Выбрать главу

Як і належыць прыгодніцка-дэтэктыўнай аповесці, "Дзікае паляванне…" увесь час трымае чытача ў напружанні. Тут ёсць абавязковыя для твораў такога жанру жахлівыя забойствы, небяспечныя пагоні, старыя рукапісы і нават прывіды. Сапраўдны злачынца ў пачатку дзеяння не выклікае асаблівых падазрэнняў, больш таго, нават здаецца сімпатычным, і чытач амаль да канца застаецца ў няведанні, хто ж гэта і дзеля чаго наладжвае "дзікае паляванне".

Аднак "Дзікае паляванне…" успрымаецца не толькі як прыгодніцка-дэтэктыўны твор, што, звычайна, не выклікае асаблівых эмоцый ці разважанняў: прачытаў, разблытаў разам з аўтарам таямнічую гісторыю — і забыў, выкінуў усё з памяці. Аповесць Караткевіча абуджае роздум аб прызначэнні чалавека, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Многія разважанні Андрэя Беларэцкага, крыштальнага гуманіста і нарадалюбца, які пакутліва шукае адказы на пытанні, хто ж ён і якім "багам" павінен "маліцца", здаюцца мне вельмі сучаснымі, актуальнымі і для сённяшняга чалавека. Такім чынам, "Дзікае паляванне караля Стаха" — не толькі дэтэктыў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Дакладней — больш чым дэтэктыў. Многімі сваімі рысамі аповесць набліжаецца да твораў сацыяльна-філасофскіх. Яна не толькі забаўляе сваёй складанай інтрыгай, але і павучае, выхоўвае.

На жаль, як і ў выпадку з раманам "Нельга забыць", аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" не адразу была належным чынам ацэнена тагачаснай крытыкай. Той жа Я. Герцовіч убачыў у ёй і прыхарошванне, ідэалізацыю гісторыі, і элементарнае эпігонства — маўляў, аналагічная сюжэтная схема ўжо выкарыстана ў вядомай аповесці А. Конан Дойла "Сабака Баскервіляў". Аднак ідэалізацыяй лічылася звычайная вернасць напаўлегендарнага караля Стаха Горскага сваёй айчыне і свайму народу, яго непрыняцце ўлады польскага караля. Што ж датычыцца эпігонства, то тут Я. Герцовіч міжвольна ці свядома не прыкмеціў галоўнага — таго, што Караткевіч напоўніў распаўсюджаную сюжэтную схему новым, арыгінальным зместам. Такое выкарыстанне сюжэтаў ці фармальных прыёмаў — звычайная з'ява ў творчым працэсе. Для доказу спашлюся тут на выказванне класіка польскай літаратуры Юльяна Тувіма: "Нечы чужы рытм, мелодыя, вобраз або склад слова па невядомых прычынах пранікае ў памяць паэта, засынае там, спіць доўга, пакуль раптам, невядома чаму, без удзелу волі і творчай свядомасці, прачынаецца, як нешта быццам бы сваё. Толькі той, хто ніколі не падпарадкоўваўся складаным працэсам мастацкай творчасці, можа сказаць, што сходнасць, нават здзіўляючая, двух паэтычных твораў або іх фрагментаў заўсёды "спісана", што гэта плагіят або свядомае перайманне". Словы Юльяна Тувіма пераканальна тлумачаць тую падобнасць, якая несумненна існуе паміж аповесцю Конан Дойла і аповесцю Караткевіча.

Нягледзячы, аднак, на рэцэнзію Я. Герцовіча, а то і наперакор ёй, "Дзікае паляванне…" карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў, якім прыелася прэсная "вытворчая" проза. Асабліва палюбілі аповесць падлеткі. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы (тады гэта рабілася модным), зусім не абазнаныя з ёю. Аповесць рабіла справу сваю куды лепш, чым заклікі.

Поспех "Дзікага палявання караля Стаха" крыху акрыліў Уладзіміра Караткевіча, "спляжанага" забаронай рамана "Нельга забыць", і ён, адкінуўшы ўсё іншае, стаў рыхтаваць да друку раман "Каласы пад сярпом тваім" (пачатак рамана, занатаваў Валодзя ў сваёй запісной кніжцы, прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша). Абвінавачванні Герцовіча і яго аднадумцаў у адрыве ад рэальнасці, у скажэнні гістарычнай праўды прымусілі пісьменніка нанава перагледзець некаторыя дакументы, выкарыстаць дадатковыя архіўныя крыніцы. І Караткевіч стаў угаворваць мяне, каб мы разам паехалі ў Вільнюс, дзе я ўжо не раз працаваў над рукапісамі.

— У выпадку чаго, калі не будзе гатэлю, у мяне там ёсць аднакашнікі па Маскве — Бронюс Мацкявічус, Юозас Мацявічус, Юдзіта Вайчунайце, яшчэ колькі паэтаў. Бронюса я нават выратаваў аднойчы ад смерці — затрымаў за крысо на вышыні дванаццатага паверха… У цябе ж, казаў, там таксама ёсць сваякі. Кісялевічуса знойдзем, — Караткевіч любіў "перарабляць" прозвішчы: я ў яго часта бываў Мальдзісевічам або Адасевічам, літаратуразнавец Мікола Прашковіч — "слаўным сынам літоўскага народа Мікалоюсам Прашкявічусам", а Мікола Грынчык — "містэрам Грынчыгзам". Звычайная скумбрыя ў яго ўрачыста менавалася скумбрыевічам, а густы грыбны суп — супешнікам. І словы пры гэтай гульні набывалі незвычайны, ледзь не магічны сэнс.