце істоты больш добрай і пакладзістай, чым наш Толік. Мы дык ужо, можа, нават трохі і злоўжываем гэтым. Змей у нас рэгулярна ходзіць па гарбату ў кубавую, у булачную па хлеб, у краму па піва. Асабліва любіць даваць заданні Кандрат Бугаёў. Уляжацца на ложку, задзярэ ногі, а Толік носіць яму то піва, то цыгарэты.
Дарэчы, Кандрат і Алесь забылі, здаецца, узаемныя крыўды. Ва ўсякім разе, усе гэтыя дні яны разам ходзяць на лекцыі, з лекцый, разам выбіраюцца вечарам некуды ў горад, на танцы.
* * *
Сустрэў Галю. Абрадавалася. А потым пачала дакараць, чаму не пісаў ёй. Я аджартаваўся, што лянота зусім адолела мяне ў вёсцы, не хацелася нават глядзець на паперу. Але Галя паглядзела на мяне ўважліва і сур'ёзна сказала:
- Жэня, ты стаў нейкі іншы. У цябе нешта здарылася. Што?
Ах, добрая, мілая Галінка! Ведала б ты ўсю праўду - не свяцілася б пры сустрэчы такой радасцю, не глядзела б на мяне з такім шчырым жаданнем памагчы.