Князь Алесь Загорскі выбіраецца адным з кіраўнікой будучага паўстання ў Беларусі далёка невыпадкова. Гэта — адзін з прадстаўнікоў той "масы дваранства", звязанай з польскім вызваленчым рухам, пра якую У. І. Ленін пісаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яна з'яўлялася рэвалюцыйнай. Алесь выйшаў якраз з той мясцовай шляхты, беларускай або апалячанай, якая была незадаволена і сабой, і ўмовамі жыцця ў "турме народаў". Гэтая шляхта разумела ўсю бязглуздасць прыгонніцтва і, наперакор афіцыйным уладам, дабівалася вызвалення сялян. Прыгадаем, з якой палымянасцю выступаюць у пэўны час за адмену прыгонніцтва прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў Загорскіх — стары Вежа, пан Юры і Алесь. Не чакаючы царскага маніфеста, Алесь самастойна вызваляе сваіх сялян на выгадных для іх умовах. І мы ведаем гэтаму гістарычныя паралелі: у першай палавіне XIX стагоддзя адпускалі сялян на волю ў многіх беларускіх маёнтках — напрыклад, Храптовічы ў Шчорсах, Манюшкі ў Смілавічах. Як сведчаць дакументы, у 1850 годзе большасць віцебскага дваранства на сваім сходзе катэгарычна выказалася за адмену прыгонніцтва. За такую ж адмену галасуе большасць удзельнікаў "зборні" магілёўскага дваранства, якая каларытна апісана ў рамане Караткевіча. Намаганні перадавой і адукаванай часткі шляхты заўсёды сустракаліся ў штыкі не толькі царскімі ўладамі, але і кансерватыўна настроенымі прыгоннікамі, якія, як Кроер у рамане, лічылі, што мужык яшчэ не дарос да волі.
Аўтар досыць пераканаўча паказвае, што ў тагачасным грамадстве і, у прыватнасці, у "шляхецкім стане" не было і не магло быць адзінства. Загорскім, Раткевічам у рамане супрацьпастаўлены Кроер, які самавольна парушае звычаёвае права і павялічвае прыгон, супрацьпастаўлены графы Хаданскія, якія здзекуюцца з сялян. І прорва, якая аддзяляе Загорскіх і Раткевічаў ад Кроераў і Хаданскіх, бесперапынна пашыраецца: першыя, пераадольваючы свае каставыя забабоны, перамагаючы ў сабе, як гэта робіць Алесь, "панскі дух", усё больш набліжаюцца да народа, да яго патрэб, другія ж распраўляюцца з кожным праяўленнем свабодалюбства пры дапамозе штыкоў.
Алесь Загорскі належыць да той мясцовай шляхты, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачынала ўсведамляць сваю сапраўдную нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве ён выхоўваўся, у адпаведнасці са старадаўнім прыдняпроўскім звычаем, у сялянскай сям'і Кагутоў, там навучыўся "мужыцкай" гаворцы, а потым, вярнуўшыся ў палац, пасля спрэчак са старым Вежай, сустрэч з Кастусём Каліноўскім усвядоміў, што гэтая говарка з'яўляецца мовай цэлага народа, у якога нават ёсць імя — Белая Русь. З таго часу Алесь становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, абарона якой была ў свой час абаронай дэмакратыі, усяго прагрэсіўнага. Ён пачынае даследаваць мінулае свайго народа, яго мову, пісаць на ёй вершы. Адначасова ў хаце Кагутоў, у часе дзядзькавання, Загорскі вучыўся разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян. Усё гэта ўплывала на фарміраванне рэвалюцыйнай свядомасці ў Алеся, які ў канцы першай кнігі горда заяўляе: "Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася".
Менавіта нарадалюбства зблізіла Загорскага з Кастусём Каліноўскім, прывяло ў нелегальную пецярбургскую арганізацыю "Агул", якая рыхтавала паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі, была цесна звязана з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Той Алесь Загорскі, які паўстае перад чытачом у канцы першай кнігі рамана, — гэта свядомы барацьбіт супраць прыгонніцтва і рускага самаўладства. Аднак ён ніколі не атаясамліваў, як некаторыя яго сучаснікі, рускае самаўладства з рускім народам. Знаёмства з рускай класічнай літаратурай, з "Современником" і "Колоколом", з пецярбургскай і маскоўскай грамадскасцю прывяло яго да вываду, што ёсць Расія тых, каго вешаюць, і Расія тых, хто вешае. Расія сваяка дзекабрыста Ісленьева і Расія жандарскага паручніка Мусатава. Рускія, кажа Алесь у палеміцы з польскім шавіністам Ямантам, "гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад толькі ў іх дрэнны, вось што. Зменім — усё будзе хораша".