- Што ён робіць?! Спыніце яго!
Трактар паволі, рыўкамі, ішоў на мост. Хісткае, падгнілае збудаванне адразу захадзіла пад ім, ажно страшна было глядзець.
- Наза-ад! Звар'яцеў! - закрычалі мы ўсе разам і замахалі рукамі. Трактарыст толькі павярнуўся да нас і, выскаліўшы зубы, націснуў на газ. Мы затаілі дыханне...
Трактар ужо быў амаль на сярэдзіне моста, як раптам жэрдкі пад левай гусеніцай хруснулі, нібы сухія тычкі, і кабіна пачала хіліцца набок. Адчыніліся дзверцы, перапужаны трактарыст хацеў выскачыць з кабіны, але зачапіўся за нешта ватоўкаю і павіс, матляючы ў паветры рукамі. Трактар завальваўся ўсё больш і больш.
Я не магу цяпер растлумачыць чаму, але ў тыя хвіліны на ўсіх нас найшло як бы нейкае здранцвенне. Анямелыя, мы глядзелі на ўсё з жахам і не маглі крануцца з месца. Я нават не заўважыў, калі Алесь кінуўся туды, да моста. Убачыў толькі, як ён ужо дабег і стаў памагаць трактарысту. У гэты момант затрашчала, праламалася яшчэ некалькі жэрдак, і трактар, задраўшы перадок, гухнуў у раку.
Ні Алеся, ні трактарыста на мосце не было...
Толькі цяпер мы апомніліся. З трывожным прадчуваннем кінуліся мы ўніз, пад мост. З вады тырчаў толькі верх кабіны. Трактарыст боўтаўся тут жа, побач. А дзе ж Алесь?
Мы стаялі па пояс у ледзяной вадзе і не адчувалі холаду. Нешта трэба было рабіць, шукаць нейкую раду. Але што?
Нехта з нас, здаецца Крывецкі, пачаў зваць:
- Алесь!
Мы абрадавана падхапілі:
- Алесь! Але-е-есь!..
Ніхто не адзываўся. Мікола рвануў з сябе світэр і даў нырца. Адзін раз, другі... Колькі хвілін нам здаліся вечнасцю. Нарэшце Мікола выскачыў і паказаў рукою на трактар:
- Ён там... п-пад гусеніцай...
Сталі ныраць усе, хто ўмеў. Але што мы маглі зрабіць з жалезнай, шматтоннай махінай?
Валодзя Баравы і Толя Крывецкі пабеглі ў вёску, сказаць людзям.
Алеся дасталі позна вечарам.
На другі дзень старшыня даў машыну, і Кандрат Бугаёў з Толем Крывецкім павезлі яго дадому.
* * *
Сёння мы ў калгасе апошні дзень.
Зрэшты, можна было б ехаць яшчэ ўчора - бульба дакапана, разлік атрыманы, - але нас папрасілі крыху затрымацца. Прыехалі намеснік дэкана, міліцыя з раёна - удакладняюць, высвятляюць, як усё здарылася, хто вінаваты.
Зарэчны сёння пачаў быў даводзіць нам, што Алесь сам жа і вінаваты. Чаго было лезці на мост? Што ён там мог зрабіць? Але Баравы ажно ўзвіўся:
- Ты б, канечне, не палез! О, ты не такі дурны, каб кінуцца туды, дзе небяспека. Ты - разумненькі...
Зарэчны ўспыхнуў, але, стрымаўшы сябе, амаль спакойна сказаў:
- А ты лепшы? Чаму ж ты стаяў разявіўшы рот, чаму не кінуўся на дапамогу?
Гатова была пачацца спрэчка, але Касцевіч падняў руку:
- Не трэба, хлопцы. Не цяпер... Усе мы, калі хочаце, вінаваты перад Алесем.
Я не ведаю, што меў на ўвазе Ігар, толькі на кожным з нас сапраўды ляжыць вялікая і балючая віна. Як магло здарыцца, што п'яны чалавек на нашых вачах утварыў глупства, якое закончылася трагедыяй? Чаму мы не затрымалі Алеся, чаму менавіта ён, а не хто іншы з нас кінуўся туды, на мост? Урэшце, як гэта атрымалася, што цэлы год мы пражылі побач з чалавекам, а па-сапраўднаму яго не зналі?
Так, не зналі! Мы лічылі Алеся здольным, разумным хлопцам, але вельмі ж ужо легкадумным, непрактычным. Дзе трэба было прамаўчаць - ён абавязкова гаварыў, што думаў, дзе лепш было абысці - лез на ражон. Многім з нас, і мне таксама, Алесь здаваўся нейкім блазнам, шалапутам, які аднойчы ў нечым расчараваўся і цяпер проста не здольны на глыбокія, сур'ёзныя пачуцці.
Мы здзіўляліся супярэчнасці яго паводзін, учынкаў. Ён мог гадзінамі весці фрывольныя размовы пра жанчын, дэкламаваць пошлыя вершыкі, і побач з гэтым я не раз заўважаў, як вільгатнелі вочы, якім узрушаным, задуменным рабіўся яго твар, калі Алесь глядзеў цікавы фільм ці чытаў добрую кнігу.
Цяпер прыгадвалася толькі лепшае. І аказалася, што кожны з нас можа сказаць пра Алеся нямала добрага. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Я ўжо даўно заўважыў, што смерць як бы здымае з чалавека ўсё дробнае, наноснае, пакідаючы людзям галоўнае, істотнае. Смерць не толькі падводзіць рысу чалавечаму жыццю, але як бы па-новаму, знутры высвечвае яго, збіраючы, канцэнтруючы ў фокусе ўсё лепшае, самае важнае.
Усё ў прыродзе мае сваё канкрэтнае прызначэнне, свой сэнс. Ад дрэва да кволай былінкі, ад зубра да драбнюткай мошкі. Дзеля чаго ж прыходзім у гэты вялікі і клопатны свет мы, людзі? Няўжо толькі каб есці, піць, спаць, змагацца за сваё існаванне? Цяжка паверыць. Ёсць, значыць, нешта больш значнае, істотнае, непараўнаўча больш важнае, што павінна апраўдваць, даваць сэнс нашаму жыццю. Чаму ж мы так рэдка задумваемся над гэтым? Чаму марнуем, трацім свае дні і нават цэлыя гады на пустое, нікчэмнае, малазначнае?