Выбрать главу

А што з тваім страўнікам, браце? Ты сцеражыся. А то Герцовічам занадта добра будзе (чытаў бездапаможную дурасць у "Сов. Бел."?). Я плюю, нават рэклама, але матузы могуць насцеражыцца.

Перадай Зайцаву прывітанне, і ўсім хлопцам і дзяўчатам прывітанне. Не кажу нават пра Марыю, а проста, з твойго дазволу, цалую яе. Ссумаваўся — страшэнна.

Твой Уладзімір".

У канцы ліста — малюнак (Караткевіч цудоўна маляваў): дзве стромкія скалы, а на вяршыні адной з іх — маленькая фігурка са стрэлкай. Унізе подпіс: "Я і рэчка Луд'е".

Трэцяе ж пасланне, датаванае 30 верасня, зусім кароткае. Напісана яно на паштоўцы з кветкаю жэньшэня:

"Адась, дарагі!

Трымайся, заўтра мушкецёры выязджаюць у свой набег на стольны беларускі горад. Здзічэлі без жанчын і таму небяспечныя, аж зубамі скрыгочам. Вязем табе васьмінога. Прывітанне Мальдзісісе і Мальдзісянятку. Цалуем.

Твой сябар Уладзімір".

Абяцанага васьмінога, аднак, я не атрымаў: "мушкецёры" з'елі яго, едучы цягніком праз Сібір. Замест яго прывезлі засушаных марскіх зорачак і пеўняў. А яшчэ — новыя вершы. А Караткевіч — падрабязны план "Чазеніі".

З 1965 года, пасля публікацыі "Каласоў…", Уладзіміра Караткевіча часта сталі запрашаць на розныя публічныя і "неафіцыйныя" вечары і сустрэчы. 27 кастрычніка па маёй ініцыятыве ў Інстытуце літаратуры адбылася першая чытацкая канферэнцыя па гэтым рамане. Прыйшлі гісорыкі, філосафы, мастакі. З Крывічоў прыехала Паўліна Мядзёлка, якая называла Валодзю сваім сынам. Хораша выступілі супраць таго, што мы сёння называлі б нацыянальным нігілізмам, гісторык Міхаіл Біч і стары культурны дзеяч, з пецярбургскай "закваскай", Язэп Сушынскі. Яны гаварылі, што беларусы як нацыя яшчэ не пазналі сябе. На іх словы Караткевіч парываў: гэта мы не пазналі свой народ, пакутліва ідзем да яго. Былі і незадаволеныя, насцярожаныя галасы. А філосаф Я. прама назвала ўсё абмеркаванне "гадзючнікам".

19 лістапада 1966 года разам з іншымі пісьменнікамі маладзейшага пакалення — Юркам Голубам, Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц — Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна запрасілі да сябе студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Сцены былі ўпрыгожаны вытрымкамі з Валодзевых вершаў, сімвалічнымі малюнкамі. На сцэне сядзеў "ганаровы прэзідыум": Рыгор Шырма, Язэп Сушынскі, маці Караткевіча Надзея Васільеўна. У першым аддзяленні студэнты чыталі вершы Жылкі, Родзевіча, Барадуліна, Зуёнка, але найбольш Караткевіча (запомнілася "Трызненне мужыцкага Брэйгеля" ў выкананні Сашы Лабанка). Другое аддзяленне пачалося з майго ўступнага слова, дзе я асцярожна, спасылаючыся на класікаў, апраўдваў цікавасць да мінулага, а значыць, і з'яўленне "Каласоў…". Валодзя чытаў больш "змрочнае". Каб разрадзіць атмасферу, Рыгор Барадулін (пачаў ён з сардэчнага звароту да "ганаровага прэзідыума") стаў згадваць дасціпныя вершы, напісаныя ў час мінулагодняй паездкі на Далёкі Усход (памятаецца, слухачак шакіравала фраза: "Глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі").

З вечара ўсе разыходзіліся з прыўзнятым настроем, нібы са свята.

— Аказваецца, ёсць у нас моладзь! — радаваўся Караткевіч. Пасля вечара ён спяшаўся на вакзал, каб сустрэць акцёра Льва Дурава, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". — Значыць, стары, варта нам жыць і варта пісаць.

Аднак такія вечары тады здараліся не часта. Ды і арганізатараў іх потым чакалі розныя спагнанні. Таму ў тыя, застойныя, часы літаратурнае жыццё ў многім засяроджвалася на прыватных кватэрах — у Караткевіча, Барадуліна, Гапавай, Крэнь, у інтэрнацкіх пакойчыках Ліса, Прашковіча. Нярэдка збіраліся ў нас. Карыстаючыся гасціннасцю Валодзі, у яго часта адзначалі дні нараджэння сябры і проста знаёмыя. Так на пачатку 1968 года тэатразнавец Сцяпан Міско, чалавек здольны, але беспардонны, справіў у яго свае "халасцяцкія імяніны". На іх выпадкова прысутнічала і Ларыса Антонаўна Геніюш, якой Караткевіч рэдагаваў паэтычны зборнік "Невадам з Нёмана". Падпіўшы, Міско пачаў кідацца фразамі накшталт:

— Ты добрая дзеўка, Ларыса!

Але гэта не дужа бянтэжыла Ларысу Антонаўну. Куды больш трывожыў яе багемны, "ясенінскі" стыль жыцця, якому паддаўся тады Валодзя. Абараняючыся, ён казаў, што вось няма належнага парадку, належнага настрою…

— Для мяне не існуе слова "няма"! — перапыніла гаспадара паэтэса. — Для мяне існуе слова "будзе"! Такая ж вера павінна быць і ў цябе, Валодзечка.

Ларысу Антонаўну горача падтрымала Надзея Васільеўна. Ёй таксама не падабаліся паводзіны сына, але пратэст яе быў больш інтэлігентна-пасіўны. Адчувалася, што яна прытамілася ў сваім ушчуванні.