Сон больш не ідзе. Думкі мае, як я іх ні ганю, зноў вяртаюцца да Надзі. Прыгадваецца шмат чаго - і добрага і кепскага, што было паміж намі за гэтыя пяць гадоў. Першы сарамлівы позірк. Першы пацалунак. Першая нязгода...
Перад вачыма нечакана паўстае, як жывы, адзін даўні эпізод.
Было гэта, здаецца, на яе першых вакацыях. Я тады працаваў у раённай газеце і на выхадныя прыехаў дадому на рэдакцыйным матацыкле. Помню, стаяў цёплы, сонечны дзень. Лета сама што ўбіралася ў сілу. Усё наўкол квітнела, бушавала - і кветкі, і травы. Навакольныя лясы ажно расколваліся ад птушыных песень. Грэх было сядзець у такую пару дома. Я заехаў да Надзі і прапанаваў махнуць у Сунічны бор - ягад паглядзець, сасновым паветрам падыхаць.
- Ага, якраз. Толькі цябе і чакалі тыя суніцы, - астудзіла яна мяне сваёй насмешліва-іранічнай усмешкай. - Ды іх даўно ўжо, яшчэ зялёнымі, пабралі.
- Ну і што?.. - зніякавеў я. - Мы ж вядро збіраць не будзем. Пакаштаваць толькі...
- Ну і едзь, калі табе так захацелася. А мне ў такую гарачыню трэсціся на тваім матацыкле невялікая ахвота.
Яна ўзяла са стала кніжку і дэманстратыўна пачала чытаць.
- Ну, не хочаш у Сунічны бор, давай куды-небудзь яшчэ... - І раптам, успомніўшы, як швагер расказваў, што ён днямі быў на Далёкай пойме і бачыў жураўліны карагод, абрадавана сказаў Надзі: - Едзем тады глядзець журавоў!
Яна пырснула смехам:
- Ой, не магу!.. Якіх яшчэ журавоў, дзе?
- На Далёкай пойме...
- На Далёкай пойме, - перадражніла яна мяне. - І ты хочаш, каб я паперлася з табою ў гэтае балота? За дзесяць кіламетраў? Ты думаеш, што гаворыш?
- Ну, дапусцім, не дзесяць, а толькі пяць...
- І пасля, каб ты ведаў: журавель занадта асцярожная птушка, яе не так проста ўбачыць.
- А раптам нам пашанцуе?
- Ну што ты за чалавек! - раздражнёна, ужо амаль са злосцю сказала Надзя. - Прыдумае абы-што і яшчэ ўпарціцца...
На Далёкую пойму ў той дзень я ўсё-такі з'ездзіў. Адзін. Хацелася даказаць ёй, што журавы - не мая выдумка, а жывая рэальнасць, і хай, калі ласка, не думае, што я гаварыў абы-што...
Аднак ці то я позна прыехаў (быў якраз поўдзень, самая спякота), ці то не знайшоў таго запаветнага месца, пра якое расказваў швагер, але, праплёхаўшы некалькі гадзін вакол балота (якое чамусьці называлася Далёкаю поймай) і вымакшы амаль па пояс, я так нічога і не ўбачыў.
«Ну і што? Ну і што?! - ледзь не плачучы ад крыўды, даказваў я не то самому сабе, не то ёй. - Усё роўна я знайду іх. Знайду!»
Журавоў я ўбачыў недзе праз тыдзень. Мы паехалі на Далёкую пойму грэбці сена, і калі выносілі яго на сухое, швагер раптам спыніўся, сказаў шэптам:
- Глядзі!..
Метраў за дзвесце ад нас, сярод рэдкіх кустоў, дзве попельна-шэрыя высокія птушкі моўчкі, як бы ў задуменні, стаялі на купіне.
- Журавы-ы...
Аднак разгледзець іх больш уважліва я не паспеў. Нешта напалохала птушак, яны ўзмахнулі крыламі і тут жа схаваліся ў драбналессі. Як мне ні хацелася сказаць аб гэтым Надзі, але крыўда на яе была такой моцнай, што я тады не стаў нічога гаварыць. Сказаў ужо многа пазней, калі аднойчы мы разам з ёю назіралі, як жураўліны клін высока над намі ляцеў у вырай...
Як даўно ўсё гэта было! Можа, цэлая вечнасць. А як усё помніцца - ярка, да драбніц. І ці забудзецца калі наогул?
Ах, Надзя-Надзя...
Здаецца, я так і не зразумеў яе да канца. Дарма кажуць, што каханне дапамагае ўбачыць, спасцігнуць тое, што раўнадушнаму позірку ніколі б не адкрылася. Не дапамагае яно - асляпляе!
Я не вінавачу Надзю, дый не маю, напэўна, права вінаваціць яе ў чым-небудзь. Хоць часам, у адчаі, калі боль і сум становяцца невыноснымі, я праклінаю той міг, калі ўпершыню ўбачыў яе, той дзень, з якога ўсё пачалося. Навошта яна прыехала ў нашу вёску, прыйшла вучыцца ў нашу школу?! Не было б яе - і не ведаў бы я гэтых бясконцых душэўных пакут.
Але калі астываю - думаю інакш. Я не шкадую, што ўсё гэта было. Надзя не пайшла з майго жыцця бясследна. Яна многае, вельмі многае мне дала. Яна назаўсёды пакінула мне свае крынічна-ізумрудныя, з гарэзлівымі іскрынкамі вочы, сваю стрыманую, заўжды такую выразную, шматзначную ўсмешку. Яна першая абудзіла маё сэрца, прачыніла дзверы ў самую дзівосную, самую чароўную таямніцу - каханне. Калі я быў побач з ёю, я забываўся на ўсё. Вакол былі музыка, блакітны туман, незвычайная казка. Я спазнаў найвышэйшую паэзію, самую светлую радасць, якая толькі можа быць на зямлі. Я дакрануўся да цуда. Я быў фантастычна багаты. І гэта багацце, гэты неацэнны скарб застанецца са мной ужо назаўсёды.
А чаго ж мне ўсё-такі шкада? Напэўна, таго, што казка мая так і засталася толькі маёй, што яна часта азмрочвалася прыкрымі крыўдамі, непаразуменнямі, а цяпер вось абарвалася і зусім. І ўсё тое, што ўзялося было, закрасавала ў маёй душы, як дружная рунь на маладым полі, прыйдзецца цяпер бязжаласна глушыць, вырываць з карэннем...