Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў "Лермантавым беларускай паэзіі". Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў "анёлкам", Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў, яшчэ нехта. Чыталіся вершы. Караткевіч запяваў і хораша вёў "Ой, косю мой, косю", "Ой, расцвіла ружа", "Ад панядзелка да панядзелка", старыя рэлігійныя гімны. Сваёй непасрэднасцю ўсіх, асабліва жанчын, зачароўваў Барскі: кожнай з іх ён адразу ж гаварыў "коціку" і тут жа дадаваў: "То я ўжо паню кахаю"… Але, калі сур'ёзна, то ў той вечар завязаліся новыя творчыя кантакты, умацаваліся старыя. Толькі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў тры кніжкі Уладзіміра Караткевіча (у тым ліку раман "Нельга забыць", які ў Чэхаславакіі выйшаў асобнай кніжкай намнога раней, чым у Беларусі).
Ну і, вядома ж, як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча — 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі ("беларуска-літоўскі крупнік"). Гасцям раздаваліся "буські", чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы — пляменніца Ляля з мужам Юркам ("сапраўдным казаком"). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася "газетка", згорнутая ў выглядзе папіруса.
Даволі часта збіраліся на кватэры ў Валянціны Ігнатаўны Гапавай, жанчыны, якая добра ведае і тонка адчувае паэзію. У добрым настроі Валодзя параўноўваў яе пакой з салонам княгіні Валконскай. Сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі навук Эльвіра Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч Мартынавы, якія толькі што пераехалі з Украіны, "касмічны" Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў, былы дацэнт Ленінградскага універсітэта, а тады даследчык беларускага Рэнесансу (а яшчэ ён пераклаў на рускую мову "Османа" І. Гундуліча), часам забягаў Сцяпан Гаўрусёў. Мартынаў іграў на фартэпіяна, Караткевіч падпяваў яму розныя арыі, заводзіў "Сядзеў дзед на пячы", "Истопника", "Парамоновну" (па словах Зайцава, у дзвюх апошніх песнях адбіўся лёс цэлага пакалення), маляваў дэманаў. Чыталіся вершы — свае і чужыя (Ясеніна, Цвятаевай, Еўтушэнкі, Вазнясенскага). Зайцаў пераконваў нас, цытуючы Біблію, што Хрыстос быў прышэльцам з космасу, прадстаўніком вышэйшай, чым зямная, цывілізацыі.
— Вячаслаў Кандратавіч, — пакепліваў Валодзя, — ну прызнайцеся нам па шчырасці! Вы — таксама адтуль?
Зайцаў не пярэчыў: яму падабалася выглядаць выключэннем. Былы асабіст, ён абвострана ўспрымаў многія тагачасныя з'явы і пратэставаў супраць іх, часам экстравагантна. Яго лекцыі "Космас і розум" збіралі вялікую аўдыторыю і заканчваліся "аргвывадамі" (асабліва не цярпеў іх тагачасны акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Ц. С. Гарбуноў). Караткевіч адносіўся да Зайцава з цікаўнасцю, але многія яго ідэі не ўхваляў:
— Падумаць толькі: чалавек — вынік чыйгосьці эксперыменту, зборшчык інфармацыі для вышэйшай цывілізацыі… Хоць ты ўзвый на месяц, стаўшы ракам!
А калі Зайцаў прывёз у Мінск сваю жонку, чэхістку Наталлю Ашкназі (удваіх яны зладжана спявалі сербскія, македонскія, чэшскія песні), Валодзя, прыглядаючыся да яе каўказска-ўсходняга аблічча, дапытваўся:
— Прызнайцеся, Наталі, вы часам не мурсіяначка? Бо ў зямлянак такіх чорных да сінечы валасоў не бывае.
Потым, калі Вячаслава Кандратавіча за яго крайнія погляды (ён сцвярджаў, што ў Брэжнева ўсяліўся дэман, які раней знаходзіўся ў Мао, што жанчыны не павінны нараджаць, пастаўляючы ваеннаму молаху гарматнае мяса) звольнілі з работы, Караткевіч і Гапава спачувалі яму, часам падкормлівалі. Але "касмічныя" ідэі Зайцава (дарэчы, выкладзеныя ім у фільме Дзёнікена "Успаміны аб будучым") па-ранейшаму выклікалі ў іх іранічную ўсмешку.
На вечарах у Валянціны Ігнатаўны Караткевіч часта разважаў аб законах мастацкай творчасці, называў і цытаваў сваіх літаратурных куміраў.
— Верш у мяне пачынаецца з думкі, — казаў ён. — Потым узнікае фраза — з сярэдзіны, з канца. А ўсё астатняе падганяецца пад яе.
Іншы раз, адказваючы на пытанне, якому памеру верша ён аддае перавагу, Валодзя канкрэтызаваў папярэдняе выказванне: