Што ж мне рабіць?
Няўжо яна кахала, кахае мяне і цяпер? Няўжо я памыліўся і прыняў яе прыродную стрыманасць за пустую абыякавасць, а лёгкую дзявочую какетлівасць - за легкадумнасць і непастаянства яе натуры? І няўжо, урэшце, усё ўжо безнадзейна, незваротна згублена, ніякіх шляхоў да вяртання няма?
Напэўна, гэта ўласціва кожнаму закаханаму сэрцу - заўсёды цешыць сябе надзеямі, спадзяваннямі, марамі, у самай крытычнай, самай безнадзейнай сітуацыі не губляць веры ў лепшае, і нават тады, калі ўжо, здавалася б, спадзявацца на нешта проста неразумна, бессэнсоўна, - усё роўна ўпарта, адчайна чакаць немагчымага, чакаць цуду.
На жаль, цуду не адбылося.
Усе мае ружова-блакітныя ілюзіі, якія пабудаваў быў, як толькі зацеплілася ў душы нейкая іскра надзеі, і ў якія я ўжо гатовы быў шчыра паверыць, усе гэтыя ілюзіі безнадзейна рухнулі, бясследна развеяліся, як толькі сутыкнуліся з суровай, бязлітаснай рэальнасцю.
...З Надзяй мы спаткаліся каля школы. Я прыйшоў сюды знарок - ведаў, што яна, перавёўшыся на завочнае, працавала цяпер тут настаўніцай біялогіі - і разлічваў на перапынку як-небудзь убачыць яе, пагаварыць. Аднак убачыліся мы зусім не так, як мне хацелася.
Я толькі падымаўся па прыступках, а яна - з партфелем, з кніжкамі пад рукою - выйшла якраз на ганак, сабраўшыся, напэўна, дадому. Ад таго, што я быў яшчэ не гатовы да гэтай сустрэчы і чакаў убачыць яе зусім не тут, я разгубіўся, збянтэжыўся і, не помню нават ці павітаўшыся, чамусьці спытаў у яе, нетактоўна і недарэчна:
- А што ты адна?
- Чаму ж адна? З мужам, - адказала яна, - Ваня зараз выйдзе.
Адказала спакойна, з годнасцю, як і павінна была адказаць жанчына, што рассталася ўжо з наіўным і крышачку легкадумным светам дзявоцтва і ўступіла ў новую, больш высокую, сур'ёзна-дарослую паласу жыцця. У гэтую хвіліну я адчуў сябе перад ёю такім блазнам, такім неразумным падлеткам, што не ведаў, куды падзець рукі, што гаварыць далей.
Надзя ледзь прыкметна ўсміхнулася і, напэўна, каб згладзіць няёмкасць, папытала:
- А ты ў школу?
Адказаць я не паспеў - адчыніліся дзверы і на парозе паказаўся Іван Пятровіч, таксама з абярэмкам кніг.
- Добры дзень, Жэня... - з нейкай ніякаватасцю, але, здаецца, шчыра-абрадавана павітаўся ён. - Якімі вятрамі да нас? Надоўга?
Я пачырванеў і стаў нешта плесці наконт таго, што, маўляў, забыўся дома канспекты, а тут вось сесія на носе - прыйшлося тэрмінова ехаць. Заўтра ж назад.
- Ну што ж, трэба дык трэба, - нібы супакойваючы мяне, зазначыў Іван Пятровіч.
Каб змяніць тэму размовы, я пажартаваў:
- Ну й кніг жа вы набралі! Ці не філіял бібліятэкі адкрыць дома сабраліся?
- Які там філіял! - сур'ёзна адказаў Іван Пятровіч. - У Надзі ж сесія скора, а мне ўжо, як прапагандысту, прыйдзецца вось гэта, - кіўнуў ён падбародкам на абярэмак кніг, - штудзіраваць з ёю за кампанію...
Надзя хораша, неяк непрывычна лагодна, з удзячнасцю ўсміхнулася Івану Пятровічу.
Увесь час, пакуль мы гаварылі, я з цікаўнасцю, з усё большым здзіўленнем назіраў за ёю. За месяц, які я не бачыў яе, яна прыкметна асунулася, схуднела, што, аднак, рабіла яе яшчэ прыгажэйшай і больш прывабнай. Але не гэта было галоўнае. Нешта няўлоўна новае, загадкавае з'явілася на яе твары, у позірку яе вачэй - роўным, спакойным, па-мацярынску пяшчотным, але які, здавалася, быў скіраваны не на таго, з кім гаварыла, а некуды ў сябе, нібыта яна ўвесь час прыслухоўвалася да таго глыбіннага, таямнічага, што адбывалася цяпер там, унутры. Яна і на мяне глядзела ўжо як бы аднекуль з далечыні, як бы з нейкага зусім іншага, невядомага, нязнанага мне яшчэ свету.
Я пазнаваў яе і не пазнаваў. Здавалася, што пасля нашай апошняй сустрэчы прайшло не чатыры тыдні, а цэлыя чатыры гады і нават чатыры стагоддзі...
Стаяць і гаварыць больш на вуліцы было няёмка. Мы перакінуліся яшчэ колькімі словамі і развіталіся.
У брамцы Іван Пятровіч нечакана паслізнуўся, і кнігі пасыпаліся на снег. Нейкі момант ён разгублена пераступаў з нагі на нагу: як быць? Рукі ж заняты, у Надзі - таксама.
Перш чым што падумаць, я ўжо быў каля іх. Памог падабраць кнігі, змахнуў з іх пальчаткаю снег.
- Дзякую, Жэня...
- Дзякую, - паўтарыла і Надзя, усміхнуўшыся мне па-свецку ветлівай усмешкай.
І пайшлі. Побач. Нетаропка. Ён - роўна, упэўнена, з горда ўзнятай галавой, як чалавек, які нарэшце, пасля доўгіх, нялёгкіх пошукаў, цярплівага, пакутлівага чакання, настойлівай, упартай барацьбы, авалодаў сваім запаветным скарбам, вось ён - побач, у яго поўнай уладзе, і цяпер можна спакойна, з палёгкаю перадыхнуць. Яна, шчаслівая гэтай упэўненай, цвёрдай уладай, ішла, заглядваючы яму ў вочы, раз-пораз пяшчотна, аддана ўсміхаючыся.