Выбрать главу

— Не дай бог, каб гэта пабачыў Мікіта Сяргеевіч, — уздыхнуў Валодзя. — Разнёс бы ўшчэнт — як аднаўленне Тракайскага замка…

Шукаючы Шутовіча, мы зайшлі да яго на кватэру па вуліцы Антакальнё, дзе нас сустрэла яго жонка, літоўская паэтэса і перакладчыца Она Міцюце (яна дзесяць год чакала з турмы рэпрэсіраванага мужа, хоць ёй і прапаноўвалі адмовіцца ад яго). Гаспадара дома не аказалася — паехаў на нейкі засценак. Але затое гаспадыня расказала нам многа цікавага — пра сумесныя даваенныя беларуска-літоўскія вечары, пра свае пераклады вершаў Максіма Танка.

— Пад уплывам Янкі я і сама спрабавала пісаць па-беларуску, — прызналася Она Міцюце. — У акадэмічнай бібліятэцы вы можаце знайсці маю рукапісную п'еску "Чароўная скрыначка", прызначаную для беларускага школьнага тэатра.

У тым жа двухпавярховым доме, што і Шутовіч, жыў таленавіты беларускі мастак Пятро Сергіевіч. Мы не прамінулі аказіі зайсці да яго ў майстэрню. Дзядзька Пятро, як яго называў Караткевіч, аказаўся нездаровы, але, даведаўшыся, што прыйшлі госці з Мінска, хутка падняўся, выйшаў у прадпакой, сардэчна павітаўся і павёў далей. У майстэрні якраз вісела ў рабоце карціна пра Паўлюка Багрыма. Юны паэт стаяў перад высокім начальствам са сшыткам у руках, а на ўсё са страхам пазіралі маці і сястра. У вачах, усёй постаці галоўнага героя былі выклік, дзёрзкасць.

— Якраз такім я ўяўляў яго, калі пісаў свайго "Паўлюка Багрыма", — пахваліў карціну Караткевіч.

Потым Сергіевіч паказаў нам увесь свой запаснік. А таксама дзівосныя карціны Язэпа Драздовіча, амаль невядомага яшчэ ў Мінску. Асабліва ўразіла фантастычнае "Вітанне вясны на Сатурне": сотні зусім аднолькавых незямных істот стаялі ў строгіх шарэнгах і чагосьці чакалі.

— Глядзі ты, прадбачыў! — адрэагаваў Валодзя, думаючы пра нешта сваё.

Ну і вядома ж, мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакументы пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі.

У тую паездку Караткевіч здзівіў мяне сваёй здольнасцю быць натуральным, цікавым і не паўтарацца ў самых разных кампаніях — пісьменнікаў, вучоных, з абслугай у гасцініцах і прадаўшчыцамі ў кніжных магазінах (куплены аднатомнік японца Руноске Акутагава на нейкі час стаў яго настольнай кнігай). Мы хадзілі па старых вулках, узбіраліся на вежу Гедымінаса. Доўга стаялі каля Вострай брамы, Святадухаўскай царквы, у Базыльянскіх мурах ("во дзе была талеранцыя: зусім побач мірна сужылі каталіцкая, праваслаўная і уніяцкая святыні"). Зайшлі "пад галю" — на калгасны рынак, які, мабыць, памятаў Багушэвіча, каб купіць там кветак і ўскласці іх на пліту, устаноўленую на месцы пакарання смерцю Каліноўскага (каля касцёла святога Якуба на Лукішках). Нанеслі колькі візітаў маім сваякам (цётка Жукоўская цярпліва вучыла нас, як з мёду, спірту і спецый варыць стары беларуска-літоўскі крупнік). Хадзілі ў кіно на фільмы "з дрыжыкамі".

Наша прабыванне закончылася даволі камічна. Грошы неяк нечакана зніклі, а пазычаць не дазваляў гонар. І тады праз Мацявічуса Караткевіч дамовіўся, што нам дадуць мінут дваццаць у літаратурным тэлечасопісе. Ледзь не на апошні рубель паабедалі. Валодзя апрануў свой эфектны, блакітны з белым, світэр. Галантна цалаваў ручкі рэжысёркам і дыктарцы. Узнёсла гаварыў, як шукаў у Вільнюсе сляды Каліноўскага. Я ж расказваў пра дружбу нашых літаратур… Вярнуліся мы ў былыя людскія па вуліцы Рашытою, папілі чаю і ўлягліся спаць з ціхай надзеяй, што нашы фінансавыя справы заўтра палепшацца.

— Званіць у бухгалтэрыю будзеш ты, хоць паздароўкаешся па-літоўску.

Але "лабас рытас" нас не ўратавала. На маё пытанне, ці нельга было б атрымаць ганарар за ўчарашняе тэлевыступленне, у трубцы пачулася:

— А вы — савецкія грамадзяне?

— Безумоўна! — узрадаваўся я.

— Тады атрымаеце пераводы ў канцы месяца ва ўстаноўленым парадку. Адразу мы плацім толькі замежным грамадзянам…

Давялося паступіцца сваім гонарам і звярнуцца за субсідыяй да сваякоў.

У наступны свой прыезд у Вільнюс, у канцы лютага і пачатку сакавіка 1966 года, мы былі больш абачлівымі: загадзя дагаварыліся пра пакой у больш дэмакратычнай гасцініцы "Гінтарас", а потым перабраліся на кватэру да майго школьнага сябра Часлава Мекіна на вуліцы Дзуку ("у краіне Дзукіі", "у дзукаў", як паўтараў Валодзя).