"Дарагі Адам!
Даслалі мне твой артыкул. Прачытаў. Выдатна. Думаю, і надалей з тымі "Каласамі" ўсё абыдзецца. Хацелася б гэтага ад усёй душы.
Работу па рэдагаванні канчаю. Сёе-тое скараціў, сёе-тое дапісаў. Пасля сяду за трэці варыянт "Хрыста" і ўсё разам дашлю ў Мінск.
Вось ужо ідзе трэці тыдзень маёй службы. Акрамя сваіх спраў, нічога путнага не зрабіў. Для газеты я яшчэ, пакуль тое, тэра інкогніта. Хіба што здаў пераклад "Здратаваных магіл" у літаратурную старонку. Пераклаў адзін такі мясцовы паэта. Кепскавата пераклаў, ну ды ладна.
Пакуль што тут глухі туман і морась. Імжыць і імжыць. Варта кінуць на тры дні туфлі, як яны зацвітаюць. Прасціны прасыхаюць толькі да раніцы — клімат аж вельмі спрыяльны, асабліва для сухотных. Але днямі абяцаюць мора сонца: пачнецца залатая прыморская восень. Вось тады мы ўжо дамо раскрутку. Былі ў сакратара краёвага, Чарнышова (той раней быў у нас, на Беларусі), і ён паабяцаў нам даць на тыдзень машыну, каб паездзілі па краі, пазнаёміліся. Ну і на флоце, на караблях пабываем, паплаваем.
Шкада, але на Курылах і Камчатцы нам, відаць пабываць не давядзецца.
Ну добра. На пачатку кастрычніка будзем у Мінску, зноў работа, пасля Новага года паедзем, як дамаўляліся, у Вільню, пасядзім у архівах, ды трэба выпускаць з рук хаця трэцюю частку "Каласоў".
А як у цябе? Як пачалася праца, калі пачалася? Як здароўе Мальдзісовай, і Мальдзісяняткі, і мамы? Што новага бачыў? Перадавай прывітанне ўсім як адзін, акадэмшам і акадэмам. Ужо трохі скучыў па Мінску і па ўсіх вас, братове.
У Прымор'е, вядома, трэба ехаць не на дзяржаўны кошт, каб не сядзець па рэдакцыях, а швэндацца па краі. Прывітанне табе ад Рыгора і Генкі.
Твой сябар Уладзімір."
У другім лісце, датаваным 14 верасня, падрабязна расказваецца аб паездцы па Прымор'і, па Усурыйскай тайзе. Сёння ён мае асаблівую цікавасць, бо дазваляе нам меркаваць, пры якіх акалічнасцях нарадзілася задума напісаць аповесць "Чазенія" — ці не самую рамантычную ў Караткевіча:
"Пане шаноўны Адомас!
Адказваю Вам аж на чатыры Вашыя цыдулы: паштоўку і тры лісты. Паштоўку і ліст пераслалі мне толькі што з Рагачова, яны яшчэ з Польшчы (бач, як "судьба играет человеком, а человек играет на трубе"), а астатнія два — нядаўнія.
Ну, польскія навіны, вядома, не вызначаюцца свежасцю, хаця паштоўка па праву зойме сваё месца ў альбоме, а з ліста, як заўсёды разумнага і цікавага, толькі тое, што наведвалі Вестэрплятэ. Ты, пры нагодзе, раскажы пра гэта Брылю. Яму будзе не тое каб прыемна, а цікава…
У рэстараны на чаўне мы не плаваем. Уладзівасток не залівае. Гэта Прыханкайскую і Суйфунскую даліны залівала ўжо два разы, а людзі сядзелі на дахах, чакалі верталётаў і пілі гарэлку. І нам не давалі, так што ніякія мы не мачыляпы і не мачыморды. Гэта вы там у Мінску распусціліся, як цыганскія пугі і як яшчэ нешта, мяркуючы па выразках, а мы тут цацы, лялі і ўвогуле. І хлопцы, каб былі ўдома, то абавязкова перадалі б табе прывітанне, як творча камандзіраваныя…
Мы нядаўна ездзілі па краіне з аператарам. Цераз Арсеньеў-Анучына, цераз перавалы, палохаючы коз, у Цецюхе. А наступнага дня, палазіўшы па сопках (там свінцовы руднік), пакаштаваўшы лімонніку, паперлі на мора, на Цецюхе-прыстань. Скалы, грозныя хвалі, прыліў, пацук, што кінуўся да мяне шукаць паратунку.
З Цецюхе цераз Канцухінскі перавал — на Кавалераўку. Там начавалі, хадзілі на раку Луд'е, я пералазіў яе з апаратурай па бервяне ільма (экзотыка!!!), а аператар купнуўся не па сваёй ахвоце, а Грыц і Генка ўвогуле не палезлі, бо рака, як вір. А за ракой скала Халаза, а пад ёй бурундукі бегаюць і лётаюць блакітныя сарокі.
Адтуль паехалі цераз Малінавы перавал, які перайшлі Венюкоў, Пржэвальскі і Арсеньеў. Глядзелі там са стромы, ля якой тракт на р. Фудзін: кінеш камень — да самай ракі коціцца. Палі на ім ваду (і толькі). Начавалі ў Чугуеўцы. Былі ў музеі Фадзеева, на пасецы, дзе пасечнікам беларус Лось, елі мёд і пілі медавуху, абкружаныя пчоламі. Ішлі тайгой, пераходзілі па дрэвах рэкі, былі на баштане, а вечарам на ўлазінах.
Раніцай я агледзеў Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск ("штурмавыя ночы"), Усурыйск і, цераз Чортаў перавал, на нізіну. Захад такі быў трывожны — д'ябал яго ведае які.
І ўначы прыехалі ва Уладзівасток. Днямі набяру работы на 2 дні, скажу, што на чатыры, і з'езджу ў запаведнік Кедравая Падзь, сплаваю на вос. Пуцяцін, а там і дадому.
Абрыдла ўжо тут да д'ябла. Хочам вырвацца 25-га, але можа быць так, што і не вылезем. Тады 30-га.