* * *
Учора над нашым полем ляцелі ў вырай апошнія журавы. Спачатку мы пачулі іх ціхі, гартанны крык, а потым ужо, высока над намі, убачылі і саміх птушак.
Яны ляцелі рэдкім, няроўным клінам, які доўга і мерна, нібы на хвалях, калыхаўся ў небе, аж покуль не знік, не растаў за далёкім лесам.
Я глядзеў ім услед, адчуваючы, як нарастае, мацнее ў сэрцы маім пранізлівы сум...
Журавы мае мілыя! Ці не тыя вы самыя, што кружылі вясною над нашым борам і падарылі нам з Надзяй радаснае адчуванне блізкага шчасця? Як верылася мне тады, што ўсё будзе добра. І як жа заблыталася, перайначылася ўсё цяпер. Асабліва пасля таго праклятага жнівеньскага вечара перад ад'ездам.
Ды не вы ў тым віною, птушкі. Нам, людзям, часам бывае куды цяжэй зразумець адзін аднаго, чым вам, істотам бязмоўным...
Бывайце, жоравы! Як хацелася б і мне разам з вамі ўзняцца на крылы і паляцець праз бары і лугі, гарады і вёскі, у той найжаданейшы кут зямлі, дзе жыве яна, мой боль і сум, мая трывога...
* * *
Ёсць у нас у групе адзін хлопец, пра якога я, здаецца, дагэтуль яшчэ не ўпамінаў. Гэта - Кірыла Зарэчны. Не ўпамінаў, таму што апошнім часам ён неяк не трапляў у кола нашых студэнцкіх падзей, нашых агульных спраў і інтарэсаў. Жыве ён не ў інтэрнаце - на прыватнай кватэры, на занятках паяўляецца рэдка, а калі і прыходзіць, то трымаецца ўсё больш асобна, замкнута. Ні з кім з нашых хлопцаў не сябруе, думак сваіх і пачуццяў адкрыта не выказвае, і мы, шчыра кажучы, мала што ведаем пра яго.
І вось тут, на бульбе, ён нарэшце раскрыўся.
Нічога асаблівага, здавалася б, не адбылося. Так, некалькі звычайных дробязей. Адзін раз, за абедам, Зарэчны доўга боўтаўся апалонікам у катле, пакуль не вылавіў сабе самы лепшы кавалак мяса. Другі раз, у дождж, пашкадаваў свой балоневы плашч, які мы прасілі яго аддаць дзяўчатам. Трэці раз ён цішком сцягнуў уначы з Крывецкага коўдру, сам накрыўся дзвюма, а бедны Толік ледзь не задубянеў да раніцы ў адным спартыўным касцюме...
Можна зразумець і дараваць чалавеку любую самую вялікую памылку, зробленую па неабдуманасці або, як кажуць, пад гарачую руку. Але такіх вось ціхіх і подлых дробязей дараваць немагчыма, бо робяцца яны свядома ці хутчэй за ўсё нават падсвядома, і таму ў іх, як ні ў чым іншым, выяўляецца сапраўдная сутнасць чалавека.
* * *
Мы паабедалі (абед нам дзяжурныя кашавары прывозяць проста на поле) і, пакуль было якіх з паўгадзіны вольнага часу, прыселі на ўзмежку, на парудзелую, халаднаватую ўжо траву. Дзяўчаты ціхенька завялі:
У суботу Янка
Ехаў ля ракі-і...
Касцевіч з Баравым адразу ж падхапілі:
Пад вярбой Алё-она
Мыла ру-учнікі-і...
Паступова далучыліся і астатнія, і вось ужо ціхая светлая мелодыя паплыла над палеткам.
Песня! Хто можа да канца зразумець, спасцігнуць яе чары? Спяваючы, міжволі забываеш на ўсё: на стому, непрыемнасці, крыўды. Як жывая вада, песня змывае з душы ўсё прыкрае, непатрэбнае. Чуйнаму сэрцу яна дорыць хвіліны невыказнай асалоды, трапяткой надзеі, гаючай журбы. З песняй чалавеку святлей у горы, весялей у радасці, паўней у шчасці, спарней у працы. Якім бы бедным было наша жыццё, мы самі без песні! Таму і шануе, з клапатлівай любоўю перадае з пакалення ў пакаленне народ свой каштоўнейшы скарб - песню...
На дарозе паказаўся «газік».
- Хлопцы, старшыня едзе!
- Ну і што? У нас жа абед.
- Даспяваем да канца.
«Газік» спыніўся непадалёку. Старшыня выйшаў з-за руля - у ботах, сіняй ватоўцы, зімовай шапцы. Патупаў па радах, сям-там калупнуў ботам раллю, прыдзірліва агледзеў, ці няма ў зямлі бульбы, і накіраваўся да нас.
Мы перасталі спяваць. Фіма Слуцкі падняўся старшыні насустрач:
- Добры дзень, Іван Мікалаевіч.
- Добры дзень, моладзь! - павітаўся той гучна, падаў Слуцкаму руку, сеў побач з намі. Кірзавыя боты яго былі запэцканы.
- Ну як настрой?
- Нармальна. Сёння гэты ўчастак заканчваем, - сказаў Ігар Касцевіч.
- Бачу, бачу. Малайцы! Калі і далей так будзеце працаваць, аб'яўлю ўсім падзяку.
- Стараемся, Іван Мікалаевіч, - ажывіўся зноў Фіма Слуцкі. - Мы ж не які-небудзь адсталы элемент. Разумеем: лёс ураджаю - справа дзяржаўнай важнасці.
Пры гэтых словах старшыня адразу спахмурнеў і глыбока ўздыхнуў. Потым ляпнуў далонямі па каленях і рашуча падняўся, хацеў ужо развітацца, але раптам успомніў:
- Ага. Я от тут слухаў здалёку, як вы спявалі. Хораша спявалі, душэўна. Даўно ўжо не чуў жывой песні. Гарадскія артысты чамусьці нас абмінаюць... Дык от я і падумаў: а што, калі б вы паспявалі і ў нашым клубе? Канцэрт невялікі далі?
- А што? Гэта ж ідэя! - зноў падхапіўся Слуцкі. - Спалучэнне, так сказаць, прыемнага з карысным. Іван Мікалаевіч, усю адказнасць за рэалізацыю вашай цудоўнай ідэі я бяру на сябе.